Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пры ўсёй маёй сымпатыі да беларускага народу ў фільме няма добрых беларусаў». Агнешка Голянд зьняла кіно пра сытуацыю на мяжы


Агнешка Голянд. Каляж
Агнешка Голянд. Каляж

«Зялёная мяжа» — такую назву мае стужка польскай рэжысэркі Агнешкі Голянд. У фокусе ўвагі — крызісная сытуацыя зь мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. Поўнамэтражную ігравую карціну чэска-польска-бэльгійскай вытворчасьці адабралі ў асноўны конкурс Вэнэцыянскага кінафэстывалю.

Фільм расказвае гісторыю сям’і сырыйскіх бежанцаў, самотнай настаўніцы ангельскай мовы з Афганістану і маладога памежніка, якія сустракаюцца на польска-беларускай мяжы падчас апошняга гуманітарнага крызісу.

У інтэрвію Свабодзе Агнешка Голянд расказала, якімі ў яе фільме паказаныя беларусы, што яна думае пра матывы рэжыму Лукашэнкі і якія эмоцыі хоча выклікаць у гледачоў стужкі.

— Ваш фільм расказвае пра сытуацыю мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. Ранейшыя вашыя фільмы былі пра Галакост, пра Галадамор. Чаму такі працяг, ці ёсьць тут нейкая сувязь паміж тэмамі?

— Калі гаворка пра маштаб здарэньняў, то сувязі ня бачу. Але калі гаворка ідзе пра сутнасьць, якая палягае на тым, што жыцьцё і лёс чалавека, правы чалавека ня маюць значэньня, а пад увагу бяруцца толькі палітычныя інтарэсы розных краін, дыктатур, рэжымаў, то так. Людзьмі маніпулююць і выкарыстоўваюць іх як снарады ў прапагандысцкай вайне. У гэтым сэнсе тое, што адбываецца на межах Эўропы пры нагодзе чарговых хваляў уцекачоў, якія будуць толькі ўзмацняцца, у пэўным сэнсе нагадвае тыя кепскія моманты XX стагодзьдзя.

— Польскія ўлады сьцьвярджаюць, што мігранты на мяжы — гэта частка гібрыднай вайны Беларусі і Расеі супраць Польшчы. Рэжым у Менску кажа, што Захад бамбіў Блізкі Ўсход, і цяпер гэтыя людзі проста шукаюць у Эўропе нармальнага жыцьця. Як іх сытуацыя паказаная ў вашым фільме?

— Я не ўваходжу ў глыбокія геапалітычныя развагі, я паказваю лёсы людзей і выбары, якія яны робяць. Няма сумневаў, што такія рэжымы, як Пуціна ці Лукашэнкі, навучыліся выкарыстоўваць беды ўцекачоў дзеля палітычных мэтаў. У 2015 годзе яны зразумелі, наколькі Эўропа і Эўразьвяз крохкія, калі гаворка ідзе пра такія сытуацыі, наколькі яны ўспрымаюць гэта як пагрозу. Гэта выклікала ўзмацненьне папулісцкіх, антыімігранцкіх, правых, расісцкіх настрояў. Дзякуючы гэтаму ўлада перайшла ў рукі ўрадаў, якім не па дарозе з ідэяй або рэальнасьцю Эўразьвязу. У Эўропе ўсе баяцца гэтых палітычных пагрозаў, і адсюль пэўная гістэрычная рэакцыя на магчымасьці масавай іміграцыі. Пуцін і Лукашэнка выкарыстоўваюць гэта як могуць. Іх галоўная мэта — дэстабілізацыя Эўропы і Эўразьвязу, і, на жаль, у пэўным сэнсе ім гэта ўдаецца.

Калі гаворка пра тое, што Захад зрабіў на Блізкім Усходзе, пра вайну ў Іраку, Афганістане, ці спосаб зьвяржэньня Кадафі ў Лібіі або посткаляніяльныя гульні ў Афрыцы, то бясспрэчна, што Захад мае шмат на сумленьні. І ў пэўным сэнсе, на маю думку, яны маюць абавязак, каб панесьці наступствы гэтых дзеяньняў. Але гэта ня толькі палітычная справа. Хвалі ўцекачоў будуць узмацняцца і з прычыны кліматычнай катастрофы, якая найперш датычыць поўдня. І мы павінны разумець, што калі цяпер Лукашэнку ўдалося адкрыць калідор для дзясяткаў тысяч уцекачоў з Блізкага Ўсходу, Афрыкі, а цяпер і Азіі, то празь некалькі дзясяткаў гадоў гэта будуць не дзясяткі ці сотні тысяч, а мільёны людзей. І мы мусім адказаць на пытаньне — што тады зробіць Эўропа, калі сёньня няма іншага адказу на гэтае пытаньне, апрача выпіхваньня людзей назад, апрача жорсткасьці і парушэньня сваіх жа законаў, міжнародных правоў чалавека і ўласных Канстытуцый.

— Крытыкі гэтай хвалі ўцекачоў кажуць, што яны ня супраць мігрантаў, але што гэта павінна адбывацца легальна. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Польшча прыняла мільёны ўкраінцаў. А тут адбываецца зусім інакш.

— Таму што ў іх няма магчымасьці, каб уехаць легальна. Памежныя пераходы зачыненыя або іх не існуе. А калі каму і ўдаецца трапіць на памежны пераход, як гэта адбывалася ў мінулыя гады ў Тарэспалі, то іх ня пускалі на тэрыторыю Эўразьвязу і ў Польшчу. У беларускіх сілавікоў ёсьць загад — не дапускаць мігрантаў да памежных пераходаў. А калі яны вырашаюць не працягваць свой шлях, то вярнуцца назад у Менск ім таксама вельмі складана. У гэтых людзей ілюзорная магчымасьць зьвяртацца з заявамі аб міжнароднай ахове або аб дазволе на ўезд у Польшчу. Такой магчымасьці не існуе. Калі яны падаюць заявы на візы ў іншых краінах, дзе ёсьць консульскія аддзелы, то ім адмаўляюць. Таму насамрэч для іх няма легальнага шляху. А паколькі вельмі часта яны ўцякаюць ад скрайніх пагрозаў, войнаў, голаду, перасьледу рэжымаў, а часам ад галечы і адсутнасьці магчымасьці стварыць нармальнае жыцьцё для сябе і сваіх дзяцей, то яны будуць працягваць уцякаць. Будуць уцякаць, нягледзячы на тое, што гэта будзе зьвязана зь вялікімі рызыкамі, у тым ліку і рызыкай сьмерці. А гэтыя сьмерці на польска-беларускай мяжы, на польскай тэрыторыі, бываюць. Менавіта гэта прымусіла мяне задумацца пра маю ўласную адказнасьць. А сьмерці на Міжземным моры ідуць ужо на дзясяткі тысяч. Але, нягледзячы на гэта, людзі працягваюць спрабаваць зноў.

— У вашым фільме галоўныя героі — сям’я з Сырыі, настаўніца з Афганістану. А ці ёсьць там беларускія героі? Як вы паказваеце ў сваім фільме беларускі бок?

— На жаль, пры ўсёй маёй сымпатыі да беларускага народу, у фільме мы бачым прадстаўнікоў рэжыму. Гэта вельмі жорсткія і карумпаваныя памежнікі, сілавікі на мяжы. На жаль, у фільме мы ня бачым добрых беларусаў, пра гэта трэба было б зрабіць іншы фільм.

— Чым вы хацелі зацікавіць гледача, якую эмоцыю маеце на мэце выклікаць сваім фільмам?

— Суперажываньне і разуменьне голасу тых людзей, у якіх насамрэч няма голасу. Галоўная мэта гэтага фільму — даць голас тым, у каго няма такой пляцоўкі, каб выказацца, чый голас не даходзіць да грамадзкай думкі. Каб мы ўбачылі, што ўсе людзі, якіх я паказваю — уцекачы, памежнікі, актывісты і людзі, якія жывуць у памежнай зоне і дапамагаюць, моцна пры гэтым рызыкуючы, — што ўсе яны становяцца перад выбарам. І прымушае іх да гэтага палітыка. Гэта маральныя выбары, людзкія, надзвычай складаныя. Вельмі часта ў іх няма добрага выхаду. І гэтыя скрайнія маральныя сытуацыі цікавяць мяне ўвесь час, і я ўбачыла такую сытуацыю сёньня на беларуска-польскай мяжы.

— Польскія палітыкі, якія цяпер кіруюць у краіне, кажуць пра вашую стужку, што гэта элемэнт барацьбы з польскім урадам. А міністар культуры кажа, што польская дзяржава ні дала ані гроша. Чаму?

— На злодзеі шапка гарыць, як кажа польская прымаўка. Гэта тыпова для ўраду і партыі «Права і Справядлівасьць». Яны змагаюцца зь небясьпекамі і пагрозамі, якія самі ж стварылі. Пры гэтым яны гавораць пра фільм, якога яшчэ ніхто ня бачыў. У гэтым ёсьць элемэнт прапагандысцкай панікі. Я б не аддавала гэтаму шмат увагі. Мы сапраўды не атрымалі грошай ад Польскага інстытуту кінамастацтва, бо мы і не прасілі ў іх грошай. Я разумела, што гэта будзе складана. А нават калі б нам і ўдалося атрымаць датацыю, то гэта б заняло вельмі шмат часу. А тэма гарачая, гэта адбываецца цяпер, і для нас было вельмі важна, каб расказаць гэтую гісторыю менавіта цяпер.

