Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зацьвердзілі Канцэпцыю прававой палітыкі, якая дапускае абмежаваньне правоў чалавека


Затрыманыя ў Савецкім РУУС Менска, 2020
Затрыманыя ў Савецкім РУУС Менска, 2020

Абмежаваньні правоў чалавека дазволілі сярод іншага «ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі».

Аляксандар Лукашэнка ўказам ад 28 чэрвеня зацьвердзіў Канцэпцыю прававой палітыкі фармальна з мэтай «разьвіцьця прававой сыстэмы з улікам абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама сучасных выклікаў і задач, якія стаяць перад дзяржавай і грамадзтвам».

30 чэрвеня дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Сярод іншага канцэпцыя вызначае «гісторыка-культурныя асновы і ідэалягічныя імпэратывы прававой палітыкі» Беларусі.

Ідэалягічнымі імпэратывамі вызначаны «дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць, нацыянальная бясьпека, забесьпячэньне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, гарантый іх рэалізацыі, сацыяльная справядлівасьць, балянс правоў і абавязкаў чалавека і грамадзяніна, сацыяльная адказнасьць кожнага, свабода і роўнасьць, патрыятызм, народаўладзьдзе, дабрабыт, устойлівае разьвіцьцё».

У дакумэнце напісана, што што ўсе выкладзеныя ў ім «ідэалягічныя імпэратывы» павінны знаходзіць «непасрэднае адлюстраваньне і разьвіцьцё ў прававой сыстэме», бо «на іх аснове фармуецца заканадаўства, выбудоўваецца эфэктыўная правапрымяняльная практыка і ажыцьцяўляецца прававая асьвета».

Асноўнай задачай дзяржавы ў канцэпцыі названа «забесьпячэньне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, гарантый іх рэалізацыі».

«Абмежаваньне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна дапускаецца выключна законам у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасьці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб».

А як насамрэч

У Беларусі цяпер каля 1500 палітвязьняў, дзясяткі тысяч чалавек прайшлі праз арышты, допыты, многія заявілі аб катаваньнях, вядома пра сьмерці падчас разгону акцыяў пратэсту 2020 году і ў турмах. Крымінальныя справы па гэтых фактах і заявах не заводзіліся.

Праваабаронцы штодня паведамляюць пра арышты і гвалтоўныя затрыманьні ў розных гарадах Беларусі, сілавікі паказваюць відэа з затрыманымі, блякуецца перапіска з палітвязьнямі, шмат судоў адбываецца ў закрытым рэжыме, адвакаты ня могуць паведамляць дэталяў справы.

Паводле дакладу Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН ад сакавіка 2023 году, умовы ўтрыманьня ў турмах Беларусі адносяцца да жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага для годнасьці абыходжаньня і катаваньняў.

Зьняволеным не аказваецца своечасовая мэдыцынская і юрыдычная дапамога. Палітычныя зьняволеныя Аляксандр Віхор, Дзяніс Кузняцоў, Вітольд Ашурак і Мікалай Клімовіч загінулі ў зьняволеньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG