Польская армія пачала апэрацыю «Rengaw» на мяжы зь Беларусьсю

Марыюш Блашчак
Марыюш Блашчак

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак падчас наведваньня базы ў Ярылуўцы ў Падляскім ваяводзтве на ўсходзе Польшчы заявіў, што на мяжы створаная вайсковая група для правядзеньня апэрацыі «Rengaw». Мэта апэрацыі — стрымліваньне і неадкладная рэакцыя ў выпадку патрэбы.

Блашчака цытуе партал wpolityce. pl:

«Я вырашыў стварыць вайсковую апэратыўную групу для апэрацыі „Rengaw“ непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю. Мэтай апэрацыі зьяўляецца навучаньне Войска Польскага ў Падляскім ваяводзтве недалёка ад мяжы, а таксама стварэньне рэзэрваў на выпадак пагаршэньня сытуацыі».

Кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны наведаў Ярылаўку на Падлясьсі, дзе знаходзіцца часовы лягер сілаў, дысьлякаваных на мяжы з Беларусьсю.

Паводле Блашчака, актуальная сытуацыя на мяжы трывожная:

«Няма сумневаў, што мяжа Польшчы ў небясьпецы. Мы назіраем працяглы ціск на польскай мяжы, спробы нелегальна перасекчы мяжу мігрантамі, якіх да гэтага заахвочвае беларускі рэжым. Няма сумневаў, што беларускі рэжым супрацоўнічае з Крамлём. Гэтая акцыя накіраваная супраць Польшчы з мэтай дэстабілізацыі нашай краіны. Перакананы, што гэтая акцыя праваліцца дзякуючы службе Войска Польскага і ўсяго, што зьвязана з умацаваньнем мяжы зь Беларусьсю».

Міністар абароны нагадаў, што пад камандаваньнем памежных войскаў праводзіцца апэрацыя «Gryf», накіраваная на закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю.

«У гэтай апэрацыі возьмуць удзел да 4 000 салдат Войска Польскага, якія падтрымліваюць Памежную службу. Але я таксама прыняў рашэньне стварыць ваенную апэратыўную групу для апэрацыі «Rengaw» — дадаў Марыюш Блашчак.

Раней паведамлялася, што Польшча накіруе на ўсходнюю мяжу 2 000 салдат.

  • 8 жніўня Міністэрства абароны Польшчы ўзгадніла адпраўку да мяжы зь Беларусьсю дадатковага воінскага кантынгенту — пасьля адпаведнага запыту памежнай службы.
  • Днём раней польскае Міністэрства ўнутраных спраў паінфармавала, што ў просьбе аб узмацненьні гаварылася пра неабходнасьць разьмясьціць на мяжы дадаткова адну тысячу вайскоўцаў.
  • Як адзначае Reuters, Польшча раней пачала ўзводзіць на ўчастку мяжы зь Беларусьсю загароды, абсталяваныя сродкамі электроннай абароны.
  • Улады Польшчы заяўлялі, што ў апошнія тыдні каля мяжы заўважаныя байцы расейскай ПВК «Вагнэр». Прэм’ер Матэвуш Маравецкі зьвязаў сытуацыю са спробамі дэстабілізаваць становішча на ўсходнім флянгу NATO.

​
XS
SM
MD
LG