Колькасьць украінскіх уцекачоў, якія прыбылі ў Эўропу пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня, дасягнула 10 млн чалавек. Пра гэта заявіў камісар Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях унутранага рынку Цьеры Брэтон у інтэрвію францускай радыёстанцыі Sud Radio.
Брэтон заявіў, што найбольш актыўна ўцекачоў прымаюць Польшча, Вугоршчына і Чэхія. У Чэхіі, з словаў Брэтона, колькасьць мігрантаў з Украіны складае 440 тысяч чалавек — гэта 4% ад насельніцтва краіны. Як паведамляе «Настоящее время», эўракамісар падкрэсьліў, што гэтае пытаньне датычыцца ўсёй Эўропы: «Гэта праблема, якая закранае ўсіх нас, яна закранае нас на поўдні Эўропы, яна закранае нас на ўсходзе».
Раней стала вядома, што Эўракамісія зьбіраецца падоўжыць дзеяньне мэханізму наданьня часовай абароны людзям, якія ратуюцца ад расейскай агрэсіі супраць Украіны, з 4 сакавіка 2024 году па 3 сакавіка 2025 году. Як падкрэсьліваецца ў паведамленьні Эўракамісарыяту, гэта забясьпечыць падтрымку больш як чатыром мільёнам чалавек, якія карыстаюцца абаронай Эўразьвязу.
Мэханізм часовай абароны для ўкраінскіх уцекачоў уступіў у сілу 4 сакавіка 2022 г. і аўтаматычна быў падоўжаны на год. Згодна зь ім людзі, якія ратуюцца ад вайны, маюць правы на ўсе даброты ў ЭЗ, а таксама ў Швайцарыі, Нарвэгіі, Ліхтэнштайне і Ісьляндыі. У іх ліку права на жыхарства на тэрыторыі ЭЗ, доступ да рынкаў працы і жыльля, права на атрыманьне адукацыі для дзяцей, а таксама сацыяльную, мэдычную і іншыя віды дапамогі.