Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сахашчык лічыць, што ні вагнэраўцаў, ні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі пакуль няма


Валер Сахашчык, архіўнае фота
Валер Сахашчык, архіўнае фота

Ні байцоў ПВК «Вагнэр», ні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі пакуль няма, такую думку выказаў журналістам 11 ліпеня ў Вільні прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінэта (АПК) па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык.

«Ня хочацца захапляцца кансьпіралёгіяй. Але мы ня ведаем дамоваў, якія насамрэч заключаныя. Час пакажа. Але, мне здаецца, іх (вагнэраўцаў) шмат не прыедзе ў Беларусь. Лукашэнка пабаіцца пускаць вялікую колькасьць. Ён памятае 2020 год, калі нават 30 вагнэраўцаў яго спалохалі», — сказаў палітык.

Ён сьцьвярджае, што беларускія вайскоўцы нэгатыўна ставяцца як да магчымага прыезду вагнэраўцаў, так і да разьмяшчэньня ў краіне расейскай ядзернай зброі.

«Што ў гэтым добрага — пусьціць вялікую колькасьць бандытаў? Ня проста бандытаў, а яшчэ і са ссунутай псыхікай пасьля вайны. Мы разумеем, якія наступствы гэтага могуць быць для нашай краіны», — сказаў Сахашчык.

Прадстаўнік АПК таксама паведаміў пра сытуацыю з байцамі палку імя Кастуся Каліноўскага Янам Дзюрбейкам і Сяргеем Дзёгцевым, якія з чэрвеня мінулага году знаходзяцца ў расейскім палоне.

«Паводле інфармацыі, якую я маю, яны жывыя, — сказаў Сахашчык. — Я неаднаразова размаўляў з прадстаўнікамі ўкраінскіх спэцслужбаў, якія займаюцца вяртаньнем палонных. Вельмі далікатная тэма. Людзі нічога канкрэтнага не гавораць. Кажуць: „Так, мы памятаем, так, мы ведаем, мы працуем па сваіх альгарытмах“. Увогуле і ўсё».

Пры гэтым у яго няма інфармацыі, які іх стан здароўя і дзе канкрэтна яны цяпер.

11 ліпеня Міністэрства абароны анансавала прыбыцьцё вагнэраўцаў у Беларусь, але не назвала тэрміны. У паведамленьні гаворыцца, што калі яны прыбудуць і разгрупуюцца на палігонах «для правядзеньня заняткаў і ўзаемнага абмену вопытам», асаблівую ўвагу плянуецца ўдзяліць «прыёмам і спосабам вядзеньня баявых дзеяньняў Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка ўжо заяўлялі, што першыя тактычныя ядзерныя боепрыпасы ўжо дастаўленыя ў Беларусь. Апошні паведамляў, што пастаўкі завершацца да канца году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG