Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт супраць Лукашэнкі. Ці зьявіцца ордэр на арышт?


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Эўрапейскі парлямэнт (ЭП) прыняў чарговую рэзалюцыю аб Беларусі. Гэтым разам дакумэнт атрымаўся грунтоўным: ён ахапіў, бадай, усе сфэры, у якіх беларускі рэжым парушае правы чалавека і міжнароднае права.

Сьцісла:

  • ЭП заклікае аказаць падтрымку тым беларусам, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяньня беларускіх дакумэнтаў.
  • Эўразьвяз зь вялікім спазьненьнем пачынае разумець, што нявырашанасьць унутрыпалітычнага крызісу ператварае Беларусь у крыніцу міжнароднай канфліктагеннасьці, дэстабілізатара рэгіянальнай бясьпекі.
  • ЭП заклікаў Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасьць выдачы ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі.
  • Цень абвінавачваньня Лукашэнкі ў крымінальных злачынствах цяпер будзе вісець над любымі магчымымі перамовамі Захаду з афіцыйным Менскам і, зразумела, абцяжарваць іх.

Падобнага кшталту дакумэнты прымаюцца рэгулярна. Папярэдняя рэзалюцыя ЭП адносна Беларусі прымалася ў сакавіку.

Варта зазначыць, што рэзалюцыі ЭП ня маюць абавязковай сілы — толькі рэкамэндацыйны характар. Тым ня менш яны адлюстроўваюць хаду думак, настроі эўрапейскай палітычнай эліты.

Гэтым разам дакумэнт атрымаўся грунтоўным. Здаецца, ён ахапіў усе сфэры, у якіх беларускі рэжым парушае правы чалавека і міжнароднае права. Прыняцьцю рэзалюцыі папярэднічаў выступ у ЭП Сьвятланы Ціханоўскай.

ЭП чарговы раз заклікае вызваліць усіх палітзьняволеных, вітае эўрапейскі выбар дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, лічыць важным яе ўсяляк падтрымліваць Таксама эўрадэпутаты зьвяртаюцца да краін ЭЗ з прапановай спрасьціць беларускім палітычным эмігрантам працэдуру выдачу візаў і дазволаў на жыхарства, а таксама аказаць падтрымку тым беларусам, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяньня беларускіх дакумэнтаў. Апошняе цяпер асабліва актуальна.

ЭП заклікае інстытуты ЭЗ і дзяржавы-члены вывучыць магчымасьць дазволіць прадстаўнікам беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Сьвятланай Ціханоўскай прадстаўляць Беларусь «на двухбаковых і шматбаковых форумах, у прыватнасьці ў рамках палітыкі „Ўсходняга партнэрства“». Калі такая лінія будзе вытрымлівацца, то гэта можа падвысіць міжнародную вагу Аб’яднанага пераходнага кабінэта і, наадварот, зьнізіць вагу афіцыйнага Менску.

У рэзалюцыі адзначаецца, што Беларусь ператвараецца «ў дэ-факта дзяржаву-сатэліт» РФ, і папярэджваецца, што трэба быць гатовымі да фактычнай анэксіі ці акупацыі Расеяй Беларусі. З гэтай нагоды ЭП лічыць, што ЭЗ «павінен распрацаваць агульную стратэгію захаваньня незалежнасьці Беларусі і пераходу Беларусі да дэмакратыі з удзелам міжнародных інстытутаў, такіх як АБСЭ, Рада Эўропы і G7».

Гэта вельмі важны тэзіс. Шкада, што ЭЗ зь вялікім спазьненьнем пачынае разумець: беларускае грамадзтва ва ўмовах дыктатуры сёньня ня ў стане ўплываць на свой лёс; нявырашанасьць унутрыпалітычнага крызісу ператварае Беларусь у крыніцу міжнароднай канфліктагеннасьці, дэстабілізатара рэгіянальнай бясьпекі; без удзелу міжнародных інстытуцый вырашыць беларускі крызіс наўрад ці ўдасца.

Эўрадэпутаты лічаць патрэбным узмацненьне санкцый ЭЗ супраць Беларусі, заклікаюць Міжнародны алімпійскі камітэт і іншыя міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы або любых іншых міжнародных спартовых мерапрыемствах.

І як вішанька на торце: ЭП заклікаў Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасьць выдачы ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі.

Ня першы раз ЭП згадвае гэта пытаньне. 9 студзеня 2023 г. дэпутаты ЭП большасьцю галасоў прынялі рэзалюцыю аб стварэньні спэцыяльнага трыбуналу для прыцягненьня да адказнасьці палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Расеі і Беларусі за агрэсію супраць Украіны. Падобны тэзіс гучаў і ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ад 15 сакавіка гэтага году.

У цяперашняй рэзалюцыі ЭП згадка аб прыцягненьні Лукашэнкі да міжнароднай крымінальнай адказнасьці зафіксавана ў трох пунктах. Па-першае, у пункце 15 рэзалюцыя заклікае да «крымінальнага перасьледу беларускіх службовых асобаў, якія нясуць адказнасьць або саўдзельнічаюць у фальсыфікацыях выбараў, сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека і злачынствах супраць чалавечнасьці». Хоць прозьвішча Лукашэнкі тут ня згадваецца, але маецца на ўвазе.

Па-другое, у пункце 17 рэзалюцыя заклікае Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасьць выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей з акупаваных Расеяй земляў Украіны. Гаворыцца пра датычнасьць да такіх дзеяньняў менавіта «самога Лукашэнкі». Раней такі ордэр выдалі на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Нарэшце, па-трэцяе, ЭП лічыць (пункт 19), што «спэцыяльны міжнародны трыбунал па расьсьледаваньні агрэсіі, учыненай Расеяй супраць Украіны, павінен валодаць юрысдыкцыяй для расьсьледаваньня ня толькі Пуціна і расейскага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва, але таксама і беларускага кіраўніцтва; таму заклікае інстытуты ЭЗ і дзяржавы-члены прыняць усе неабходныя меры для забесьпячэньня крымінальнага перасьледу беларускіх службовых асобаў, якія зьяўляюцца саўдзельнікамі злачынстваў агрэсіі, ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці і злачынстваў генацыду, учыненых супраць Украіны».

Магчыма, нехта скажа, што гэтая рэзалюцыя ні на што не ўплывае і для Лукашэнкі яна як камарыны ўкус. Аднак, як бы тое ні было, але пагроза міжнароднага крымінальнага перасьледу, нават у выглядзе пужалкі, гэта дадатковая соль на душэўныя раны.

Акрамя таго, такія закіды маюць непасрэдныя палітычныя наступствы. Абвінавачаньне ў ваенных злачынствах, якое выносіць Эўрапарлямэнт, адзін з найважнейшых палітычных інстытутаў Эўразьвязу, гэта таўро, яно ўжо ня зьнікне і нікуды ня дзенецца. Цень гэтага абвінавачаньня цяпер будзе навісаць над любымі магчымымі перамовамі Захаду з афіцыйным Менскам і, зразумела, абцяжарваць іх. У пэўным сэнсе яно спальвае для Лукашэнкі масты на Захад.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG