Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Масквой зьбілі два бесьпілётнікі. Тры аэрапорты зноў былі закрытыя


Знак у Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Знак у Расеі. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што ў аўторак уночы былі зьбітыя чатыры ўдарныя бесьпілётнікі: два ў памежнай з Украінай Бранскай вобласьці і два пад Масквой. Аб пацярпелых не паведамляецца.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін пведаміў, што бесьпілётнікі былі зьбітыя на захад ад Масквы — адзін у раёне Краснагорску, другі недалёка ад пасёлку Часцы. На месцы здарэньняў выехалі спэцслужбы, напісаў ён у тэлеграм-канале.

Губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў паведаміў, што ў Краснагорску выбухной хваляй пасьля зьнішчэньня бесьпілётніка сродкамі СПА выбіта шкло ў шматпавярховым доме, пашкоджаны прыпаркаваныя аўтамабілі.

«Пацярпелых сярод жыхароў няма, узгараньня таксама няма», — сказаў кіраўнік рэгіёну.

Краснагорск прылягае да заходняй ускраіны Масквы, пасёлак Часцы разьмешчаны за 30 кілямэтраў на паўднёвы захад ад расейскай сталіцы.

Маскоўскія аэрапорты Ўнукава, Дамадзедава і Шарамецьцева зноў прыпынялі працу. Затрымалі 31 рэйс.

Напярэдадні з прычыны атакі бесьпілётнікаў на Маскву на запасныя аэрадромы перанакіравалі або затрымалі больш як 90 пасажырскіх рэйсаў. 21 жніўня У Маскве праз атаку дронамі спынялі працу чатыры аэрапорты: «Унукава», «Дамадзедава», «Жукоўскі» і «Шарамецьцева».

Паводле Міністэрства абароны Расеі, раніцай 21 жніўня адбыліся дзьве атакі бесьпілётнікамі.

Напады дронаў на Маскву адбываюцца ўжо некалькі начэй запар. Расея нязьменна абвінавачвае ў іх Украіну, Кіеў афіцыйна гэтых падзей не камэнтуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG