Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прамое парушэньне Венскай канвэнцыі». Што экспэрты кажуць пра забарону выдаваць беларусам пашпарты ў консульствах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабода абмеркавала зь юрыстамі наступствы забароны на выдачу беларускіх пашпартоў замежнымі консульствамі.

Указ Лукашэнкі ад 4 верасьня абмяжоўвае паўнамоцтвы дыпляматычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой. Там прапісана мера, паводле якой пашпарты маюць выдаваць не дыпляматычныя прадстаўніцтвы, а органы МУС па месцы рэгістрацыі. Указ пакуль не набыў моцы, і консульствы ўсё яшчэ запісваюць на прыём для замены пашпарта. Там паведамляюць, што самі чакаюць дадатковых тлумачэньняў зь Менску.

Як вынікае з указу, выдаваць пашпарты сэрыі PP (для тых, хто мае сталы дазвол на жыхарства ў замежных краінах) консульствы змогуць.

«Беларусаў пазбавілі значнай часткі правоў»

Свабода пагаварыла з былым супрацоўнікам беларускага МЗС, які мае досьвед працы ў консульствах — як у эўрапейскіх краінах, так і на Ўсходзе.

«Людзі, якія ня маюць пашпарта PP, па заканадаўстве краін, дзе яны пражываюць, могуць мець і грамадзянства гэтай краіны, і сталы дазвол на жыхарства, і часовы дазвол на жыхарства. Пры гэтым яны могуць мець і беларускі пашпарт. Такім чынам, новыя нормы ахопліваюць шырокае кола людзей, якія жывуць за межамі Беларусі», — кажа былы дыплямат.

Таксама дыплямат зьвяртае ўвагу, што новыя зьмены закрануць і маёмасьць беларусаў, якія жывуць за мяжой. Бо людзі ня змогуць аформіць даверанасьць па-за межамі Беларусі.

«Ідзе гаворка, што будуць прымаць даверанасьці, завераныя ў Беларусі. У грамадзян, у якіх няма магчымасьці прыехаць, фактычна няма магчымасьці атрымаць такую даверанасьць. Нават для тых дзеяньняў, якія не патрабавалі даверанасьці ўвогуле, напрыклад апастыль, цяпер патрабуецца даверанасьць, выдадзеная ў Беларусі», — кажа былы дыплямат.

Такая даверанасьць дае права прадаць кватэру, машыну ці іншую маёмасьць праз пасярэднікаў. Атрымліваецца, працаваць будуць толькі дзейныя даверанасьці, зробленыя ў Беларусі.

Магчымасьць атрымаць даверанасьць пры гэтым захоўваецца за дыпляматычнымі супрацоўнікамі ці іншымі чыноўнікамі. Сьпіс будзе зацьвярджаць Саўмін.

«Адзіная функцыя, якая застаецца за беларускімі дыппрадстаўніцтвамі, — гэта продаж трактароў ці БелАЗаў», — дадае былы дыплямат.

«Беларускія ўлады перастаюць прадстаўляць інтарэсы грамадзян Беларусі за мяжой»

Дарадца Офіса Сьвятланы Ціханоўскай па прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр расказала Свабодзе, што новыя нормы вельмі ўскладняць жыцьцё беларусаў за мяжой.

«Зараз пашпарты будуць выдавацца па месцы рэгістрацыі, то бок у Беларусі. Што тычыцца даверанасьцяў, то па абмежаваным сьпісе адміністрацыйных працэдур спатрэбіцца асабістая прысутнасьць альбо даверанасьць, аформленая ўнутры Беларусі. Тое самае тычыцца натарыяльнага афармленьня і дзяржаўнай рэгістрацыі дамоваў, якія тычацца нерухомасьці і транспартных сродкаў. Гэта вельмі ўскладніць жыцьцё беларусаў за мяжой. Фактычна дзяржава прызнае сваё ўхіленьне ад аказваньня консульскіх паслугаў беларусам за мяжой», — кажа Крысьціна Рыхтэр.

Такім чынам, беларускія ўлады перастаюць прадстаўляць інтарэсы грамадзян Беларусі за мяжой, лічыць юрыстка.

