Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ заявілі, што Расея хоча выкарыстаць «вагнэраўцаў» для правакацыі на Мазырскім НПЗ


Сьпікер Службы бясьпекі Ўкраіны Арцём Дзехцярэнка
Сьпікер Службы бясьпекі Ўкраіны Арцём Дзехцярэнка

СБУ апублікавала вайсковы білет палоннага расейца, а таксама нібыта знойдзеныя ў ягоным тэлефоне фатаздымкі Мазырскага НПЗ.

Сьпікер Службы бясьпекі Ўкраіны Арцём Дзехцярэнка заявіў, што выведка атрымала зьвесткі аб рыхтаваньні расейцамі маштабнай правакацыі «пад чужым сьцягам» на стратэгічным аб’екце Беларусі — Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Паводле яго, рыхтуе правакацыю дывэрсійна-выведная групоўка з кадравых вайскоўцаў Расеі і супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў, якіх адправілі на тэрыторыю Беларусі пад выглядам «вагнэраўцаў».

«Гэтая расейская дывэрсійная група мае ўчыніць правакацыю на НПЗ пад выглядам „украінскіх дывэрсантаў“. У гэтым Расея плянуе абвінаваціць Украіну, каб такім чынам чарговы раз спрабаваць уцягнуць Менск у поўнамаштабную вайну супраць Украіны», — сказаў Арцём Дзехцярэнка.

Сьпікер СБУ падкрэсьліў, што гэтую інфармацыю атрымалі зь некалькіх крыніц, у тым ліку зь сьведчаньняў расейскага вайскоўца, якога ўкраінцы ўзялі ў палон на запароскім кірунку. Кібэрспэцыялісты СБУ аднавілі і прааналізавалі інфармацыю зь ягонага мабільнага тэлефону.

«Сярод іншага вызначана, што раней ён браў удзел у баявых дзеяньнях супраць сілаў абароны на поўдні Ўкраіны, а нядаўна яму загадалі перадысьлякавацца ў Беларусь у якасьці ўдзельніка ПВК „Вагнэр“. Ужо на этапе зьмены месца службы расейскі вайсковец атрымаў інфармацыю аб „спэцыяльнай місіі“ на Мазырскім НПЗ. У ягоным тэлефоне кібэрспэцыялісты СБУ знайшлі выдаленую перапіску зь іншымі выканаўцамі, здымкі аб’екту і асобную інфармацыю аб апэрацыі», — заявіў Арцём Дзехцярэнка.

СБУ апублікавала вайсковы білет палоннага расейца, а таксама нібыта знойдзеныя ў ягоным тэлефоне фатаздымкі Мазырскага НПЗ.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG