Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы шмат пілі і казалі: „Нам усё роўна паміраць“». Што вядома пра расейскую вайсковую прысутнасьць у Беларусі


Расейскія салдаты ў Беларусі. 2022
Расейскія салдаты ў Беларусі. 2022

У Беларусі пашыраецца расейская вайсковая прысутнасьць. Апроч «жывой сілы», якая вучыцца тут ваяваць, у краіну могуць завезьці (ці ўжо даставілі) ядзерную зброю.

Аляксандар Лукашэнка 13 чэрвеня заяўляў, што ўжо мае ядзерныя «ракеты і бомбы».

«Ракеты і бомбы ў нас ужо ёсьць, Расея перадала»

9 чэрвеня ў Сочы Пуцін паведаміў Лукашэнку, што «7–8 ліпеня заканчваецца падрыхтоўка адпаведных збудаваньняў, і адразу ж пачнём мерапрыемствы, зьвязаныя з разьмяшчэньнем на вашай тэрыторыі адпаведных відаў узбраеньняў».

13 чэрвеня ў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай Лукашэнка сказаў:

«У нас ёсьць ракеты і бомбы. Мы атрымалі ад Расеі». Ён дадаў, што «думаю, пройдзе некалькі дзён — і мы будзем мець тое, што мы і прасілі. І нават крыху больш».

16 чэрвеня Ўладзімір Пуцін заявіў:

«Мы частку гэтай тактычнай ядзернай зброі перамесьцім на беларускую тэрыторыю. Гэта адбылося. Але толькі першыя. Гэта першая частка. Да канца лета мы гэтую працу выканаем цалкам».

19 чэрвеня кіраўнік украінскай выведкі Кірыла Буданаў у эфіры нацыянальнай тэлевізіі паведаміў, што пакуль ніводнай боегалоўкі з Расеі ў Беларусь не перамясьцілі.

22 чэрвеня непадалёк ад Баранавічаў разьбіўся вайсковы верталёт МІ-24. Пра гэта афіцыйна паведаміла Мінабароны Беларусі. Прыналежнасьць верталёта да вайскова-паветраных сілаў Беларусі не падкрэсьлівалася, ускосныя сьведчаньні дазваляюць меркаваць, што ён мог быць расейскім. Прысутнасьць вайсковай расейскай авіяцыі ў Беларусі ў апошнія месяцы афіцыйна не прызнавалася.

«Страх прымяненьня нашмат сур’ёзьнейшы, чым само прымяненьне»

Былы афіцэр вышэйшага зьвяна Аляксей (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) у камэнтары Свабодзе на ўмовах ананімнасьці выказаў думку, што расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі насамрэч можа яшчэ ня быць. Паводле суразмоўцы, ніхто афіцыйна ня скажа, дзе менавіта ў Беларусі будзе разьмешчана тактычная ядзерная зброя. Ён лічыць, што боегалоўкі могуць перамяшчаць зь месца на месца і называе гэта нармальнай агульнасусьветнай практыкай.

«І ў Расеі, і ў ЗША іх цягаюць туды-сюды. Там на цягніках, у нас на цягачах МАЗаўскіх. Нашы дарогі гэта дазваляюць. Канечне, прымаючы меры сакрэтнасьці і бясьпекі. Стратэгічная ядзерная зброя захоўваецца ў шахтах. Тыя ж не перацягнеш нікуды. Тыя шахты, што былі ў БССР, яны, хутчэй за ўсё, у непрыдатным стане, затопленыя яшчэ з 90-х. Але з захоўваньнем тактычнай зброі няма праблемаў. Ёсьць месцы захоўваньня, ёсьць інфраструктура, пабудавана лягістыка, прынятыя меры бясьпекі. Але самога прадмета абмеркаваньня, на маю думку, можа і ня быць на гэты момант. Зброю могуць прывезьці ў апошні момант», — кажа экспэрт.

Суразмоўца дадае, што месцы для захоўваньня тактычнай ядзернай зброі могуць быць у Беларусі ўжо падрыхтаваныя.

«Па-першае, у нас такі мэнталітэт — ашчадна ставіцца да гаспадаркі. Тыя месцы захоўваньня, якія засталіся ад БССР, яны ж не разбураныя, яны былі проста закансэрваваныя. Іх раскансэрваваць нядоўга, падлатаць там. Хоць я б асабіста ставіў на тое, што збудуюць новыя сховішчы — у мэтах бясьпекі. Гэта ня так складана, ня шахты ж капаць. Зброю ж ня кінуць усю ў адну кучу, у адно месца, разьмяркуюць па розных. І гэта таксама сусьветная практыка», — тлумачыць Аляксей.

Аляксей дадае, што Беларусь амаль заўсёды была буфэрнай зонай, і таму лягічна, што тут будзе разьмешчана «зброя Суднага дня».

«У Калінінградзе ёсьць, паставяць і ў Беларусі. Бо пад бокам жа такая пагроза, як NATO. У ядзернай зброі самае галоўнае не прымяніць яе, а мець. Гэта зброя „апошняга ўдару“, страх перад яе прымяненьнем нашмат сур’ёзьнейшы, чым само прымяненьне», — кажа былы вайсковец.

«Не прагназую, але не выключаю, што можа спрацаваць у будучыні эфэкт „пацука, загнанага ў кут“. І ніхто ня дасьць гарантый, што ў яго (Пуціна. — РС) не „ўпадзе клямка“ ў гэты момант. Гэта можа быць нанесены прэвэнтыўны ўдар. Але як зрэагуе сьвет? Ядзерная дзяржава нанесла ўдар па няядзернай? Упішацца NATO? Але ж гэта не напад на краіну NATO. Такога раней не было ў практыцы, таму і няма ніякіх пратаколаў, што рабіць у гэтым выпадку. Як у вайне з Гітлерам доўга ня ведалі, што рабіць», — кажа Аляксей.

«Расейцы кпілі зь беларусаў, казалі: «Вы сц...куны»

Жыхар Беларусі Арцём (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі на просьбу героя. — РС) нядаўна адслужыў тэрміновую службу ў 38-й брыгадзе (Берасьце, паветрана-дэсантныя войскі. — РС). Але ў пачатку чэрвеня яго забралі туды ж на вайсковыя зборы. Ён кажа, што зборы цягнуліся два тыдні і там было шмат тых, хто нядаўна адслужыў.

«Сустракаў там расейцаў мабілізаваных. Яны там праходзілі падрыхтоўку. Заўважыў, што моцна пілі, казалі: «Ат, нам усё роўна паміраць». Зь беларусаў кпілі, казалі: «Мы ваюем, а вы сц...куны», — падзяліўся Арцём.

Паводле суразмоўцы, у 5-й частцы спэцназу (Мар’іна Горка. — РС) могуць праходзіць падрыхтоўку мабілізаваныя ў прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр». Такія размовы ходзяць у вайсковых колах. А пад Гомлем можа зьявіцца новая вайсковая частка, прычым расейская. Пра гэта таксама ўскосна сьведчаць факты, якія прыводзіць выданьне «Флагшток».

У населеных пунктах Прыбарскага сельсавету (вёскі Прыбар, Новая Буда, Піянэр) людзям адмаўляюць у зямельных участках пад будаўніцтва. Мясцовыя сьцьвярджаюць, што зямля адышла да расейскай вайсковай часткі. Журналіст выданьня «Флагшток» патэлефанаваў у Прыбарскі сельсавет, і на ягоныя пытаньні чыноўнікі далі так адказ:

«У Прыбары і Піянэры ў нас забарона. Зьвязана з тым, што тут вайсковая частка на тэрыторыі сельсавету. Цяпер гэтым кіруе Міністэрства абароны».

Каля Прыбару ёсьць 1393-я артылерыйская база боепрыпасаў Міністэрства абароны. Ведамства плянуе ў гэтым раёне маштабнае будаўніцтва. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» са спасылкай на зьвесткі аб закупках міністэрства.

Крыніцы Свабоды таксама паведамляюць, што ў вайсковую частку пад Урыцкім у Гомельскім раёне перамясьцілі вайскоўцаў з-пад Слоніма. Гаворка можа ісьці пра 11-ю брыгаду. Пад Урыцкім да гэтага часу была вайсковая частка з афіцыйнай назвай «Трэці радыёлякацыйны вузел 1052-га асобнага радыётэхнічнага батальёну». Гэтая частка займаецца аховай паветранай прасторы Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG