Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO праводзіць у Нямеччыне найбуйнейшыя ў гісторыі Альянсу вучэньні вайскова-паветраных сілаў


У манэўрах, якія атрымалі назву Air Defender 23, удзельнічае 10 тысячаў вайскоўцаў з больш як 20 краінаў-партнэраў і каля 250 самалётаў.

Пра гэта паведамляюць «Голас Амэрыкі» і Euronews.

Гэта найбуйнейшыя ў гісторыі вучэньні вайскова-паветраных сілаў Альянсу, арганізаваныя на фоне росту напружанасьці ў адносінах з Расеяй з прычыны вайны ва Ўкраіне.

Генэрал-лейтэнант Інго Герхартц, начальнік штабу ВПС Нямеччыны, заявіў: «Гэтыя вучэньні зьяўляюцца сыгналам — перш за ўсё, сыгналам для нас, для краінаў NATO, але таксама для нашага насельніцтва, што мы здольныя рэагаваць вельмі хутка. Нам удалося за некалькі дзён падрыхтаваць 250 самалётаў да разгортваньня, каб мы маглі абараніць Альянс у выпадку нападу».


Вучэньні, якія пачаліся ў панядзелак 12 чэрвеня, працягнуцца 10 дзён, іх будуць праводзіць у трох рэгіёнах на поўначы, усходзе і поўдні Нямеччыны.

У ліку 250 самалётаў, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях, — амэрыканскія і нідэрляндзкія F-35, а таксама выведныя самалёты AWACS, падразьдзяленьні дазапраўкі ў паветры і нават транспартныя авіяносцы ВПС Японіі.

NATO плянуе стварыць новую мадэль разьмеркаваньня сіл, у адпаведнасьці зь якой каля 300 тысячаў вайскоўцаў прывядуць у стан павышанай боегатоўнасьці.

Супрацьпаветраная абарона набыла новае значэньне для альянсу на фоне расейскіх ракетных удараў па ўкраінскай цывільнай інфраструктуры. Нароўні з боепрыпасамі гэта галіна, у якую саюзьнікі NATO, верагодна, будуць інвэставаць у бліжэйшыя гады.

  • 4 чэрвеня NATO пачала штогадовыя вучэньні «Балтыйскія апэрацыі», якія праходзяць у Балтыйскім моры. У вучэньнях задзейнічана каля 6 тысяч салдат, 50 караблёў і каля 45 самалётаў. Сярод іншага вайскоўцы адпрацоўваюць супрацьлодкавыя, супрацьпаветраныя і супрацьмінныя апэрацыі, працуюць з падводнымі і надводнымі бесьпілётнікамі. Вучэньні працягнуцца да 16 чэрвеня.
  • Адначасова з вучэньнямі NATO свае вучэньні ў Балтыйскім моры 5 чэрвеня пачала Расея. У іх удзельнічаюць больш за 3,5 тысячы вайскоўцаў, каля 40 караблёў, 25 самалётаў і верталётаў. На манэўрах адпрацоўваюць задачы абароны марскіх камунікацый і пунктаў базаваньня флёту. Расейскія вучэньні завершацца 15 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG