На пасяджэньні ўраду Мікалай Папэску заявіў, што Малдова дзесяцігодзьдзямі была «мішэньню варожых дзеяньняў і палітыкі з боку Расеі», у тым ліку празь яе пасольства.
Улічваючы гэта, улады Малдовы вырашылі абмежаваць колькасьць расейскіх дыпляматаў у краіне, «каб было менш асобаў, якія дэстабілізуюць краіну», перадае малдоўская служба Радыё Свабода.
Па словах афіцыйнага прадстаўніка МЗС краіны Ігара Захарава, Малдова вышле 18 дыпламатаў і 27 супрацоўнікаў тэхпэрсаналу амбасады Расеі ў Кішынёве. Такім чынам, у расейскім дыппрадстаўніцтве застанецца 10 дыпляматаў і 15 супрацоўнікаў тэхпэрсаналу.
У сваёй заяве Папэску згадаў журналісцкае расьсьледаваньне аб антэнах на дахах расейскага пасольства ў Малдове. Журналісты выявілі на іх ня менш за 28 антэн, здольных улоўліваць любы тып сыгналу. Таксама яны высьветлілі, што антэны пэрыядычна настройвалі супрацоўнікі пасольства, зьвязаныя з расейскімі спэцслужбамі. Раней такое расьсьледаваньне выйшла пра антэны на дахах расейскіх пасольстваў у розных краінах Эўропы.
У сувязі з гэтым у МЗС Малдовы выклікалі амбасадара Расеі Алега Васьняцова. Ён абвінаваціў Кішынёў у русафобіі і патлумачыў, што антэны ўсталявалі яшчэ ў канцы 1990-х гадоў, калі ў Малдове нібыта была дрэнная сувязь.