Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны прадукт. Як за час кіраваньня Лукашэнкі ў Беларусі зьменшыўся ўраджай бульбы


Аляксандар Лукашэнка зьбірае бульбу. Ілюстрацыйны каляж
Аляксандар Лукашэнка зьбірае бульбу. Ілюстрацыйны каляж

Дзяржаўнае агенцтва БелТА выпусьціла матэрыял пад загалоўкам «Як Лукашэнка зрабіў бульбу нацыянальным прадуктам». Расказваем, чаму гэта ня так.

«Як Лукашэнка зрабіў бульбу нацыянальным прадуктам» — такі матэрыял выпусьціла беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА. Там расказваюць, як шмат бульбы вырошчваюць беларускія гаспадаркі, як гэтую сельскагаспадарчую культуру выводзяць на асабістых палях Лукашэнкі. Мы паглядзелі, ці сапраўды ўсё з бульбай пры Лукашэнку стала так добра.

Ураджай і спажываньне зьменшыліся

У 1994 годзе, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, у Беларусі сабралі 8,2 мільёна тонаў бульбы.

Паводле статыстыкі 2022-га — толькі 3,8 мільёна тонаў. Гэта больш чым удвая менш. У калгасах, то бок фактычна дзяржаўных сельгасарганізацыях, сабралі толькі паўмільёна тонаў.

У 1994 годзе бульбу ў Беларусі зьбіралі на плошчах у 697 тысяч гектараў (гаспадаркі ўсіх катэгорый з улікам хатніх). У мінулым годзе — толькі на 173 тысячах га. То бок пасяўныя плошчы зьменшыліся ў 4 разы.

Спажываньне бульбы за часы кіраваньня Лукашэнкі таксама зьменшылася, хоць і ня так моцна. У 1994 годзе беларусы спажывалі 178 кіляграмаў бульбы на чалавека за год. А ў 2022-м — 160 кг. Розьніца 10%.

Ураджайнасьць і экспарт

У фільме БелТА шмат увагі аддаюць нібыта добрым гатункам бульбы, якія адбіваюцца на ўраджайнасьці культуры. У 2022 годзе ў Беларусі зьбіралі 223 цэнтнэры бульбы з гектара.

І гэта сярэдні паказчык. У аднаго з галоўных сусьветных вытворцаў бульбы, ЗША, ураджайнасьць у сярэднім 490 цэнтнэраў з гектара — удвая больш. Больш ураджайная, чым у Беларусі, бульба ў Нямеччыне (444 цэнтнэры з гектара), Францыі (390 цэнтнэраў з гектара), Вялікай Брытаніі (386 цэнтнэраў з гектара).

Сярод суседзяў вышэйшы, чым у Беларусі, гэты паказчык у Польшчы — 284 цэнтнэры з гектара.

У матэрыяле БелТА таксама расказваюць, што Беларусь пастаўляе бульбу на экспарт у шмат якія краіны. У 2021 годзе Беларусь прадала бульбы на 67,7 мільёна даляраў. І амаль усё гэта было прададзена ў Расею.

У дакрызісным 2019 годзе Беларусь экспартавала бульбы менш — на 57,3 мільёна даляраў. У Расею тады прадалі толькі чацьвёртую частку ад усяго экспарту. Сярод усіх экспартэраў найбольш беларускай бульбы тады набыла Ўкраіна — на 31,8 мільёна даляраў.

А што ў беларускіх крамах?

На папулярным у Беларусі сэрвісе дастаўкі прадуктаў дадому знаходзім тры варыянты бульбы. Адзін — беларускі па 1,59 рубля за кіляграм. І два расейскія — 1,81 і 1,99 рубля.

За тры гады, з 2020 да 2023, бульба ў беларускіх крамах падаражэла ў сярэднім амаль удвая: з 0,82 рубля за кіляграм да 1,40 рубля. Інфляцыя ж за гэты час склала прыкладна 30%.

У 2021 годзе Беларусь закупіла бульбы на 12 мільёнаў даляраў (у 2020-м — удвая менш). У тым ліку бульбу закуплялі ў краінах ЭЗ (на 2 мільёны даляраў). І ў асноўным не садзіць, а есьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG