Як паведамляе прэсавая служба лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі, у сваім вітальным слове Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што ў 2020 годзе ў атмасфэры страху і тэрору «Вольны хор» знайшоў крэатыўны спосаб супраціву — пры дапамозе песьняў. Нават у выгнаньні, паводле Ціханоўскай, хор працягнуў натхняць беларусаў на барацьбу, распавядаць сьвету пра Беларусь.
Ціханоўская расказала, што ў рэпэртуары «Вольнага хору» ёсьць і песьня на верш яе мужа, які ён даслаў з турмы, таму творчасьць ініцыятывы ёй асабіста блізкая.
«Вольны хор» выканаў дзьве песьні – «Пагоню» і «Жыве Беларусь!» на словы Ўладзімера Някляева. Удзельнікі хору мелі на сабе бел-чырвона-белыя маскі і трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, а напрыканцы скандавалі «Жыве Беларусь!».
Сёньня ПАРЭ зацьвердзіла даклад аб праблемах беларусаў-уцекачоў.
Асамблея лічыць, што народ нельга атаясамліваць з рэжымам Лукашэнкі і што беларусы на эміграцыі не павінны зазнаваць дыскрымінацыю за ўдзел рэжыму ў вайне супраць Украіны.
Паводле ацэнак Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), ад 200 тысяч да паўмільёна беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну праз палітычныя рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.