Прэзыдэнт ПАР: расьсьледаваньне не даказала паставак зброі ў Расею

Сырыл Рамафоса
Сырыл Рамафоса

Раней Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку падазравалі ў вайсковай дапамозе Маскве.

Прэзыдэнт ПАР Сырыл Рамафоса заявіў, што незалежнае расьсьледаваньне не знайшло доказаў таго, што ў канцы мінулага году расейскае судна забрала з краіны партыю зброі, паведамляе Reuters.

«Камісія прыйшла да высновы, што няма ніякіх доказаў, якія пацьвярджаюць сьцьвярджэньне аб тым, што судна перавозіла зброю з ПАР, прызначаную для Расеі, — сказаў Рамафоса. — Дазвол на экспарт зброі не выдаваўся, і зброя не экспартавалася».

У траўні пасол ЗША ў ПАР Рубэн Брыгеці заявіў, што расейскае грузавое судна Lady R у сьнежні летась нібыта загрузіла зброю і боепрыпасы на вайскова-марской базе паблізу Кейптаўна. Улады ПАР адхілілі гэтыя заявы і распачалі незалежнае расьсьледаваньне, якім кіраваў судзьдзя ў адстаўцы.

Як заявіў Рамафоса, судна прычаліла да базы, каб даставіць абсталяваньне, заказанае ў 2018 годзе паўднёваафрыканскай кампаніяй Armscor для Сіл нацыянальнай абароны ПАР.

Паводле прэзыдэнта, ён ня можа раскрыць падрабязнасьцяў, паколькі гэта можа паставіць пад пагрозу ваенныя апэрацыі і жыцьці паўднёваафрыканскіх жаўнераў.

Рамафоса таксама заявіў, што абвінавачаньні кепскім чынам адбіліся на эканоміцы ПАР і яе становішчы ў сьвеце.

«Ніводная з заяваў аб пастаўках зброі ў Расею не была пацьверджаная. Ніхто з тых, хто выстаўляў гэтыя абвінавачаньні, ня здолеў прадставіць ніякіх доказаў у падтрымку абвінавачаньняў, выстаўленых супраць нашай краіны».

Раней у ПАР правялі саміт БРІКС, куды не прыляцеў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Яго папярэдзілі, што ў выпадку яго прыбыцьця ПАР будзе вымушаная арыштаваць яго проста ў Ёганэсбургу і аддаць пад міжнародны суд паводле ордэру, выдадзенага па падазрэньні ў выкраданьні дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.

​
XS
SM
MD
LG