Ордэну не аднавіў і цяпер працуе лекарам у польскай вёсцы. Пра гэта ён расказаў блогу «Галасы». Радыё Свабода перадрукавала гэты тэкст.
Антон Юран скончыў мэдыцынскі ўнівэрсытэт у Менску 2007 годзе. Ён меў мару служыць манахам у каталіцкім шпітальным ордэне Сьвятога Яна Божага. Але на тэрыторыі Беларусі ордэн скончыў сваё служэньне (папросту быў закрыты ўладамі) пасьля паўстаньня 1863 году. Таму Антон паехаў у Польшчу з марай вярнуцца некалі на радзіму і аднавіць тут дзейнасьць арганізацыі.
Юран пасяліўся ў Катовіцах, уступіў у ордэн і працаваў лекарам у шпіталі, які акурат і належаў манахам.
«Пацьвердзіў з часам дыплём і прайшоў інтэрнатуру. Яна ў Польшчы цягнецца пяць гадоў. Працаваў лекарам унутраных хваробаў, па-нашаму тэрапэўтам. Манахі-шпітальеры звычайна маюць мэдыцынскую адукацыю, каб прафэсійна дапамагаць людзям. Апроч працы ў шпіталях, яны ўтрымліваюць дамы дапамогі псыхічна хворым ці старым людзям. Таксама трымаюць сталоўкі для бедных. У мяне была такая ідэя — спалучыць служэньне ў ордэне і сваю прафэсію», — тлумачыць суразмоўца.
У Катовіцах Антон жыў і працаваў каля дзесяці гадоў. У 2021-м вярнуўся ў Беларусь. З Польшчы разам зь ім прыехалі двое братоў-манахаў. Аднак у Беларусі Юрану не залічылі гады працы ў Польшчы, адпаведных пагадненьняў паміж краінамі няма. Таму Юран пайшоў у раённую паліклініку як інтэрн, трапіў у тэрапэўтычнае аддзяленьне.
«Нашай мэдыцыне аналягаў няма»
Каб уладкавацца на працу, Антон хадзіў у аддзел аховы здароўя. Кажа, што там надта зьдзівіліся, як і потым у паліклініцы, што лекар вярнуўся з Польшчы, каб працаваць у Беларусі.
«Афіцыйна яны кажуць, што наша мэдыцына ледзь не найлепшая ў сьвеце і „аналягаў няма“. Калі ж я прасіўся на працу, то на мяне глядзелі, як на ненармальнага, і задавалі пытаньне: „Чаму ты вярнуўся з Польшчы?“. Напэўна, вырашылі, што я нейкі дурань. Адказваў, што тут блізкія і сумаваў па радзіме», — успамінае лекар.
Юран вяртаўся падчас эпідэміі каранавірусу, засьпеў і «чырвоныя зоны», і «ковідныя брыгады». Нават атрымліваў «ковідныя» надбаўкі. Усяго ж за месяц працы на стаўку яму выходзіла ад 800 да 1200 рублёў.
«Бачыў неяк чарговы разнос беларускіх мэдыкаў, якія выкінулі недзе там прышчэпкі. Ну але як па-іншаму, калі ў мэдыцыне прыгоннае права і прыгнёт? Памятаю тыя часы. „Насельніцтва“ мусіла быць прышчэпленае, але многія не хацелі. Таму мэдсёстры бралі зьвесткі пацыентаў і пісалі справаздачы, што яны прышчапіліся. А прышчэпкі потым пайшлі на сьметнік. Таму што Міністэрства накрычала на аддзел аховы здароўя, тыя разьнесьлі галоўных дактароў — і так пакацілася да паліклінік», — успамінае Антон.
Суразмоўца кажа, што ў Менску ён папрацаваў тэрапэўтам каля году. Прызнаецца, што ідэяй аднавіць ордэн шпітальераў гарэў у асноўным ён. Браты-палякі, праўда, паехалі зь ім у Беларусь, але без зацікаўленасьці.
«Таму вось так, натуральным чынам, мая ідэя правалілася. Я выйшаў з ордэну і ў 2022 годзе вярнуўся ў Польшчу», — кажа беларус.
«Ксёндз і доктар у вёсцы — важныя людзі»
Антон гаворыць, што не хацеў ехаць у вялікі горад і жыць там «у бэтонным мурашніку». Шукаў спакою і таму знайшоў працу ў невялікай вёсцы ў Падкарпацкім ваяводзтве, на паўднёвым захадзе Польшчы.
«Тут у вёсках такія традыцыі і лад жыцьця, што ксёндз і доктар — важныя людзі. Яшчэ солтыс. Мужчыны ідуць у добраахвотную пажарную дружыну, жанчыны — у „Кола вясковых гаспадынь“. Разьмеркаванае спакойнае жыцьцё», — кажа суразмоўца.
Цяпер ён працуе як лекар агульнай практыкі. Гаворыць, што розьніцы паміж пацыентамі ў Беларусі і Польшчы не заўважаў: «Там і там людзі, з рознымі характарамі і ступеньню прэтэнзій», могуць і скаргу напісаць.
«Сыстэма ўладкавана зусім ня так, як у Беларусі. Большасьць лекараў працуюць самі на сябе. Груба кажучы, я ў сваім доме магу „адбіць“ пакой, выканаць патрабаваньні санстанцыі і прымаць людзей. Тая „амбуляторыя“ ў вёсцы, дзе я працую, прыватная. Але на сваю дзейнасьць яна атрымлівае грошы з Народнага фонду здароўя. Я зь імі падпісваю дамову, як у нас бы сказалі, як індывідуальны прадпрымальнік. Атрымліваю заробак за гадзіны працы. Вузкія спэцыялісты маюць аплату за, скажам, колькасьць дасьледаваньняў ці апэрацый», — тлумачыць лекар.
«Можна зарабіць столькі, на колькі хапае здароўя»
Апроч «прыёму грамадзян» у амбуляторыі, Антон бярэ дзяжурства ў раённым шпіталі.
«Лекар можа тут зарабіць столькі, на колькі ў яго хапае здароўя. Можа прымаць адну гадзіну на дзень. Можа бегаць зь дзяжурства на дзяжурства і бываць дома два-тры разы на тыдзень. Я маю два-тры выходныя на месяц звычайна, часта бяру дзяжурства», — кажа суразмоўца.
Са сваіх заробкаў ён сам плаціць падаткі і пералічвае грошы ў сацыяльны фонд. «Чыстымі» за месяц атрымлівае каля 20 тысяч злотых (прыкладна 12,3 тысячы беларускіх рублёў). За сутачнае дзяжурства ён мае каля 2800 злотых (прыкладна 1700 беларускіх рублёў). Антон кажа, што гэта няшмат, бо лекары ня толькі ў Польшчы, але і іншых краінах Эўропы маюць добрыя заробкі.
«У Беларусі і самі заробкі невысокія, і лекары атрымліваюць мала, недзе нізка-сярэднія заробкі ў іх. Плюс няма асабліва выбару, мусіш працаваць на стаўку. Бо на палову стаўкі працягнеш ногі»,— лічыць Антон.
Як працуе сыстэма мэдыцыны ў Польшчы
Мэдыцынскую дапамогу ў Польшчы фінансуе Народны фонд аховы здароўя (Narodowy Fundusz Zdrowia, NFZ). Людзі карыстаюцца з мэдыцынскіх паслуг па страхоўцы, якую ці дае працадаўца, біржа працы (для беспрацоўных), альбо людзі купляюць яе самі.
Базавыя паслугі мэдыцыны аказваюць тэрапэўты (сямейныя лекары) і пэдыятры. Гэта базавая мэдыцынская дапамога (Podstawowa opieka zdrowotna, POZ), пункты начной і выхадной мэдыцынскай дапамогі пры паліклініках і шпіталях (nocna i świątecznа оріека zdrowotnа). Пры шпіталях ёсьць аддзелы экстранай дапамогі (SOR, Szpitalny oddział ratunkowy).
У Польшчы няма «прыпіскі» да паліклінікі, пацыенты самі выбіраюць сабе тэрапэўта і складаюць адпаведную дэклярацыю.
«На тэмпэратуру „хуткая“ не паедзе»
Лекар лічыць, што нараканьні беларусаў на польскую мэдыцыну ўзьнікаюць ад таго, што людзі прызвычаіліся ў Беларусі выклікаць «хуткую» на розныя дробязі.
«Калі я працаваў участковым тэрапэўтам у Беларусі, то ведаў, што многія мэдыкі пракліналі пацыентаў, якія пры высокай тэмпэратуры выклікалі лекара на дом. Нашы людзі так прызвычаіліся. У Польшчы „хуткая“ паедзе, калі ёсьць пагроза жыцьцю. Але што лепш? Ганяць „хуткую“ на кожны чых ці быць упэўненым, што пры інсульце цябе забяруць за 5 хвілін, давязуць за 20 хвілін і да гадзіны табе правядуць эндаваскулярную апэрацыю, каб аднавіць плынь крыві ў галаўным мозгу?», — кажа Антон.
Ён дадае, што ў Польшчы на цяжкія выпадкі па хворых могуць выслаць верталёт.
«Нядаўна каля райцэнтру рамантавалі мост і лекары прынялі рашэньне, каб ня траціць час, выклікаць для хворай жанчыны гелікоптэр», — заўважыў Антон.
Суразмоўца кажа, што практычна кожны раённы шпіталь тут мае ці кампутарны тамограф, ці магнітна-рэзанасны.
«Так, ёсьць чэргі да спэцыялістаў. Але гэта зьвязана ня столькі з дэфіцытам мэдыкаў, колькі з самой сыстэмай. Фонд здароўя выдаў фінансаваньне на сто кансультацый у месяц. Вось столькі іх і правядуць», — зазначыў беларус.
«30 гадоў дабівалі мэдыцыну»
Антон сьмяецца з таго, што нядаўна Лукашэнка абурыўся праблемамі ў мэдыцыне — нястачай кадраў, вялікімі чэргамі на дасьледаваньні.
«30 гадоў сыстэма дабівала што калгасы, што мэдыцыну, цяпер раптам прачнуліся. Лекары не з 2020-га пачалі выяжджаць, а раней. Проста пасьля 2020-га гэта было масава. Што кіраваньне мэдыцынай, што міліцыяй, што калгасам у Беларусі — адна сыстэма: „гнаць рабоў палкай да працы“. То чаму абурацца, што нічога не разьвіваецца? Вядома, прагрэс пэўны ёсьць. Збудавалі навукова-практычныя цэнтры, робяць складаныя апэрацыі. Але ў Польшчы ў раённым шпіталі робяць і складаныя дасьледаваньні, і апэрацыі», — кажа лекар.
Ён лічыць, што чалавек больш актыўна працаваў бы, каб адчуваў, што працуе на сябе і мае хоць нейкую справядлівасьць.
«У Польшчы вельмі разьвітае самакіраваньне, у тым ліку ёсьць „Палата лекараў“. Менавіта гэты інстытут як супольнасьць мэдыкаў прызнае права выконваць прафэсію. Раённыя шпіталі адносяцца да адміністрацыі раёну, мясцовага самакіраваньня. Ваяводзкія — да „абласной“ адміністрацыі. Ёсьць шпіталі пры ўнівэрсытэтах, пры манаскіх ці дабрачынных супольнасьцях, ёсьць прыватныя», — кажа Антон.