Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі працягваюцца беспарадкі, пасьля таго як паліцыя застрэліла падлетка


Падпалены пратэстоўцамі аўтамабіль у прыгарадзе Парыжа, 29 чэрвеня 2023 г.
Падпалены пратэстоўцамі аўтамабіль у прыгарадзе Парыжа, 29 чэрвеня 2023 г.

У Парыжы і яго прыгарадах, а таксама ў некаторых іншых гарадах Францыі ў ноч на чацьвер працягнуліся беспарадкі, якія ўспыхнулі за дзень да таго, калі паліцыянт застрэліў 17-гадовага аўтамабіліста.

Затрыманыя сама меней 150 чалавек, паведаміў міністар унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманэн.

Удзельнікі беспарадкаў падпалілі дзясяткі аўтамабіляў, перакрывалі вуліцы, рабавалі крамы, закідалі паліцэйскіх камянямі і фаервэркамі, у адказ тыя прымянілі сьлезацечны газ.

Невядомыя атакавалі фаервэркамі пост аховы ля ўваходу на тэрыторыю другой па велічыні ў Францыі турмы ў горадзе Фрэн на поўдзень ад Парыжу. Па дадзеных крыніцы Le Monde у паліцыі, на тэрыторыю турмы ім прарвацца не ўдалося.

Сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй адбыліся таксама ў Лілі, Тулюзе і Ліёне.

Трагедыя адбылася 27 чэрвеня ў прыгарадзе Парыжа Нантэры. Паводле дадзеных паліцыі, юнак, які знаходзіўся за рулём, Наэль М., адмовіўся падпарадкавацца яе патрабаваньням і быў застрэлены. Аднак на відэазапісе здарэньня, які трапіў у сацсеткі, бачна, што падчас праверкі аўтамабіля адзін з паліцэйскіх трымае кіроўцу пад прыцэлам. Калі аўтамабіль пачынае рух, паліцыянт робіць стрэл і трапляе кіроўцу ў грудзі. Лекарам, якія прыбылі на месца, уратаваць 17-гадовага юнака не ўдалося. Як паведамляе Rfi, 38-гадовы паліцыянт, які стрэліў у кіроўцу, быў узяты пад варту па падазрэньні ў наўмысным забойстве.

У сувязі са здарэньнем былі распачатыя два расьсьледаваньні, паведамляе выданьне. Адно зь іх — па абвінавачаньні ў супраціве арышту і спробе забойства. Другое расьсьледуецца Генэральнай інспэкцыяй нацыянальнай паліцыі па абвінавачаньні ў наўмысным забойстве.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што ўзрушаны тым, што здарылася, і заклікаў спыніць гвалт і праявіць спакой, «каб справядлівасьць магла перамагчы». Ён таксама запатрабаваў расьсьледаваць забойства падлетка паліцыянтам у найкарацейшыя тэрміны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG