«Першая група пілётаў — гэта першая хваля, якая пойдзе на перападрыхтоўку, потым другая, і гэтак далей. Гэта пілёты, якія ўжо пройдуць непасрэдную падрыхтоўку з інструктарамі ў розных краінах, якія прадаставілі нам пляцоўкі», — сказаў прэс-сакратар камандаваньня Вайскова-паветраных сіл Юры Ігнат.
Юры Ігнат адзначыў, што Ўкраіна ня можа адправіць усіх адразу на вучэньні, бо «напэўна, мы не атрымаем адразу тры эскадрыльлі».
ЗША не адкладаюць навучаньне ўкраінскіх пілётаў на F-16, заявіў дарадца ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван. У інтэрвію CNN ён пацьвердзіў, што ЗША дазволяць эўрапейскім краінам пачаць навучаньне ўкраінскіх пілётаў-зьнішчальнікаў выкарыстаньню F-16 пасьля паведамленьняў, што Эўропа чакае афіцыйнага ўхваленьня.
«Прэзыдэнт даў зялёнае сьвятло, і мы дазволім, падтрымаем, паспрыяем і фактычна дамо неабходныя інструмэнты для таго, каб украінцы пачалі навучаньне на F-16, як толькі эўрапейцы будуць гатовыя», — сказаў ён.
Саліван адзначыў, што эўрапейскія лідэры заявілі, што ім спатрэбіцца некалькі тыдняў, каб падрыхтаваць трэнавальныя аб’екты: «Злучаныя Штаты ня будуць перашкаджаць таму, каб гэтыя трэнінгі на F-16 маглі пачацца».
Сэнатар-рэспубліканец Дэніэл Саліван, былы марскі пяхотнік, хоць пахваліў Джо Байдэна за яго дзеяньні на нядаўнім саміце NATO, але раскрытыкаваў адміністрацыю за «павольнае прасоўваньне» сыстэм узбраеньня ва Ўкраіну, асабліва маючы на ўвазе сытуацыю з F-16: «Як я прадказаў, яны ўрэшце будуць, але гэта займае занадта шмат часу».
Днямі падчас саміту Альянсу ў Вільні міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў паведаміў, што афіцыйна створана кааліцыя для падрыхтоўкі ўкраінскіх пілётаў на зьнішчальніках F-16 з удзелам 11 краін-партнэраў і кіраўніцтва Даніі і Нідэрляндаў.