Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бессэнсоўная, але непазьбежная спрэчка. Чаму настаў час дамовіцца, што ВКЛ — агульная спадчына


Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларусамі ў Вільні, Літва, 9 жніўня 2023
Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларусамі ў Вільні, Літва, 9 жніўня 2023

Нядаўна Сьвятлана Ціханоўская апублікавала раптоўную і, як падалося, трохі нэрвовую заяву пра адсутнасьць у беларусаў тэрытарыяльных прэтэнзій да Літоўскай Рэспублікі.

Праўда, дыскусія на гэтую тэму пасьля заявы Ціханоўскай як быццам толькі распачалася і разгараецца ўсё актыўней.

Хронікі бессэнсоўнай спрэчкі

Бессэнсоўная, але непазьбежная спрэчка за збольшага нематэрыяльную гістарычную спадчыну ВКЛ між беларусамі і літоўцамі на ўзроўні гісторыкаў разгарэлася ў раньнія 90-я, але імгненна скончылася пасьля ўсталяваньня лукашэнкаўскага рэжыму.

Дзяржаўнай ідэалёгіяй лукашэнкаўскай Беларусі і крыніцай яе афіцыйнай гістарычнай ідэнтычнасьці стала сумесь савецкіх і расейскіх каляніяльных наратываў, дзе Вялікае Княства Літоўскае па змоўчаньні выступала як эпоха, калі беларусы-ў-сучасным-сэнсе нібыта пакутавалі пад прыгнётам літоўцаў-у-сучасным-сэнсе і чакалі вызваленьня з боку матухны-Расеі. Што, будзьма шчырыя, добра рыфмуецца з традыцыйным нацыяналістычным гістарычным наратывам у Літоўскай Рэспубліцы.

Мінула трыццаць гадоў, і беларусацэнтрычны погляд на беларускую гісторыю — і ў тым ліку Вялікае Княства Літоўскае — усё ж сфармаваўся, прынамсі, як сума асобных фактаў і тэзісаў. У нейкі момант ён нават пачаў у вульгарнай і павярхоўнай форме кропкава пранікаць у лукашэнкаўскую афіцыйную ідэалёгію.

Нарэшце, падзеі 2020 году, з аднаго боку, прывялі да рэзкага росту нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў (а значыць, і цікавасьці да ВКЛ); з другога — выштурхнулі некалькі дзясяткаў тысяч палітычна актыўных беларусаў у Літоўскую Рэспубліку; а з трэцяга — штурхнулі лукашэнкаўскі рэжым у бок Расеі і расейскай імпэрскай ідэалёгіі ў яшчэ большай ступені, чым гэта было раней.

Такое ўражаньне, што ўсё гэта ўпершыню сутыкнула некаторых палітыкаў Літоўскай Рэспублікі з тым, што, аказваецца, бывае магчымым і беларусацэнтрычны погляд на нашую агульную гісторыю. Іхнай першай публічнай рэакцыяй сталіся трывога і рэўнасьць. Што зноў-такі бессэнсоўна, але непазьбежна.

Дыскусія пра ВКЛ як тэст для Аб’яднанага кабінэту

У беларусаў ёсьць выбар, як сябе паводзіць у гэтай сытуацыі. Можна запярэчыць відавочна прыніжальным заявам Лаўрынаса Кашчунаса, дэпутата Сейму Літоўскай Рэспублікі; «прыняць бой» і аргумэнтаваць сваю пазыцыю. Альбо можна, як звычайна, заняць позу страўса і паспрабаваць адкласьці гэтую важную дыскусію зноў на няпэўны час.

На карысьць другога варыянту ёсьць шмат аргумэнтаў. І сярод іх, скажам шчыра, залежнасьць беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці ад Літоўскай Рэспублікі, што перашкаджае многім уголас дыскутаваць зь літоўцамі па тэме ВКЛ. Больш за тое, назіраючы за гэткімі дыскусіямі ў інтэрнэце, часам ствараецца ўражаньне, што найбольшыя абаронцы гонару нашых суседзяў ў такіх спрэчках — гэта акурат добраахвотныя памочнікі з шэрагаў беларусаў (што само па сабе вельмі па-беларуску).

На самой справе гэта важны тэст незалежнасьці для нашых незалежных палітычных структураў. Ці хапіла б ім духу і здольнасьці, жывучы ў Вільні, дыпляматычна і аргумэнтавана запярэчыць мясцовым нацыяналістам па тэме, важнай з пункту гледжаньня беларускай самапавагі? Ці, па аналёгіі, хапіла б духу і здольнасьці, жывучы ў Варшаве, дыпляматычна і пераканаўча пратэставаць супраць ушанаваньня Рамуальда Райса (кіраўнік польскага партызанскага атраду, які ў 1946 годзе спаліў некалькі беларускіх вёсак на Падляшшы) польскімі нацыяналістамі?

Трэба дамаўляцца

Па факце Вялікае Княства Літоўскае як залаты век беларускай дзяржаўнасьці ўжо сто гадоў як сталася фундамэнтам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Прапановы некаторых нацыяналістаў зь Літоўскай Рэспублікі адкаціць гэты працэс назад заведама абсурдныя і, па шчырасьці, абразьлівыя.

Спадчына Вялікага Княства Літоўскага зьяўляецца неад’емнай спадчынай беларусаў як мінімум гэтак сама, як спадчына Бізантыі зьяўляецца спадчынай грэкаў. Хоць Бізантыя не была заснаваная грэкамі, а колішні Канстантынопаль цяпер знаходзіцца ў складзе іншай дзяржавы.

Атаесамляць сучасных літоўцаў з гістарычнымі літвінамі, а сучасных беларусаў з гістарычнымі русінамі — недаравальнае спрашчэньне, зважаючы на перапляценьне балцкай, усходнеславянскай і заходнеславянскай культураў у нашым рэгіёне, і перадусім у Беларусі і на Віленшчыне.

Вядома, што беларусам варта свае інтуітыўныя прэтэнзіі на спадчыну ВКЛ фармуляваць ня ў выглядзе бязглуздых у XXI стагодзьдзі тэрытарыяльных прэтэнзій і ня ў выглядзе абразаў. Вядома, трэба самім дыстанцыявацца ад асобных беларускіх фэйсбучных фрыкаў, палітычных радыкалаў, правакатараў і аўтараў бульварнай псэўдагістарычнай літаратуры, якія сваёй дзейнасьцю толькі дыскрэдытуюць ідэю разглядаць ВКЛ як у тым ліку беларускую дзяржаву.

І ў любым выпадку трэба дамаўляцца.

Тэма суіснаваньня беларускага і літоўскага поглядаў на нашую агульную гісторыю не прагавораная, а нейкі кампраміс і ўзаемапаразуменьне (сыходзьма з таго, што яны магчымыя) не аформленыя і не папулярызаваныя. Беларусы ніколі ня мелі сілаў на раўнапраўную дыскусію, а літоўцы — патрэбы ў гэтай дыскусіі. Але даўно відавочна, што рана ці позна гэтая размова павінна адбыцца.

Таму вось вам яшчэ адна ідэя для праекту Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сфэры нацыянальнага адраджэньня: «мірная канфэрэнцыя» між гісторыкамі і палітыкамі зь Беларусі і Літоўскай Рэспублікі. Каб ужо дамовіцца, нарэшце, «чыя Вільня» і ў якім сэнсе «чыя».

Супольная спадчына павінна аб’ядноўваць, а не падзяляць

Тэрыторыя гістарычнай старажытнай Літвы — абшар паміж Трокамі і Іўем — падзеленая між сучаснымі Беларусьсю і Літоўскай Рэспублікай амаль пароўну.

І нашчадкі славянізаваных балтаў па беларускі бок мяжы, якія цяпер ідэнтыфікуюць сябе беларусамі, не зьяўляюцца якімісь «другаснымі» літвінамі адносна сваіх пабрацімаў па той бок мяжы зь Літоўскай Рэспублікай, хай тыя і захавалі балцкія дыялекты, аформленыя ў XIX стагодзьдзі ў сучасную літаратурную літоўскую мову.

Вялікае Княства Літоўскае зьяўляецца паўнапраўнай спадчынай трох сучасных этнічных супольнасьцяў: беларусаў, літоўцаў і, між іншым, палякаў памежжа Беларусі і Літоўскай Рэспублікі, большасьць зь якіх не зьяўляюцца нашчадкамі мігрантаў з тэрыторыі Польшчы, але зьяўляюцца нашчадкамі аўтахтонных мясцовых балтаў, якія, так склаўся лёс, у XIX стагодзьдзі апынуліся ў гравітацыйным полі польскага нацыянальнага праекту, а не беларускага ці ковенска-літоўскага. Калі мы ўзгадаем стасункі палякаў і літоўцаў у першай палове XX стагодзьдзя, пазыцыю «краёўцаў», Рэспубліку Сярэдняй Літвы і Люцыяна Жалігоўскага, робіцца зразумелым, што цяперашняя спрэчка — ня першая «вайна» за літоўскую спадчыну.

Але, урэшце, гэткі «трыюмвірат» спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага — гэта натуральна і нармальна. Гэта толькі падкрэсьлівае прыгожую самабытнасьць нашага рэгіёну і нашае супольнае гістарычнае і культурнае багацьце.

Спадчына Вялікага Княства Літоўскага павінна яднаць беларусаў, літоўцаў і палякаў, а не падзяляць іх.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG