Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч чацьвёрты дзень народзінаў запар сустракае за кратамі. Ад яго няма зьвестак 185 дзён


Мікола Статкевіч, архіўнае фота, травень 2020
Мікола Статкевіч, архіўнае фота, травень 2020

Зь сярэдзіны лютага няма сувязі і зь іншымі вядомымі палітвязьнямі. Паводле дасьведчаных крыніц, ім таксама не даюць магчымасьці купіць самае неабходнае у турэмнай краме, хоць законам дазволеная «атаварка» на 1 базавую велічыню ў месяц.

Мікола Статкевіч, палітык

12 жніўня Міколу Статкевічу спаўняецца 67 гадоў. Чацьвёрты раз запар гэты дзень Мікола сустракае за кратамі. Гэтым разам — у адзіночнай камэры, куды яго зьмясьцілі 5 траўня на паўгода.

Апошні ліст ад Мікалая жонцы Марыне Адамовіч прыйшоў 9 лютага. Больш за паўгода ад яго няма вестак. На шматлікія запыты і скаргі сям’я атрымлівае фармальныя адказы: перапіска не забаронена, «мы вам далі вычарпальны адказ».

Нядаўна вярнулася мэдычная бандэроль, бо нібыта ад вязьня не было на яе заявы. На блянку, які прыклеілі да вернутай бандэролі, падкрэсьлены пункт «адмова ад атрыманьня».

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч зьезьдзіла на прыём да начальніка калёніі, які адказаў: «Усе прэтэнзіі да Белпошты».

Паводле Марыны Адамовіч, у Міколы за апошні год, праведзены ў Глыбоцкай калёніі, было 36 спагнаньняў, зь іх 14 — пакараньне штрафным ізалятарам.

Марыя Калесьнікава, палітык, сябра Каардынацыйнай рады

Марыя Калесьнікава ў судзе, верасень 2021
Марыя Калесьнікава ў судзе, верасень 2021

187 дзён у невядомасьці. З 7 лютага адваката да Марыі не дапускаюць. Таксама зь сярэдзіны лютага ў яе няма ніякіх кантактаў зь сям’ёй, ад яе няма лістоў, званкоў, для Калесьнікавай у калёніі не прымаюць перадач. Паводле былых зьняволеных, якія выйшлі з гомельскай калёніі, з Марыяй жорстка абыходзяцца, стан яе здароўя рэзка пагоршыўся, яна вельмі схуднела. З сакавіка Марыя знаходзіцца ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу).

Максім Знак, адвакат

Максім Знак, архіўнае фота
Максім Знак, архіўнае фота

180 дзён у невядомасьці. Апошні раз адвакат бачыў Максіма 9 лютага. Паводле дасьведчанай крыніцы, яго таксама зьмясьцілі ў ПКТ. Цяпер адваката ў Максіма Знака няма, яго пазбавілі ліцэнзіі.

Усяго на вялікія тэрміны зьняволеньня асудзілі 7 беларускіх адвакатаў.

Ігар Лосік, журналіст, блогер

Ігар Лосік, архіўнае фота
Ігар Лосік, архіўнае фота

175 дзён у невядомасьці. 20 лютага бацькам прыйшоў апошні ліст ад Ігара. У сакавіку была спроба суіцыду — палітвязень парэзаў сабе руку і шыю. Бацькі двойчы езьдзілі ў калёнію на прыём да начальніка. Ім паведамілі, што Ігар адбывае пакараньне, таму спатканьні, званкі, перадачы забароненыя. Паводле крыніцы, якая заслугоўвае даверу, Ігара ў сакавіку зьмясьцілі ў ПКТ на паўгода. І хоць «атаварка» на 1 базавую велічыню (37 рублёў) у месяц дазволеная, сродкі Ігару рэгулярна пераводяць, скарыстацца грашыма ён ня можа. Падобна, усе сродкі з рахунку спаганяюць у лік матэрыяльнага пазову.

Віктар Бабарыка, кандыдат у прэзыдэнты

Віктар Бабарыка, архіўнае фота, чэрвень 2020
Віктар Бабарыка, архіўнае фота, чэрвень 2020

110 дзён у невядомасьці. У ноч з 24 на 25 красавіка яго даставілі з ПКТ калёніі № 1 у хірургічнае аддзяленьне наваполацкага шпіталя. У палітвязьня была разьбітая галава, выявілі вадкасьць у лёгкіх. З таго часу невядома, дзе трымаюць Бабарыку. Лукашэнка ў ліпені заявіў замежным журналістам, што з Бабарыкам «усё ў парадку»: «Пытаюся міністра: а што зь Віктарам Бабарыкам?» — «Нармальна, у калёніі. Ці то нешта шые, ці то ў кацельні паліць», — цытавала тады Лукашэнку расейскае агенцтва ТАСС .

Паводле праваабаронцаў і былых зьняволеных, у лютым 2023 году кіраўнікі калёніяў атрымалі загад ад кіраўніцтва МУС зрабіць умовы для знакавых палітвязьняў яшчэ больш жорсткімі (пераводам у ШЫЗА ці ПКТ), фактычна пазбавіць іх сувязяў з вонкавым сьветам, забараніўшы перадачы, ліставаньне, званкі, кантакты з адвакатамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG