Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У канцы верасьня — новыя вайсковыя вучэньні. На папярэдніх, паводле Reform.by, танк стрэліў па кадэцкай вучэльні


Вучэньні ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота.
Вучэньні ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота.

У канцы верасьня пройдуць комплексныя вучэньні беларускай арміі, паведаміў начальнік дэпартамэнта міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны Валер Равенка.

«Верасень стане насычаным месяцам баявой падрыхтоўкі. Напачатку месяца пройдуць сумесныя вучэньні АДКБ „Баявое братэрства“, а завершыцца месяц комплексным вучэньнем Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, аб якім раней былі апавешчаныя дзяржавы — удзельніцы АБСЭ ў рамках Венскага дакумэнта 2011 года», — напісаў памочнік міністра.

З 1 па 6 верасьня на тэрыторыі Беларусі адбудзецца апэратыўна-стратэгічны комплекс вучэньняў Калектыўных сілаў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) «Баявое братэрства — 2023».

24 жніўня прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што падчас вучэньняў «Баявое братэрства — 2023» будуць задзейнічаныя «палігоны і ўчасткі мясцовасьці Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай вобласьцяў».

Тым часам выданьне Reform.by паведамляе, што ў першай палове жніўня ў 30 км ад Горадні ў аграгарадку Парэчча танк падчас вучэньняў стрэліў у бок населенага пункта і трапіў у будынак Горадзенскай абласной кадэцкай вучэльні. Па шчасьлівай выпадковасьці ніхто не пацярпеў.

Паводле Reform.by, баявая машына ўдзельнічала ў вучэньнях побач з Госкім палігонам. Па невядомай прычыне экіпаж танку задраў ствол і стрэліў. Снарад трапіў у пляц кадэцкай вучэльні, адрыкашэціў і разбурыў сьцяну суседняга будынку. Вайскоўцы апэратыўна адрамантавалі будынак. У першай палове жніўня на Госкім палігоне і ўчастках мясцовасьці ў Горадзенскай вобласьці праходзіла камандна-штабное вучэньне з 6-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадай, якое ўключала этап з баявой стральбой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG