Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж песьнямі Ярмоленкі і традыцыйнасьцю. Як на Падляшшы беларуская культура падзялілася на дзьве плыні


Беларускі традыцыйны гурт «Беларускі цуд»
Беларускі традыцыйны гурт «Беларускі цуд»

Улетку на Падляшшы праходзяць два беларускія фэстывалі: традыцыйнай культуры («Сонцаграй») і сучаснай («Тутака»). Расказваем, якую беларускую культуру ведаюць палякі, як яе прэзэнтуюць на Беласточчыне і як яна здолела падзяліцца нават у Польшчы.

Свабода пагаварыла зь людзьмі, якія захоўваюць і разьвіваюць беларускую культуру на Падляшшы: з прадстаўнікамі фонду «Тутака» Паўлам Станкевічам і Зьмітром Косьціным і старшынём Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы Васілём Сегенем.

Паралельна суіснуюць традыцыйная і постсавецкая культуры

Падляшша — самы беларускі рэгіён Польшчы з цэнтрам у Беластоку. Тут жыве шмат этнічных беларусаў-аўтахтонаў. Яны жылі тут спрадвеку і не абавязкова бывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гавораць і па-польску, і на падляскіх гаворках, у якіх можна пачуць падабенства як да беларускай, так і да ўкраінскай моваў. Тут ёсьць вёскі і мястэчкі, якія лічацца беларускімі асяродкамі, прыкладам Гайнаўка або Бельск Падляскі.

На Беласточчыне ідзе дыскусія, як прэзэнтаваць беларускую культуру, асабліва старадаўнюю, і якое мастацтва больш сапраўднае. Ёсьць дзьве плыні. Першую называюць традыцыйнай, або аўтэнтычнай культурай, другую — эстраднай, постсавецкай, папулярнай.

Падляскі гурт «Журавінкі», фэст «Сонцаграй», чэрвень 2023
Падляскі гурт «Журавінкі», фэст «Сонцаграй», чэрвень 2023

Чым яны адрозьніваюцца?

Першая, традыцыйная культура жыла ў побыце. Людзі сьпявалі падчас працы, за сьвяточным сталом, ішлі на танцы пасьля цяжкога тыдня, каб павесяліцца, знайсьці сабе пару. Умець танцаваць польку ці вальс было нечым натуральным. Гарманіста ці скрыпача часта лічылі першым хлопцам на вёсцы. Сярод прыкметаў традыцыйнага мастацтва — жывыя інструмэнты, архаічны «белы сьпеў» глыбокім голасам, ашчадныя рухі, каб танцаваць усю ноч, уласнаруч тканыя, шытыя і вышываныя касьцюмы. Людзі жылі культурай. У некаторых мясцовасьцях яшчэ могуць прыгадаць, што сьпявалі або танцавалі іхныя бабкі і дзяды гадоў сто таму.

Традыцыйныя жаночыя строі
Традыцыйныя жаночыя строі

Другая, эстрадная, культура зьявілася ў савецкі час. Яна мае эстэтыку афіцыйных «Дажынак», добра знаёмую беларусам. Яе стварылі штучна, на загад зьверху, перакананы прадстаўнік фонду «Тутака» Зьміцер Косьцін, які пераехаў зь Беларусі на Падляшша 15 гадоў таму. Яна вонкава трохі нагадвае старадаўняе мастацтва, але набыла шэраг азнак, не ўласьцівых аўтэнтычнай культуры.

Зьміцер Косьцін
Зьміцер Косьцін

«Гэта постсавецкая эстэтыка, якая дагэтуль застаецца „на топе“ ў Беларусі. Напрацоўкі, зьвязаныя з уяўленьнем пра беларускую культуру, якое стваралася ў чыноўніцкіх кабінэтах яшчэ з савецкіх часоў, перайшлі ў лукашэнкаўскую Беларусь», — кажа Зьміцер Косьцін.

Эстрадную культуру паказваюць са сцэны. У ёй можна ня браць актыўнага ўдзелу. Яна мае быць відовішчнай. Гэта шырокія рухі і высокія падскокі ў танцах. Сьпевы пад фанаграму. Прыдуманыя ў савецкі час песьні на мэлёдыі поп-музыкі. У Польшчы гэта і сьпевы ў папулярным стылі дыска-пола 1980-х гадоў. Яркія сцэнічныя касьцюмы. Менавіта гэты від беларускай культуры мае ў Польшчы, як і ў Беларусі, найбольшы распаўсюд.

Сьпевы на фэстывалі «Сонцаграй» на Падляшшы, чэрвень 2023 году
Сьпевы на фэстывалі «Сонцаграй» на Падляшшы, чэрвень 2023 году

«Камусьці не перашкаджае, што гурт з пэўнай мясцовасьці, дзе свая гаворка, свой фальклёр, сьпявае песьню Анатоля Ярмоленкі „Полька беларуская“ 1993 году. Камусьці не перашкаджае, што гурты сьпяваюць песьню „Чарка на пасашок“, адну зь вядучых на пралукашэнкаўскіх імпрэзах. Я больш ахвотна быў бы на імпрэзе, дзе граюць жывыя інструмэнты, а не „мінусоўка“», — спрабуе патлумачыць адрозьненьні ў двух падыходах Зьміцер Косьцін.

Заснавальнік фонду «Тутака» Павал Станкевіч з Падляшша называе такія відовішчныя танцы са сцэны «балетам». Ён сьцьвярджае, што танцаваць іх звычайным людзям, а не артыстам, складана.

Павал Станкевіч
Павал Станкевіч

«У постсавецкіх краінах ёсьць падыход, што народныя танцы можна апрацаваць накшталт балету і танцаваць як народныя танцы. Нібыта адбываюцца Дні беларускай культуры, але гэта проста дыскатэка. Як людзям танцаваць, калі яны бачаць на сцэне балет?.. Каб сьпяваць традыцыйныя сьпевы, ня трэба опэрнага голасу, і каб танцаваць традыцыйныя танцы, ня трэба быць балетным танцорам», — разважае ён.

Адначасна ён зазначае, што такі падзел плыняў цяжка зрабіць у рэальнасьці: звычайна на падляскіх імпрэзах яны перасякаюцца і спалучаюцца.

Маці з дачкой размалёўваюць ручнік традыцыйнымі ўзорамі праз шаблён, фэстываль «Сонцаграй», чэрвень 2023
Маці з дачкой размалёўваюць ручнік традыцыйнымі ўзорамі праз шаблён, фэстываль «Сонцаграй», чэрвень 2023

«Калі яны хочуць паслухаць эстрадную папсу, мы гэта ім прапануем»

Асноўным рухавіком эстраднай культуры на Беласточчыне застаецца Беларускае грамадзка-культурнае таварыства. Яго заснавалі ў 1956 годзе ў камуністычнай Польшчы. Яно шмат гадоў супрацоўнічала з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі. Толькі ў 2021 годзе гэтае супрацоўніцтва спынілі, бо такую ўмову паставілі ўлады Польшчы, расказаў Свабодзе старшыня БГКТ Васіль Сегень, які заўжды жыў на Падляшшы.

Васіль Сегень
Васіль Сегень

«Калі б мы карысталіся падтрымкай Беларусі, нас бы не падтрымлівала Польшча. Фінансаваньне польскім міністэрствам для нас азначае быць або ня быць нашай арганізацыі», — тлумачыць Васіль Сегень.

Цяпер польскія ўлады фінансуюць БГКТ. Арганізацыя ладзіць каля 40 імпрэзаў штогод: агульнапольскі фэстываль «Беларуская песьня», Дні беларускай культуры ў Беластоку, конкурс дэклямацыі беларускіх вершаў, Купальле ў Белавежы. Папярэдні старшыня Ян Сычэўскі кіраваў БГКТ 30 гадоў, меў ордэн Францішка Скарыны, наладжваў сувязі з рэжымам Лукашэнкі. Сёлета ён памёр.

«Беларускія дыпляматы не прывозілі ў Польшчу прадстаўнікоў беларускай культуры, якія не ўваходзілі ў рэжымны фармат. Таму на Беласточчыну прыяжджала Анжаліка Агурбаш, „фальклёрныя“ калектывы, якія па матывах традыцыйнага фальклёру стваралі эстрадны варыянт», — адзначае Зьміцер Косьцін.

Рэпэтыцыя падляскага гурту «Журавінкі», фэстываль «Сонцаграй», чэрвень 2023
Рэпэтыцыя падляскага гурту «Журавінкі», фэстываль «Сонцаграй», чэрвень 2023

Эстраднае мастацтва пашыраюць і дамы культуры на Падляшшы. Нават калектывы, якія раней займаліся аўтэнтычнай традыцыяй, пераключыліся на постсавецкі варыянт.

«Бывае, вельмі доўга трэба пераконваць людзей, каб яны засьпявалі песьні, якія сьпявалі іхныя бацькі, дзяды, бо штогод яны развучваюць песьні, прывезеныя зь Беларусі. У той жа час песьні тых месцаў, дзе мы робім свае канцэрты, амаль невядомыя», — зазначае прадстаўнік фонду «Тутака».

На думку старшыні БГКТ, такі падзел культурных плыняў робяць прадстаўнікі беларускай дыяспары, а не карэннае насельніцтва. Ён мяркуе, што эстраднае мастацтва — таксама культура беларусаў.

Карагод на фэсьце «Сонцаграй» на Падляшшы, праводзіць гурт «Жэмэрва», чэрвень 2023
Карагод на фэсьце «Сонцаграй» на Падляшшы, праводзіць гурт «Жэмэрва», чэрвень 2023

«Нашыя фэстывалі называюць „саветчына“. У нас іншай культуры зараз няма. Аўтэнтычнае, фальклёрнае выкананьне песень засталося ў невялічкім выглядзе», — кажа Васіль Сегень.

У адказ на пытаньне пра штучнасьць эстраднай культуры ён абапіраецца на попыт мясцовых жыхароў — яны больш любяць менавіта эстрадныя выступы.

«Для нас вельмі істотная публіка. Калі публіка гэтага хоча, яно хай будзе штучнае ці няштучнае, мы гэта робім для публікі. Калі яны прыходзяць і хочуць паслухаць гэтую эстрадную „папсу“, як некаторыя называюць, — калі ласка, мы гэта ім прапануем, пры поўнай пашане да аўтэнтычнага фальклёру», — тлумачыць Васіль Сегень.

Ён перакананы, што аўтэнтычная культура не зьбярэ аўдыторыі, асабліва маладой.

«Я не адмаўляю таго, што нашыя карані нам патрэбныя, і ня трэба іх адразаць. Але сьвет не стаіць на месцы, ён ідзе наперад. Ёсьць агульныя тэндэнцыі і зьмены. Калі паглядзець на мерапрыемствы, то ўбачым, што яны шматлюдныя ня там, дзе ансамблі сьпяваюць народную музыку, а дзе гучыць папулярная музыка», — камэнтуе старшыня БГКТ.

Гурт «Беларускі цуд»
Гурт «Беларускі цуд»

«Мы хочам паказаць, што нашая нацыя сэксі»

Чалавек, які зрабіў, бадай што, больш за ўсіх дзеля захаваньня аўтэнтычнай беларускай культуры на Падляшшы, — гэта этнограф Дарафей Фіёнік, аўтахтон зь Бельску Падляскага. Ён заснаваў прыватны Музэй малой айчыны ў Студзіводах і падляска-палескі фэстываль. Ягонаму калектыву традыцыйных сьпеваў і танцаў «Жэмэрва» нядаўна споўнілася 20 гадоў.

Дарафей Фіёнік
Дарафей Фіёнік
Гурт «Жэмэрва»
Гурт «Жэмэрва»

Зьміцер Косьцін кажа, што больш сапраўдную беларускую культуру, як старадаўнюю, так і сучасную, захоўвалі моладзевы дэмакратычны рух у Польшчы, Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Яны ладзілі фэстывалі «Басовішча» і «Бардаўская восень».

Апошнія тры гады ў Беластоку дзейнічае культурны фонд «Тутака», які таксама спрабуе адраджаць традыцыі. Яны робяць фэсты «Сонцаграй», «Тутака», «Бардаўская восень», ладзяць варштаты традыцыйнага сьпеву. Адна з мэтаў фонду — паказваць сапраўдную беларускую культуру, каб яе разумелі і жыхары Польшчы.

Зьміцер Косьцін тлумачыць, што фэст «Сонцаграй» узьнік, «каб вярнуцца да каранёў, паказаць, што гэтая культура вартая ўспаміну, што з гэтымі песьнямі і танцамі можна добра бавіцца».

Зьміцер Косьцін на фэстывалі «Сонцаграй»
Зьміцер Косьцін на фэстывалі «Сонцаграй»

«Калі твая нацыя не зьяўляецца „сэксі“, то складана думаць пра сваю тоеснасьць. Мы хочам паказаць, што нашая нацыя „сэксі“, яна багатая, тут шмат народнай культуры», — дадае Павал Станкевіч.

Сяржук Доўгушаў праводзіць Сьпеўны сход, фэст «Сонцаграй», чэрвень 2023
Сяржук Доўгушаў праводзіць Сьпеўны сход, фэст «Сонцаграй», чэрвень 2023
Сьпеўны сход, фэст «Сонцаграй», чэрвень 2023
Сьпеўны сход, фэст «Сонцаграй», чэрвень 2023

Фэст «Тутака» прадстаўляе сучасную сучасную беларускую культуру.

«Гэта троху нашчадак „Басовішча“. Гэта беларускае месца моцы. Мэта фэстывалю — супольна правесьці час, паказаць, што адбываецца ў беларускім арце, стварыць сямейную прастору, варштаты, дыскусіі», — камэнтуе Станкевіч.

Дзяўчына ў традыцыйнай беларускай кашулі з каляровымі афрыканскімі коскамі, фэст «Сонцаграй», чэрвень 2023
Дзяўчына ў традыцыйнай беларускай кашулі з каляровымі афрыканскімі коскамі, фэст «Сонцаграй», чэрвень 2023

Ён думае, што калі людзі ня будуць карыстацца творамі культуры, то яна зьнікне або стане «музэйным дзіўным творам».

«Калі мы хочам захаваць народную культуру, нам не патрэбны гледачы, нам патрэбны карыстальнікі, якія захочуць танцаваць, сьпяваць у сябе дома, зь сям’ёй», — падсумоўвае заснавальнік фонду «Тутака».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG