Міністэрства замежных спраў Украіны ў аўторак, 1 жніўня, паведаміла пра выклік на размову польскага амбасадара ў Кіеве Барташа Ціхоцкага. Адзначаецца, што прычынай сталі нядаўнія выказваньні Марціна Пшыдача, які ўзначальвае Бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзыдэнта Польшчы.
У сувязі з гэтым прыводзяцца словы Пшыдача пра тое, што ўкраінцы нібыта недастаткова ўдзячныя Варшаве за яе дапамогу Кіеву ў сувязі з ваенным уварваньнем Расеі. У нядаўнім інтэрвію Марцін Пшыдач заявіў, што Ўкраіне варта пачаць шанаваць спрыяньне з боку Польшчы, у тым ліку дапамогу ў вырашэньні праблем, выкліканых блякаваньнем Расеяй экспарту ўкраінскага збожжа.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны назваў камэнтар Пшыдача беспадстаўным. Намесьнік кіраўніка Офісу Андрэй Сыбіга назваў словы польскага палітыка маніпуляцыйнымі і заявіў, што яны навязваюць польскаму грамадзтву меркаваньне, што Ўкраіна быццам бы не шануе падтрымку Польшчы ў барацьбе з расейскай агрэсіяй.
Украінская служба Радыё Свабода паведамляе падрабязнасьці размовы амбасадара Ціхоцкага ў МЗС Украіны. «На сустрэчы было адзначана, што заявы пра нібыта няўдзячнасьць украінцаў за дапамогу Польшчы не адпавядаюць рэчаіснасьці і непрымальныя... Палітыка не павінна ставіць пад сумнеў узаемаразуменьне і трываласьць адносінаў нашых народаў. Ніякія заявы не перашкодзяць нам сумесна дамагчыся міру і пабудаваць агульную эўрапейскую будучыню», — сказаў прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка.
Пасьля выкліку польскага амбасадара ва ўкраінскае МЗС амбасадара Ўкраіны ў Польшчы Васіля Зварыча выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы з прычыны заяваў украінскіх палітыкаў.
«МЗС інфармуе, што амбасадар Украіны ў Польшчы запрошаны ў рэзыдэнцыю МЗС у сувязі з заявамі прадстаўнікоў украінскай улады», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Польшчы.