Камісія пастанавіла, што гэтыя адвакаты ня могуць выконваць свае прафэсійныя абавязкі «ў сувязі з прымяненьнем да іх тэрытарыяльнымі калегіямі адвакатаў дысцыплінарных спагнаньняў у выглядзе выключэньня з калегій за ўчыненьне правінаў, несумяшчальных са званьнем адваката».
Алена Халупка ў 2020 годзе была абаронцай мінімум на пяці судах у справах аб палітычна матываваных адлічэньнях з ВНУ.
На наступны пасьля гэтага дзень Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Хто выйшаў з парушэньнем закону на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу».
Сыстэматычны ціск на адвакатуру пачаўся пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Інстытут заканадаўства фактычна пазбавіўся незалежнага ад дзяржавы статусу: з 2021 года адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненьні з міністэрствам. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.
Супраць шэрагу адвакатаў былі заведзеныя крымінальныя справы з палітычных матываў, іх асудзілі, асобных зь іх прызналі палітвязьнямі. Іншыя пад пагрозай перасьледу былі вымушаны пакінуць Беларусь.
Раней Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем" і «дзейнічаць паводле закону, а ня нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабод».