Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзяржаўная прапаганда заклікае да рэпрэсій супраць беларускамоўных


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пытаньне ў тым, колькі людзей страцяць здароўе, свабоду і, верагодна, жыцьці, каб большасьці стала зразумела, што расейская цяпер выкарыстоўваецца як зброя для вынішчэньня ўсяго беларускага.

Штодзень гаварыць па-беларуску я стала ў дзясятай клясе, калі вучылася ў Берасьцейскім гарадзкім ліцэі і маімі профільнымі дысцыплінамі былі беларуская і ангельская мовы. Праўда, беларускамоўных аднаклясьніц ці аднаклясьнікаў у мяне не было, і мой моўны пераход там успрымалі альбо нэўтральна, альбо рэзка нэгатыўна. Потым быў Ліцэй БДУ, у якім стаўленьне да тых, хто звычайна гаварыў па-беларуску, было добрае. Зрэшты, не дарма Ліцэй тады лічыўся найлепшай школай у краіне.

Але я памятаю, як у Берасьці кіроўцы маршрутак не разумелі, што значыць «на прыпынку, калі ласка», як у Менску прадавачка ў краме магла сказаць «а можно на нормальном языке?», і як нібыта пазытыўна настроеныя людзі па змоўчваньні былі ўпэўненыя, што я настаўніца беларускай мовы. Мяне гэта ўсё, вядома, раздражняла і нават злавала, і я думала, што ўсё кепска.

Зь беларускімі рэаліямі так часта — табе штосьці не падабаецца, ты думаеш, што ўсё вельмі кепска, а потым здараецца нешта такое, пасьля чаго да цябе прыходзіць усьведамленьне, што было... цярпіма. Ня добра, вядома ж, але нашмат лепей, чым цяпер. Дантэ быў дужа аптымістычны, абмежаваўшы пекла, бо ў лукашызму межаў няма. І заўжды, заўжды можа быць горш.

Напрыклад, у адным з галоўных дзяржаўных СМІ ў Беларусі можа зьявіцца вялікі тэкст, сутнасьць якога — культываваць нянавісьць да беларускай мовы і да людзей, якія ёй карыстаюцца ў штодзённым жыцьці. Нянавісьць да людзей, для каго беларуская мова — гэта ня проста ўрок у школе, на якім нават настаўніца пэрыядычна намякае, што яго трэба проста перацярпець.

Вядомы прапагандыст пералічвае разнастайныя абразы, быццам выхваляючыся, колькі словаў ён ведае. Для яго выхоўваць дзіця па-беларуску — гэта нацыяналізм, а нацыяналізм — гэта калябарацыянізм. Мяркую, няма сэнсу падрабязна расьпісваць лягічныя памылкі, зь якіх Мукавозчык складае свае калёнкі, але трэба разумець, што ён адлюстроўвае цяперашнюю лёгіку і аргумэнтацыю дзяржаўных органаў. І гэтая лёгіка несуцяшальная для ўсіх, каму беларускасьць хоць трошкі важная.

Зрэшты, прысуд Паўлу Белавусу за «распаўсюд ідэй беларускага нацыяналізму» паказаў ужо, да чаго ўсё ідзе. Цяпер Мукавозчык фактычна заклікае да рэпрэсій супраць беларускамоўных людзей. Што будзе далей? Гэта не рытарычнае пытаньне, і, баюся, адказ на яго нам дужа не спадабаецца.

Рана ці позна мы мусім як грамадзтва зразумець, што расейская мова не павінна быць дзяржаўнай, і што ўвогуле яе статус нічым не павінен адрозьнівацца ад усіх іншых замежных моваў. Бо цяперашняя сытуацыя, у якой расейская стала асноўнай мовай для большасьці людзей у Беларусі, — гэта наступства яшчэ савецкай акупацыі і наша трагедыя. Цяпер жа яшчэ выразьней бачна, што гэтая мова выкарыстоўваецца як зброя для вынішчэньня ўсяго беларускага.

Яна ня можа быць «проста другой мовай», як бы ні спрабавалі нам давесьці людзі, якія кажуць, што няма ніякай розьніцы, на якой мове гавораць беларусы. Бо калі разьвіваць размову, заўжды аказваецца, што розьніца акурат ёсьць, і яны насамрэч маюць на ўвазе, што гаварыць трэба па-расейску.

Пытаньне толькі ў тым, колькі людзей страцяць здароўе, свабоду і, верагодна, жыцьці, каб гэта стала зразумела большасьці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG