Памежная служба Польшчы паведаміла, што за апошнія содні зь Беларусі незаконна перайсьці мяжу з Польшчай спрабавалі 105 мігрантаў.
«Сярод выяўленых іншаземцаў за апошнія содні былі грамадзяне Шры-Ланкі, Судану, Ірану, Эгіпту і Этыёпіі. У мігрантаў нядаўна былі аформленыя расейскія турыстычныя і працоўныя візы. Яны прыехалі ў Беларусь з Масквы арганізаваным транспартам», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Польскія памежнікі нагадалі, што з пачатку году выявілі больш за 19 тысяч спробаў нелегальнага пераходу польска-беларускай мяжы іншаземнымі мігрантамі.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 10 жніўня папярэдзілі незаконны пераход мяжы з боку Беларусі 9-ці іншаземцаў, а Латвіі – 49-ці.
З пачатку 2023 году зафіксавана 25 040 спробаў незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 18 187, Латвію — 5356, Літву — 1497), у тым ліку ў жніўні — 766.
Праз усё часьцейшае незаконнае перасячэньне мяжы мігрантамі зь Беларусі і разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі вагнэраўцаў Польшча, Латвія і Літва заявілі пра магчымасьць сынхроннага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю.