Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе выйшла кніга Фелікса Аксёнцава «Марнатраўны сын: тэксты песень беларускіх рок-гуртоў 1987 — 2023»


Фота кнігі — з Фэйсбуку Фелікса Аксёнцава
Фота кнігі — з Фэйсбуку Фелікса Аксёнцава

Фелікс Аксёнцаў — аўтар тэкстаў песень легендарных беларускіх рок-гуртоў ULIS, «Крама», «Бонда» выдаў зборнік тэкстаў песень беларускіх рок-гуртоў, якія напісаў у 1987-2023.

Пра гэта сам аўтар паведаміў у Фэйсбуку.

У зборніку, які выйшаў у праскім выдавецтве «Вясна», сабраныя больш за 50 тэкстаў песень Фелікса Аксёнцава. Таксама ў кнізе шмат гістарычных фатаздымкаў музыкаў, і нават ёсць QR коды, каб паслухаць іх альбомы.

Фелікс Аксёнцаў падзякаваў рэдактару кнігі Сяргею Шупу, мастаку Андрэю Дарохіну, а гэтаксама рок-музыкам і сябрам, на чыю музыку напісаныя ягоныя тэксты.

«Дзякуй — Слава Корань, Ігар Варашкевіч, Сяржук Краўчанка, Кірыл Шэвандо, Ваня Маркаў, Міхаіл Рубін! — напісаў аўтар у сацсетках. — Калі б ня [вы] і ня [ваша] творчасьць — гэтай кнігі проста не было б».

Выдавецтва «Вясна» прыводзіць цытату з прадмовы да зборніка, якую напісаў літаратар Ян Максімюк:

«The past is a foreign country; they do things differently there. Гэтая фраза, напісаная ангельскім аўтарам гадоў семдзесят таму, прыходзіць мне на думку кожны раз, калі спрабую вярнуцца ў мінуласьць і прыгадаць, што тады адбывалася са мною і тымі, якія сустракаліся на маёй дарозе. І кожны раз міжвольна думаецца: было такое ў рэальнасьці? Дзе цяпер тая мінулая і чужая краіна? Каму яна належыць?».

Як паведамляе выдавецтва, кнігі ўжо едуць у Варшаву, дзе трапяць на паліцы віртуальнай «Кнігаўкі» на партале allegro.pl. Тым жа чытачам, хто знаходзіцца ў Чэхіі або ў «далейшым ад Польшчы сьвеце» — раяць зьвяртацца непасрэдна ў выдавецтва — па адрасе vesnav@seznam.cz.

Фелікс Аксёнцаў — аўтар тэкстаў да культавых альбомаў ULISa — «Чужаніца», «Краіна Доўгай Белай Хмары», «Танцы на даху»; гурта «Крама» — «Зацьменны блюз». З 1996 году жыве ў Ванкувэры (Канада).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG