Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея акупавала Беларусь». Украінскі юрыст патлумачыў, чаму нельга прызнаваць Беларусь агрэсаркай і патрабаваць рэпарацыяў


Колішні намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, спэцыяліст у канстытуцыйным праве Андрэй Магера. Архіўнае фота
Колішні намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, спэцыяліст у канстытуцыйным праве Андрэй Магера. Архіўнае фота

Андрэй Магера заявіў, што ўхваленьне пастановы Вярхоўнай Рады Ўкраіны аб прызнаньні Беларусі дзяржавай-агрэсаркай ня створыць ніякіх наступстваў для Аляксандра Лукашэнкі.

Колішні намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ўкраіны, спэцыяліст у канстытуцыйным праве Андрэй Магера лічыць, што больш эфэктыўным рашэньнем Вярхоўнай Рады Ўкраіны было б прызнаньне Беларусі акупаванай Расеяй краінай, а не дзяржавай-агрэсаркай.

«Мы павінны разумець, што беларускі народ даўно знаходзіцца ў расейскай акупацыі; расейцы даўно паводзяць сябе на беларускай зямлі, як у сябе дома. І ня трэба нам згадваць пра выбар беларусамі Лукашэнкі. Па-першае, адзінымі несфальсыфікаванымі выбарамі ў Беларусі былі выбары 1994 году, а па-другое, не марсіяне, а ўкраінцы ўжо выбіралі сабе Януковіча ў 2010 годзе», — напісаў Андрэй Магера на сваёй старонцы ў Facebook.

Сваю пазыцыю юрыст абгрунтаваў гістарычнымі фактамі — нагадаў, як у 1956 годзе СССР з тэрыторыі Ўкраіны ўчыніў збройную агрэсію супраць Вугоршчыны, а ў 1968-м — супраць тагачаснай Чэхаславаччыны, як у 1979 годзе СССР увёў войскі ў Афганістан, а ў 2008-м дысьлякаваныя на тэрыторыі Ўкраіны караблі Чарнаморскага флёту Расеі ўдзельнічалі ў агрэсіі супраць Грузіі.

Андрэй Магера лічыць, што ў выпадку прызнаньня Беларусі дзяржавай-агрэсаркай будзе створаны прэцэдэнт у міжнародным праве, які дазволіць краінам, якія пацярпелі ад уводу савецкіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны, таксама патрабаваць рэпарацыяў.

«Агульнавядома, што Ўкраінская Народная Рэспубліка была акупавана бальшавіцкай Расеяй. На месцы колішняй УНР стварылі саюзную рэспубліку — УССР як частку СССР. У 1944 годзе ў сьпешным парадку ва ўсе Канстытуцыі саюзных рэспублік унесьлі зьмены, якія прадугледжвалі стварэньне рэспубліканскіх народных камісарыятаў замежных спраў, зь цягам часу — МЗС. Мэта была зразумелая — у часе заснаваньня ААН атрымаць для СССР не адзін голас, а адразу 17. Урэшце заснавальнікамі ААН сталі толькі дзьве саюзныя рэспублікі, БССР і УССР. Усе мы цудоўна разумеем, што Ўкраіна зьяўляецца адзінай правапераемніцай УССР», — адзначыў юрыст.

Андрэй Магера перакананы, што ўхваленьне пастановы Вярхоўнай Рады Ўкраіны аб прызнаньні Беларусі дзяржавай-агрэсаркай ня створыць ніякіх наступстваў для Аляксандра Лукашэнкі.

«Можам яму насыпаць хіба солі на яго пацучыны хвост, бо эканамічныя і культурныя сувязі зь Беларусьсю спыненыя. Але афіцыйная лукашэнкаўская прапаганда атрымае дадатковы шанец дастукацца да нэўтральных і пазытыўна настроеных да Ўкраіны беларусаў. Апроч таго, беларусы, якія ўцяклі ад рэжыму і жывуць ва Ўкраіне, ня змогуць атрымаць дазвол на пражываньне і ня змогуць падавацца на грамадзянства Ўкраіны», — заявіў юрыст.

«Ці думалі мы, якой будзе рэакцыя байцоў беларускага палку імя Каліноўскага, калі яны даведаюцца, што змагаюцца за свабоду Ўкраіны дзеля таго, каб іхныя бацькі, жонкі і дзеці плацілі Ўкраіне кампэнсацыю? Таму я супраць магчымага рашэньня парлямэнту аб прызнаньні Беларусі дзяржавай-агрэсаркай. Трэба ўхваліць іншую пастанову — аб прызнаньні Беларусі акупаванай Расеяй і аб непазьбежнай адказнасьці тых беларусаў, якія садзейнічаюць агрэсіі Расеі супраць Украіны», — падкрэсьліў Андрэй Магера.

16 чэрвеня 25 дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны зарэгістравалі праект пастановы аб прызнаньні Беларусі краінай-агрэсаркай. Як сказаў ініцыятар гэтага рашэньня Яраслаў Юрчышын, «адказнасьць павінна несьці і краіна, з тэрыторыі якой учыняецца расейская агрэсія».

Паводле працэдуры, спачатку праект пастановы павінен разгледзець профільны камітэт парлямэнту і рэкамэндаваць яго ўключыць у парадак дня чарговай або бліжэйшай сэсіі. Парадак дня фармуе пагаджальная рада, якая складаецца з кіраўнікоў фракцый і парлямэнцкіх камітэтаў. Пастанова будзе лічыцца ўхваленай толькі ў тым выпадку, калі яе ў залі падтрымаюць 226 дэпутатаў.

Летась у жніўні ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістравалі праект пастановы аб прызнаньні ў сьвеце Беларусі дзяржавай — спонсарам тэрарызму. Але ўжо амаль год праект гэтай пастановы так і не разгледжаны.

Рэжым Лукашэнкі падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG