Амбасадары Эўразьвязу ўхвалілі новыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску.
Інфармацыю пра гэта са сваіх крыніцаў у Брусэлі атрымаў эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк. Рашэньне пра санкцыі мае быць апублікаванае цягам наступных некалькіх дзён.
У прыватнасьці, рашэньне Рады Эўразьвязу прадугледжвае наступные меры:
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь агнястрэльнай зброі, яе частак і неабходных кампанэнтаў, і боепрыпасаў да яе.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгіяў, якія маглі б паспрыяць вайскова-тэхнічнаму ўмацаваньню Беларусі альбо разьвіцьцю яе абарончага патэнцыялу і забесьпячэньню бясьпекі.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь пэўных відаў паўправадніковых прыбораў, інтэгральных схемаў, фотаапаратаў і аптычных кампанэнтаў, іншых электрычных/магнітных кампанэнтаў і электронных прыладаў.
- Забарону на продаж, пастаўку, перадачу або экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгіяў, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі або касьмічнай прамысловасьці, уключаючы авіяцыйныя рухавікі і іх часткі.
- Таксама ў рашэньні апісваецца намэнклятура забароненай для экспарту электронікі. Гаворка ідзе пра тыя яе віды, якія спрыяюць разьвіцьцю абароннага патэнцыялу і гарантаваньню бясьпекі Беларусі, а таксама тыя віды электронікі, якія выкарыстоўвае Расея для яе вайны супраць Украіны, якія спрыяюць разьвіцьцю абароннага патэнцыялу і вытворчасьці ўзбраеньня ў Расеі.
Як ужо паведамлялі раней, рашэньне ЭЗ не прадугледжвае ніякага зьмягчэньня санкцыяў адносна экспарту беларускіх угнаеньняў. Гэтага зьмягчэньня дамагаўся шэраг краінаў Эўразьвязу.
Эўразьвяз ня ўводзіў новыя санкцыі адносна Беларусі з чэрвеня 2022 году.
Кроніка санкцыяў ЭЗ 2022 году
На працягу году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключылі фізычных і юрыдычных асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, увялі абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюць для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў увялі забарону на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключыў ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT тры беларускія банкі: «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.