Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў, калі разьлічвае аднавіць дачыненьні з Захадам

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка, 16 траўня 2023
Аляксандар Лукашэнка, 16 траўня 2023

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што цяпер Беларусь «жыве найперш за кошт супрацы з Расеяй і Кітаем».

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з працоўнымі калектывамі арганізацыяў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту. Вось пра што ён казаў.

Пра дачыненьні з Эўразьвязам

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што цяпер Беларусь «жыве найперш за кошт супрацы з Расеяй і Кітаем».

«Але ня варта забывацца на высокатэхналягічны Захад. Яны побач, яны нашыя суседзі — Эўразьвяз. І дачыненьні зь імі страчваць нельга. Мы да гэтага гатовыя, але з улікам нашых уласных інтарэсаў. Паверце, настане час, цяпер такая турбулентнасьць, кажучы вашаю моваю, складанасьці вялікія, — у 2024–2025 годзе, я ўпэўнены, адбудуцца сур’ёзныя зьмены ў сьвеце ў тым ліку», — працытавала словы Лукашэнкі дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

* Эўразьвяз увёў санкцыі для рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе пасьля жорсткага разгону пратэстаў грамадзян супраць сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Пазьней міжнародныя санкцыі супраць Беларусі сталі больш жорсткімі. Спачатку пасьля прымусовай пасадкі у Менску самалёта Ryaniar, а потым у сувязі з тым, што Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

* Наступныя парлямэнцкія выбары у Беларусі маюць адбыцца 25 лютага 2024 году, а прэзыдэнцкія — не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.

Пра даручэньне Галоўчанку «зьвязацца з палякамі»

Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў падчас наведваньня Нацыянальнага аэрапорту Менск і Менскага завода цывільнай авіяцыі № 407, паведамляе яго прэсавая служба.

«З палякамі трэба размаўляць. Я даручаў прэм’ер-міністру зьвязацца зь імі. Калі яны жадаюць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога. Але ў іх 15 кастрычніка парлямэнцкія выбары і, вядома, ім трэба зараз напружваць абстаноўку для таго, каб паказаць, што яны правільна ўзбройвалі і пераўзбройвалі краіну. Таму да 15 кастрычніка яны наўрад ці пойдуць на нейкія істотныя зьмены, выгадныя ім і нам. Яны шмат чаго патрабуюць ад нас і просяць, але мы на гэта пайсьці не можам, таму што гэта супярэчыць нашым інтарэсам», — сказаў ён.

Польшча дамагаецца ад афіцыйнага Менску вызваленьня аднаго зь лідэраў польскай грамады Беларусі Анджэя Пачобута і спыненьня штучнага правакаваньня міграцыйнага крызісу на польскай мяжы. Перасьцярогі Варшавы выклікаюць таксама разьмяшчэньне ў Беларусі байцоў ПВК «Вагнэр» і расейскай тактычнай ядзернай зброі.

Лукашэнка сёньня папракнуў Польшчу ў адсутнасьці самастойнасьці.

«Амэрыканцы зрабілі стаўку на Польшчу. Але палякі — людзі не дурныя. Гэта нашыя людзі, славяне. Яны ўсе цудоўна разумеюць. Пацерпім, паглядзім. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва», — сказаў ён.

Пра аднаўленьне авіязлучэньня

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая зноў прымаць заходнія авіякампаніі.

«Хоць заўтра. Мы людзі не агрэсіўныя. Яшчэ раз падкрэсьліваю: мы ні з кім не зьбіраемся ваяваць. Я вам кажу гэта заўсёды», — заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне аб пэрспэктыве вяртаньня ў Беларусь заходніх авіякампаніяў.

«Вы менш зьвяртайце ўвагі на той ціск, які ідзе з боку шалёнага Захаду на нашыя прадпрыемствы, у тым ліку аэрапорт, „Белавія“. Мы знойдзем выхад зь любой сытуацыі і ў бядзе свае прадпрыемствы не пакінем. Калі пасьля Ryanair пачалося гэтае шаленства, я пілёту сказаў: ты перадай хлопцам, што мы іх у бядзе не пакінем, і ты мне кажы пры чарговым палёце, што трэба зрабіць».

* Авіязлучэньне было спынена ў 2021 годзе пасьля прымусовай пасадкі самалёта авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. На борце былі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега, якіх затрымалі.

Пра алімпійскі рух

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што алімпійскі рух разваліцца праз санкцыі супраць Расеі і Беларусі.

«Алімпійскі рух, які цяпер ёсьць, Бах ачольвае, разваліцца. Бо ўсе змагаюцца за грошы — рэкляма. А чым больш гледачоў — па паўтара мільярда ў Індыі і Кітаі — вось вам і рэкляма, вось вам і грошы. Таму яны таксама там ня дурні. Яны разумеюць, што яшчэ такіх некалькі крокаў — і яны разваляць гэты рух», — сказаў Лукашэнка.

* 13 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна заявіў, што не запросіць Беларусь і Расею да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе. Рашэньне прынялі ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі МАК для спорту ў дзьвюх краінах з прычыны вайны ва Ўкраіне.

Пра вываз украінскіх дзяцей у Беларусь

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вываз з Украіны дзяцей «на аздараўленьне» у Беларусь будзе працягвацца.

«Плянавалі, плянуем і будзем плянаваць. І ня толькі плянаваць, але будзем падтрымліваць дзетак. Вы бачыце: яны прыяжджаюць сюды па цішыню. Для іх дзіка быць у краіне і ня чуць гэтых разрываў, ня бачыць гэтых сьмерцяў, гэтага голаду. І тое, што Захад намагаецца ўзбудзіць спачатку па Пуціну, цяпер па мне сытуацыю ў сьвеце — ледзь не да крымінальнай адказнасьці прыцягнуць, — гэта проста сьмешна, я абсалютна за гэта не перажываю. Наадварот, мы разумеем, што так трэба дзейнічаць. Дзеці ні ў чым не вінаватыя. І мы дамовіліся з Пуціным, што будзем фінансаваць гэтыя паездкі з саюзнага бюджэту. Мы гэта рабілі і будзем рабіць, нягледзячы ні на якія папрокі», — сказаў Лукашэнка і параіў разабрацца з вывазам украінскіх дзяцей на Захад, дзе іх, як ён лічыць, «расчляняюць і дастаюць органы». «Вось з тымі няхай разьбяруцца», — заявіў Лукашэнка.

* Сёлета 27 красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі датычнымі да яго.

27 чэрвеня «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» (НАУ) перадало пракурору Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у Гаазе доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь і іх «пераадукацыі».

Раней Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці ў РФ Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю і перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей.

Камітэт Эўрапейскага Парлямэнту ў замежных справах 18 ліпеня ўхваліў даклад, у якім заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненьні да прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG