Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я скептычна гляджу на пэрспэктыву прызнаньня пашпартоў „Новай Беларусі“», — былы дыплямат Павал Сьлюнькін


Узор пашпарту «Новай Беларусі»
Узор пашпарту «Новай Беларусі»

Прадстаўнік у міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Беларусі Валер Кавалеўскі прэзэнтаваў у Варшаве ў рамках канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» узор распрацаванага нацыянальнага пашпарту «Новай Беларусі».

«Мы цяпер вядзем перамовы аб прызнаньні гэтага дакумэнту. Ёсьць пэўныя пазытыўныя сыгналы», — паведаміў Кавалеўскі. «Гэты праект робіцца ўпершыню. Раней ніводная нацыянальная грамада не рабіла падобнага», — дадаў ён.

Пэрспэктывы прызнаньня пашпартоў «Новай Беларусі» Свабода папрасіла пракамэнтаваць экспэрта Эўрапейскай рады ў міжнародных адносінах, былога дыплямата Паўла Сьлюнькіна.

Павал Сьлюнькін на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», Варшава, 6 жніўня 2023
Павал Сьлюнькін на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», Варшава, 6 жніўня 2023

— Я чуў, што нібыта сырыйскім уцекачам выдавалі нейкія падобныя дакумэнты. Самі прадстаўнікі Кабінэту кажуць, што гэта ўнікальны выпадак, што такога раней не было. Але тады гэта гульня ў імавернасьць. Калі нікому раней гэта не ўдавалася, то, магчыма, шанцы на посьпех невялікія. Беларуская сытуацыя ўсё ж не ўнікальная. Шмат крызісаў здаралася ў іншых рэгіёнах сьвету, шмат зь якіх краінаў людзі беглі і шмат хто зь іх быў пазбаўлены магчымасьці бясьпечна вярнуцца, каб вырашаць праўныя пытаньні. І калі такаго не было, а ў Кабінэту атрымаецца, то гэта будзе беспрэцэдэнтны выпадак.

Я гляджу на такую пэрспэктыву скептычна, бо як былы дзяржаўны службовец уяўляю сытуацыю, у якую трапяць у сувязі з гэтай ініцыятывай дзяржаўныя службоўцы ў краінах ЭЗ. Яны карыстаюцца мясцовым заканадаўствам, не адаптаванвм пад такія выпадкі.

— Я так разумею, што яны таксама будуць шукаць прэцэдэнты.

— Так. Калі б прэцэдэнты былі, тады ўсё вырашаецца прасьцей. Але іх ці не было, ці яны таксама былі ўнікальныя. Прызнаньне такога дакумэнту патрабуе зьмены мясцовага заканадаўства, патрабуе адаптацыі базаў зьвестак. Трэба вызначыць, ці гэта будзе проста праязны дакумэнт — travel document, ці ён можа выкарыстоўвацца яшчэ для нечага. Эўрапейская камісія ня можа прызнаць гэты дакумэнт, яна ня мае на гэта паўнамоцтваў. Яны могуць прапанаваць краінам-чальцам ЭЗ прызнаць яго. І тут усё залежыць ад кожнай краіны — ці будзе ў іх жаданьне і гатоўнасьць гэта рабіць, колькі часу гэта зойме. Бо стварыць прэцэдэнт — гэта вялікая адказнасьць на будучыню, людзі зь іншых краінаў захочуць таго самага.

— У мяне пытаньне наконт палітычнага вымярэньня гэтай ініцыятывы. Падыход заходніх краінаў да Сьвятланы Ціханоўскай і Кабінэту дваісты і двухсэнсоўны. Вось Кабінэт адкрыў прадстаўніцтва пры ЭЗ у Фляндрыі, Ціханоўскую запрашаюць на саміт краінаў Рады Эўропы. Ня кожная грамадзкая арганізацыя з кожнай краіны такое мае. Зь іншага боку, гэта і ня ёсьць адназначнае, недвухсэнсоўнае прызнаньне Ціханоўскай і АПК сувэрэннаю, легітымнаю ўладаю Рэспублікі Беларусі. Калі б такое прызнаньне было, то права сувэрэннай, легітымнай улады любой дзяржавы выдаваць пашпарты сваім грамадзянам — бясспрэчнае. Ці ёсьць прызнаньне Кабінэту сувэрэннаю легітымнаю уладаю Беларусі неабходнай умовай прызнаньня пашпартоў «новай Беларусі»?

— Гэта гіпатэтычная дыскусія. Мы разважаем, не абапіраючыся на досьвед мінулага. Мой адказ на вашае пытаньне — і так, і не. Нейкая форма прызнаньня Кабінэту тут неабходная. Прызнаньня можа не як легальнай улады, але як дастаткова кампэтэнтнай інстытуцыі, недзяржаўнай установы, якая мае права пацьвярджаць грамадзянства прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Калі будзе такое прызнаньне, то яго тэарэтычна павінна быць дастаткова. Бо гэты дакумэнт толькі называецца пашпартам. Здаецца, што і Валер Кавалеўскі ў інтэрвію пасьля прэзэнтацыі казаў, што размова ідзе пра travel document.

Гэта больш карэктнае вызначэньне дакумэнту. Зь ім можна будзе падарожнічаць, але ён ня будзе даваць усіх магчымасьцяў, якія дае пашпарт, што зараз выдаюць службы Лукашэнкі.

З фармальнага гледзішча гэты дакумэнт ня будзе беларускім. Кожная дзяржава мае свой код, прызнаны ў сьвеце. Гэты код маюць і ўлады, якія кантралююць Беларусь. З гэтым кодам яны выдаюць пашпарты грамадзянам дзяржавы. У дэмакратычных сілаў доступу да гэтага коду ня будзе. І ўзьнікае пытаньне, ці пагодзіцца нейкая дзяржава сьвету выдаваць гэты дакумэнт беларусам з сваім кодам.

Скепсіс выклікаюць пытаньні, на якіх базах будзе фармавацца гэтая ініцыятыва, хто будзе пацьвярджаць гэтае грамадзянства, як гарантаваць, што ня будзе злоўжываньняў. Праблемай многіх краінаў стане забесьпячэньне, каб гэтыя дакумэнты не апынуліся ў руках тэрарыстаў ці кантрабандыстаў. Гэтыя дзяржавы мусяць падзяліцца правам выдаваць такія дакумэнты ня зь іншаю дзяржаваю, а зь недзяржаўнай арганізацыяй. І невядома, колькі зь іх будуць да гэтага гатовыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG