Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) не выключаюць, што Беларусь імкнецца стварыць на сваёй тэрыторыі вытворчасьць іранскіх бесьпілётнікаў Shahed.
«Іран і Беларусь паглыбляюць двухбаковую супрацу, пры гэтым падтрымліваючы вайну Расеі ва Ўкраіне», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 31 ліпеня.
Экспэрты інстытуту мяркуюць, што за падпісаньнем між Беларусьсю і Іранам мэмарандуму аб узаемаразуменьні і пляну вайсковай супрацы на 2023 год стаяць перамовы аб куплі і продажы вайсковых сродкаў.
«Магчыма, Беларусь таксама імкнулася заключыць пагадненьне аб вытворчасьці іранскіх бесьпілётнікаў Shahed на тэрыторыі Беларусі, перш былі паведамленьні, што Іран імкнецца пераўтварыць завод у Гомельскай вобласьці Беларусі ў завод для вырабу Shahed», — патлумачылі экспэрты.
У справаздачы ISW таксама прааналізавалі дзейнасьць расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі. Паводле экспэртаў, вагнэраўцы могуць «выціснуць расейскую армію з пазыцыі ключавога партнэра войскаў Беларусі ў навучаньні».
«Адметная новая роля групоўкі „Вагнэр“ у навучаньні. Беларускія вайскоўцы звычайна праводзяць такія вучэньні з расейскімі інструктарамі і абапіраюцца на расейскіх арганізатараў усіх шматбрыгадных вучэньняў, у якіх раней ISW не назірала ўдзелу вагнэраўцаў», — мяркуюць экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з 11 ліпеня ў Беларусь прыбылі ўжо 13 калён з тэхнікай, якая можа належаць наймітам «Вагнэра».
- Раней амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што найміты ППК «Вагнэр», якія перабазаваліся ў Беларусь, не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Ўкраіны, «прынамсі, пакуль яны ня будуць пераабсталяваныя мэханізаванай тэхнікай».