Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добра, што ёсьць кнігі і ўсеагульная вера» — сваякам даходзяць весткі ад Сьцяпана Латыпава з турмы


Сьцяпан Латыпаў у судзе, 16 жніўня 2021
Сьцяпан Латыпаў у судзе, 16 жніўня 2021

Сябры палітвязьня Сьцяпана Латыпава расказваюць у Інстаграме, што лісты ад яго атрымліваюць бацька і родная цётка.

Ад бацькі і цёткі даходзяць лісты і Сьцяпану. А таксама «зрэдку прабіваюцца паштоўкі і вестачкі ад сяброў і суседзяў зь вялікай затрымкай».

Сябры пішуць, што ў Сьцяпана скончыліся канвэрты і папера, бо пісаў, адказваў, але, «відаць, лісты зьніклі ў віры падзей». Кажуць, што «настрой нармальны настолькі, наколькі ён можа быць там».

Сьцяпан малюе, «калі ёсьць на чым», шмат чытае — прачытаў Оскара Ўайлда, Джэка Лёндана, О.Генры.

«Скончылася сушаная маліна, пакуначак якой прывёз з „Валадаркі“, як талісман — 55 ягадак! Калі піць раз на тыдзень, то павінна было хапіць на год! Не хапіла. Кінуў у гарбату барбарыс, лядзяш, і калі разжаваць ягадку то, пахрумкваючы костачкамі, можна пераканаць сябе, што ў гарбаце цэлая лыжка малінаў».

Сябры перадаюць усім «велізарнае прывітаньне ад Сьцяпана» і цытуюць радкі зь ягонага ліста: «Добра, што ёсьць кнігі і ўсеагульная вера».

  • Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня 2020 году каля муралу «дыджэяў перамен» за тое, што ён прасіў незнаёмцаў, якія хацелі зьнішчыць выяву дыджэяў, прадставіцца. Пры затрыманьні яго зьбілі, у СІЗА падоўгу катавалі ў «прэс-хаце». На судзе ён спрабаваў зьдзейсьніць суіцыд, уторкнуўшы востры прадмет у горла.
  • Судзьдзя Аляксандар Воўк прызнаў Латыпава вінаватым у стварэньні дваровага тэлеграм-чата, майстэрні па вырабе пратэставай сымболікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым ва ўвядзеньні ў зман кліентаў пры аказаньні паслуг па хімічнай абароне расьлін.
  • Сьцяпану далі 8,5 года калёніі. Тэрмін ён адбываў у «Воўчых норах» на Берасьцейшчыне. 15 верасьня 2022 году Сьцяпана Латыпава перавялі на два гады на турэмны рэжым нібыта за злоснае парушэньне рэжыму. Да гэтага Сьцяпан правёў 4 месяцы ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу). Даходзіла інфармацыя, што Латыпаў у ліпені 2022 на знак пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі калёніі № 22 глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ, за што атрымаў 17 сутак у штрафным ізалятары.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG