Урад Брытаніі паведаміў аб прызнаньні расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй.
Гэтае рашэньне набыло юрыдычную моц з 15 верасьня на падставе адпаведнага рашэньня парлямэнту ад 6 верасьня.
Паводле паведамленьня ўраду, прыналежнасьць да ПВК «Вагнэр» або яе актыўная падтрымка будуць кваліфікавацца як крымінальнае злачынства з пакараньнем у выглядзе пазбаўленьня волі на 14 гадоў.
ПВК «Вагнэр» стала 78-й у пераліку арганізацый, забароненых у Вялікай Брытаніі.
Раней расейскую ПВК «Вагнэр» прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй парлямэнты Літвы і Францыі, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ. У ЗША ПВК «Вагнэр» прызналі злачыннай арганізацыяй і увялі санкцыі супраць зьвязаных зь ёю кампаній.
4 жніўня 2023 году Асіповіцкі райвыканкам зарэгістраваў таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Група Вагнэр» са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў. Адрас юрыдычнай асобы — вёска Цэль Асіповіцкага раёну, дзе знаходзіцца палявы лягер наймітаў ПВК «Вагнэр». Асноўным відам дзейнасьці новай кампаніі заяўленыя «Іншыя віды адукацыі, ня ўключаныя ў іншыя групоўкі». Уласьнікам кампаніі пазначаны грамадзянін Расеі Максім Пятроў.
19 ліпеня Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў у вёсцы Цэль ТАА «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», кіраўніком якога пазначаны Яўгеній Прыгожын. Асноўным відам дзейнасьці таварыства з абмежаванай адказнасьцю са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў заяўлена «Кіраваньне нерухомай маёмасьцю». Адрас рэгістрацыі кампаніі — вёска Цэль, дзе знаходзіцца палявы лягер ПВК «Вагнэра». 100%-ы ўладальнік беларускай кампаніі — расейская фірма «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», у якой гендырэктарам таксама Прыгожын.
- ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Найміты ПВК «Вагнэр» праводзяць трэніроўкі з Узброенымі сіламі Беларусі і іншымі сілавымі структурамі рэжыму Лукашэнкі.
- Уласьнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын разам зь яшчэ 7 прадстаўнікамі гэтай кампаніі загінулі 23 жніўня ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.