Улады Кіева забаранілі публічнае выкананьне твораў на расейскай мове

Вулічныя музыкі на вуліцах Кіева, 2017. Ілюстрацыйнае фота
Вулічныя музыкі на вуліцах Кіева, 2017. Ілюстрацыйнае фота

Кіеўскія ўлады забаранілі публічнае выкарыстаньне расейскамоўнай музыкі, кніг, тэатральных і цыркавых спэктакляў у сталіцы Ўкраіны.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы рады Кіева.

Рашэньне аб забароне ў Кіеве расейскамоўнай музыкі, кніг, тэатральных і цыркавых паказаў на рускай мове падтрымаў 71 дэпутат Кіеўскай рады.

Па словах кіраўніка пастаяннай камісіі адукацыі і навукі, моладзі і спорту Кіеўскай рады Вадзіма Васільчука, рашэньне аб забароне расейскамоўнага культурнага прадукту на тэрыторыі сталіцы Ўкраіны прынялі, каб «абараніць украінскую інфармацыйную прастору ад гібрыдных узьдзеяньняў дзяржавы-агрэсара».

«Фактычна прадугледжана забараніць публічнае асьвятленьне і дэманстрацыю расейскамоўных тавараў і паслуг, якія створаны ў працэсе ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў сфэры культуры. Гэта кнігі, мастацкія альбомы, аўдыёвізуальныя творы, музычныя гуказапісы, вырабы мастацкіх промыслаў, тэатральныя і цыркавыя паказы, канцэрты і культурна-адукацыйныя паслугі. Расейская — мова краіны-агрэсара, і ёй ня месца ў сэрцы нашай сталіцы», — падкрэсьліў Васільчук.

Ён таксама дадаў, што, акрамя гэтага, мараторый распаўсюджваецца і на аб’екты матэрыяльнай і духоўнай культуры, якія маюць мастацкае, гістарычнае, этнаграфічнае і навуковае значэньне і падлягаюць захаваньню, узнаўленьню і ахове ў адпаведнасьці з заканадаўствам Украіны.

З пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ўлады Кіева актывізавалі працу ў перайменаваньні абʼектаў сталіцы, назвы якіх былі зьвязаны з Расеяй ці СССР.

У красавіку 2023 году ўлады Кіева разарвалі дамову арэнды зямлі з пасольствам Расеі і зьвярнуліся да ўраду Ўкраіны з просьбай вярнуць яго маёмасьць ва ўласнасьць дзяржавы.

Амбасада Расеі ва Ўкраіне не працуе з 24 лютага 2022 году. У 1992 годзе Расея арандавала 0,39 га зямлі на Паветрафлёцкім праспэкце, 27 у Саломенскім раёне Кіева, дзе і быў разьмешчаны будынак пасольства.

​
XS
SM
MD
LG