Калі гаварыць пра выказваньні прэсы, зьвязанай з кіроўнай партыяй ПіС, то яны вельмі прадказальныя. Па-першае, яны хлусяць наконт гэтай сытуацыі. Яны зрабілі ўсё, каб ізаляваць гэты рэгіён ад доступу свабодных СМІ, НДА, гуманітарных або нават мэдычных арганізацый, якія хацелі дапамагаць людзям, што губляюць здароўе, а часам і жыцьцё, на гэтай тэрыторыі. Таму існаваў толькі голас афіцыйнай прапаганды, і ён быў хлусьлівы. Я гэта ведаю, бо сабрала шмат сьведчаньняў наконт таго, што там адбывалася і адбываецца насамрэч. Ня дзеля таго там была ўведзеная моцная цэнзура, каб хтосьці цяпер гаварыў свабодным голасам на гэтую тэму. Але прырода творцаў такая, што яны імкнуцца да незалежнасьці, да таго, каб прадставіць пункт гледжаньня тых, каму не далі слова.

— Вы сказалі ў адным інтэрвію, што гэта фільм пра мяжу, да якой даходзіць чалавек. А ці ёсьць тут ідэальнае вырашэньне гэтага канфлікту? Большасьць палякаў падтрымлівалі гэтыя дзеяньні польскага ўраду.

— У 2015 годзе прапаганда партыі «Права і Справядлівасьць» Ярослава Качыньскага, якая тады прыйшла да ўлады, прывяла да таго, што 75% палякаў лічылі, што ня варта прымаць уцекачоў з бамбардаванай Сырыі. За два месяцы да гэтага толькі 30% так лічылі. Калі палякі атрымліваюць толькі адзін наратыў пра гэтую сытуацыю, то яны бачаць яе вельмі аднабакова. Мы ж хацелі паказаць пункт гледжаньня людзей. Я ня маю спакусы даваць палітычныя рэцэпты ці глыбокія геапалітычныя аналізы. Мой пункт гледжаньня гуманітарны і маральны. Без такога голасу тое, за што сёньня змагаюцца ва Ўкраіне, то бок прыналежнасьць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, тое, чаго дамагаліся пратэстоўцы ў Беларусі пасьля сфальсыфікаваных выбараў, усё гэта ня мае сэнсу. Калі Эўропа і Эўразьвяз перастаюць кіравацца каштоўнасьцямі, якія знаходзяцца ў іх аснове, і прымаюць мэтады і пункт гледжаньня, падобныя да тых, што ва ўсходніх рэжымаў, то за што тады змагацца, за што гінуць украінскія салдаты?

— Але ў Польшчы прымаюць і беларусаў, і ўкраінцаў. Чаму тады так ставяцца да людзей з Блізкага Ўсходу ці Афрыкі?

— Пераважна таму, што дэгуманізацыя гэтых людзей і выкарыстаньне расісцкіх элемэнтаў — гэта ў пэўным сэнсе, як кажа нашая ўлада, палітычнае золата. Гэта стварае страх, пачуцьцё пагрозы, і тады можна аб’яднаць людзей вакол улады. Беларусы і ўкраінцы культурна блізкія, апрача таго, яны белыя, размаўляюць на падобнай мове, у іх падобны досьвед, і гістарычны, і жыцьцёвы, таму зь імі можна дамовіцца. Таму іх значна прасьцей прыняць, прызвычаіцца і зразумець. Я не заклікаю нікога прымаць у Польшчы мільёны людзей з Блізкага Ўсходу, бо Польшча да такога не гатовая, але для мяне важна, каб мы ўбачылі ў гэтых мігрантах людзей. Іншых, у сэнсе традыцыі, культуры, рэлігіі, але людзей, у якіх падобныя патрэбы, пачуцьці, мары, і якія пакутуюць і паміраюць гэтаксама, як і мы. Для мяне важна менавіта гэта.

Палякі прынялі ў першы час 2 ці 2,5 мільёна ўкраінцаў, і нічога ня сталася, канца сьвету не было. Калі б мы прынялі некалькі тысяч або больш за дзесяць тысяч уцекачоў з Сырыі ці іншых рэгіёнаў, дзе небясьпечна, то таксама нічога б ня сталася. Парадокс палягае на тым, што ў Польшчы не нараджаюцца дзеці, дэмаграфія такая, што любой цаной патрэбная рабочая сіла. Украінцаў і беларусаў, якім удалося трапіць у Польшчу, недастаткова. Таму ўлады цішком запрашаюць сотні тысячаў рабочых з тых рэгіёнаў, супраць якіх працуе прапаганда. Гэта чыстая крывадушнасьць. Сапраўдная прычына — палітычная, а не эканамічная ці культурная.

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG