У Менску прайшло паседжаньне ЦВК Беларусі. Кіраўнік камісіі Ігар Карпенка адзначыў, што ў наступнай выбарчай кампаніі ў якасьці сяброў камісій будзе ўдзельнічаць каля 70 тысяч чалавек.
Паводле Карпенкі, якое цытуе БелТА, імёны арганізатараў выбараў даведацца выбарнік зможа, але адзіных сьпісаў не будзе.
«У адпаведнасьці з заканадаўствам аб абароне пэрсанальных зьвестак мы ня будзем ствараць глябальныя сьпісы. Раней інфармацыя аб усіх гэтых грамадзянах, якія працуюць на грамадзкіх пачатках, выкладалася ў агульны доступ, і гэта станавілася глебай для арганізацыі рознага роду булінгу, пагроз і іншага.
Цяпер гэтага ня будзе, у заканадаўства адпаведная норма закладзена. Але гэта ня значыць, што людзі будуць безназоўнымі: прыйшоўшы да сябе на выбарчы ўчастак, вы ўбачыце там чальцоў выбарчай камісіі з адпаведнымі бэйджамі. Але друкаваць сьпісы ў тым аб’ёме, які потым за мяжой стане абʼектам вывучэньня і веерных рассылак праз інтэрнэт і тэлефонных званкоў, — гэтага ня будзе», — сказаў Ігар Карпенка.
Наступныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы ўлады заплянавалі на 2024 год ў рамках адзінага дня галасаваньня.