Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат Аўштравічус спрабаваў высьветліць у начальніка калёніі, у якім стане знаходзіцца Статкевіч


Мікола Статкевіч выступае ў Менску падчас збору подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты, 24 траўня 2020 году
Мікола Статкевіч выступае ў Менску падчас збору подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты, 24 траўня 2020 году

Дэпутат Эўрапейскага арлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус паспрабаваў высьветліць у адміністрацыі глыбоцкай калёніі № 13 (Віцебская вобласьць), у якім стане знаходзіцца палітвязень Мікола Статкевіч, але беспасьпяхова.

«Адважны беларускі апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч адзначае свой 67-ы дзень народзінаў за сьценамі лукашэнкаўскай калёніі, — нагадаў эўрапарлямэнтар у „Твітары“ 12 жніўня. — Нядаўна я напісаў ліст начальніку калёніі з просьбай даць інфармацыю пра стан здароўя Мікалая. Адсутнасьць адказу не зьдзівіла. Будзьце здаровы і моцны, Мікалай!»

28 ліпеня крыніца, блізкая да сям’і Статкевіча, паведаміла, што стан здароўя палітвязьня ў калёніі пагоршыўся.

Апошні ліст ад Міколы жонцы Марыне Адамовіч прыйшоў 9 лютага. Больш за паўгода ад яго няма вестак. На шматлікія запыты і скаргі сям’я атрымлівае фармальныя адказы: перапіска не забаронена, «мы вам далі вычарпальны адказ».

Нядаўна вярнулася мэдычная бандэроль, бо нібыта ад вязьня не было на яе заявы. На блянку, які прыклеілі да вернутай бандэролі, падкрэсьлены пункт «адмова ад атрыманьня».

  • Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 году ў Менску. 14 сьнежня 2021 году яго асудзілі да 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).
  • 31 траўня 2022 года Вярхоўны суд пакінуў вырак бязь зьмен. Свой тэрмін Мікола Статкевіч адбывае ў папраўчай калёніі № 13 (Глыбокае, Віцебская вобласьць).
  • 4 лістапада Міністэрства ўнутраных спраў унесла палітвязьня ў «пералік асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Хто такі Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG