З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі сама меней 489 дзяцей, больш за тысячу атрымалі раненьні

Дзеці глядзяць на пашкоджаны ў выніку расейскай ракетнай атакі шматпавярховы жылы дом у Крывым Рогу. 13 чэрвеня 2023 году
Дзеці глядзяць на пашкоджаны ў выніку расейскай ракетнай атакі шматпавярховы жылы дом у Крывым Рогу. 13 чэрвеня 2023 году

У выніку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну загінулі ўжо сама меней 489 дзяцей, яшчэ 1026 атрымалі раненьні, паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны.

Як адзначаецца ў паведамленьні, лічбы не канчатковыя, працягваецца работа па іх усталяваньні ў месцах баявых дзеяньняў, а таксама на вызваленых тэрыторыях.

Больш за ўсё дзяцей пацярпела ў Данецкай вобласьці — 465, Харкаўскай — 284, Кіеўскай — 129, Херсонскай — 113, Запароскай — 91, Мікалаеўскай — 89, Днепрапятроўскай — 81, Чарнігаўскай — 71, Луганскай — 67.

Толькі ўчора, 17 чэрвеня, пацярпелі трое дзяцей. У Херсонскай вобласьці па дарозе зь мястэчка Алешкі ў вёску Сагі расейцы абстралялі цывільны аўтамабіль, у якім знаходзіліся бацька і 15-гадовы сын. Яны памерлі. У выніку абстрэлу расейцамі пасёлка Казацкае Херсонскай вобласьці паранены 17-гадовы хлопец. У горадзе Канстанцінаўка Данецкай вобласьці пацярпела 9-гадовая дзяўчынка.

Паводле стану на 5 чэрвеня Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека здолела афіцыйна пацьвердзіць гібель 8983 і раненьне 15442 мірных жыхароў Украіны ў выніку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня. У ААН падкрэсьліваюць, што рэальная колькасьць ахвяраў значна большая.

​
XS
SM
MD
LG