«Рэжым поўнасьцю адмовіўся прадстаўляць інтарэсы беларусаў за мяжой. Гэта прамое парушэньне артыкула 3 Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах, згодна зь якой адной з функцый амбасад зьяўляецца абарона ў дзяржаве, якая прымае, інтарэсаў дзяржавы, якая накіроўвае, і яе грамадзян у межах, дазволеных міжнародным правам. Таксама новы ўказ фактычна адмяняе некаторыя палажэньні Гааскай канвэнцыі, якая касуе патрабаваньне легалізацыі замежных афіцыйных дакумэнтаў. У прыватнасьці — што тычыцца легалізацыі даверанасьцяў шляхам прастаўленьня апастыля», — кажа Крысьціна Рыхтэр.

«Яшчэ адзін рэпрэсіўны мэханізм рэжыму Лукашэнкі»

Намесьнік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Валер Кавалеўскі выказаў агульную пазыцыю Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў сувязі з указам № 278, які можа пазбавіць беларусаў магчымасьці атрымліваць і абменьваць пашпарты Рэспублікі Беларусь па-за межамі краіны:

«Гэта яшчэ адзін рэпрэсіўны мэханізм з боку рэжыму Лукашэнкі, які робіць праект нацыянальнага пашпарта новай Беларусі яшчэ больш актуальным для ўсіх беларусаў. Відавочна, што злачынны рэжым адмаўляецца выконваць свае базавыя абавязкі перад грамадзянамі Беларусі, ператвараючы звычайныя дзяржаўныя функцыі ў элемэнт ціску і рэпрэсій. Гэта чарговы крок у пошуку „ворагаў“, парушэньне фундамэнтальных правоў грамадзян і людзей, які яшчэ раз дэманструе ўсім антынародную сутнасьць рэжыму ўзурпатара».

Згадаў Кавалеўскі і «пашпарт новай Беларусі».

«Нацыянальны пашпарт новай Беларусі — гэта ня толькі тактычнае вырашэньне праблемы беларусаў замежжа, але стратэгічны праект для ўсіх беларусаў, як за мяжою, так і ўнутры краіны. Такім чынам мы ня проста вырашым практычнае пытаньне дня сёньняшняга, але і замацуем беларускую нацыю як суб’ект, мы будзем абʼяднаныя праз гэты дакумэнт, дзе б мы ні знаходзіліся».

Якія існуюць альтэрнатывы беларускаму пашпарту

Зусім безь беларускага пашпарта пражыць за мяжой можна. У некаторых эўрапейскіх краінах для ўладальнікаў дазволаў на жыхарства існуе альтэрнатыва.

Жэнэўскі пашпарт

Калі чалавек падаецца на міжнародную абарону, гэта значыць атрымлівае статус уцекача, ён можа атрымаць дакумэнт, прадугледжаны Жэнэўскай канвэнцыяй. Такі дакумэнт дае міжнародную абарону і дазваляе падарожнічаць бязь дзейнага пашпарта якой-кольвек краіны, у тым ліку Беларусі.

Пачаць працэдуру атрыманьня статусу ўцекача можна, зьвярнуўшыся ў паліцыю краіны, дзе знаходзіцца эмігрант.

Трэвэл-пашпарт

Такі варыянт існуе ў Літве і Польшчы. Пры наяўнасьці дазволу на жыхарства, сталага або часовага, можна атрымаць трэвэл-дакумэнт — своеасаблівую альтэрнатыву пашпарту, зь ім можна падарожнічаць. Трэвэл-пашпарт дзейнічае столькі ж, колькі і дазвол на жыхарства. Працэдура атрыманьня трэвэл-дакумэнтаў адрозьніваецца ў розных краінах. У Літве яна можа займаць некалькі тыдняў. У Польшчы беларусаў вызвалілі ад платы за гэты дакумэнт.

Трэвэл-пашпарты выдаюць тыя ж органы, што і дазволы на жыхарства. Варта памятаць, што трэвэл-пашпарт не прыраўноўваецца да пашпарта грамадзяніна, ён дазваляе толькі перамяшчацца за межы краіны, якая яго выдала.

«Пашпарт новай Беларусі» — пад пытаньнем

Нядаўна беларускія дэмакратычныя сілы прэзэнтавалі праект так званага пашпарта «новай Беларусі» — дакумэнта, альтэрнатыўнага афіцыйнаму беларускаму пашпарту. Пакуль гэта толькі ідэя; як ён будзе дзейнічаць і ці зможа замяніць беларускі пашпарт, незразумела. Па словах юрыстаў, асноўная праблема «пашпарта новай Беларусі» — міжнароднае прызнаньне. Дакумэнт павінен атрымаць міжнародны код, іначай ім немагчыма будзе карыстацца на межах краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG