Лінкі ўнівэрсальнага доступу

300 легкавікоў за 24 гадзіны. Разьбіраемся, што за памежныя пункты Літва закрыла на мяжы зь Беларусьсю. МАПА


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Урад Літвы вырашыў закрыць зь пятніцы 18 жніўня памежныя пераходы «Шумск» («Лоша» зь беларускага боку) і «Цьверач» (зь беларускага боку – «Відзы»).

З 18 жніўня Літва закрыла на мяжы зь Беларусьсю два памежныя пункты. Гэта адказ на магчымыя пагрозы з боку наймітаў ПВК «Вагнэр».

Пры гэтым працягнуць працаваць у звычайным рэжыме чатыры пераходы: Меднікі — Каменны Лог, Лаварышкі — Катлоўка, Райгорад — Прывалка і Салечнікі — Беняконі.

У пастанове, падрыхтаванай Міністэрствам транспарту Літвы, гаворыцца, што транспартны паток будзе накіраваны на памежны пункт у Медніках, самы вялікі і найлепш тэхнічна аснашчаны.

Што гэта за пункты

Відзы — Цьверач (Tverėčius)

Праезд даступны для легкавікоў і пустога грузавога транспарту, мяжу можна перайсьці пешшу ці пераехаць на ровары. Пункт пропуску знаходзіцца ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці.

17 жніўня, за дзень да закрыцьця мяжы, на выезьдзе зь Беларусі там стаяла 20 легкавікоў і 20 грузавікоў.

Прапускная здольнасьць памежнага пункту пропуску за 24 гадзіны: 50 легкавікоў, 30 грузавікоў на выезд і 96 на ўезд, згодна з дадзенымі Памежнага камітэту Беларусі.

Лоша — Шумск (Šumskas)

Праезд даступны толькі для легкавікоў, таксама мяжу можна пераехаць на ровары. Пункт пропуску знаходзіцца ў Астравецкім раёне Горадзенскай вобласьці.

На поўдзень 17 жніўня, за дзень да закрыцьця мяжы на гэтым кірунку, зь беларускага боку там стаяла 30 легкавікоў на выезд.

Прапускная здольнасьць пункту – 250 легкавікоў за 24 гадзіны.

Што застаецца

Працягнуць працаваць у звычайным рэжыме чатыры пераходы: Меднікі — Каменны Лог, Лаварышкі — Катлоўка, Райгорад — Прывалка і Салечнікі — Беняконі. Для грузавога чыгуначнага транспарту працуе пункт Гудагай — Кяна (Kena).

Каменны Лог — Меднікі (Medininkai)

Праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары. 17 жніўня апоўдні на гэтым памежным пункце — 90 легкавікоў і 280 грузавікоў на выезд зь Беларусі. Прапускная здольнасьць пункту — 600 легкавікоў і 500 грузавікоў за 24 гадзіны.

Катлоўка — Лаварышкі (Lavoriškės)

Праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары.

17 жніўня на мяжы стаялі на выезд зь Беларусі 50 легкавікоў і 40 грузавікоў. Прапускная здольнасьць пункту за 24 гадзіны — 320 легкавікоў і 250 грузавікоў.

Прывалка — Райгорад (Raigardas)

Праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары.

17 жніўня тут на выезд зь Беларусі стаяла 40 легкавікоў. Прапускная здольнасьць пункту — 250 легкавікоў і 230 грузавікоў за 24 гадзіны.

Беняконі — Салечнікі (Šalčininkai)

Праезд даступны для грузавога і легкавога транспарту, таксама мяжу можна пераехаць на ровары.

17 жніўня на гэтым пункце пропуску на выезд зь Беларусі стаялі 45 легкавікоў і 85 грузавікоў. Прапускная здольнасьць пункту — 390 легкавікоў і 250 грузавікоў за 24 гадзіны.

28 жніўня ў Варшаве пройдзе сустрэча міністраў краін Балтыі і Польшчы, дзе вырашыцца, ці будуць цалкам закрываць мяжу зь Беларусьсю і якія далейшыя крокі трэба рабіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG