Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Поўная пераарыентацыя на расейскі рынак стратэгічна становіць вялікую пагрозу для беларускай эканомікі, — Лузгіна


Будынак Менскага аўтамабільнага заводу. Ілюстрацыйнае фота
Будынак Менскага аўтамабільнага заводу. Ілюстрацыйнае фота

Старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна аналізуе апошнія тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы.

Сьцісла:

  • Да канца году чакаецца паскарэньне росту цэнаў.
  • Танныя крэдыты прывядуць да інфляцыі і дэвальвацыі.
  • Заўсёды кепска, калі адна краіна мае такі вялікі эканамічны ўплыў на іншую.

— Для большасьці беларусаў даволі нечакана было даведацца з эканамічных статыстычных паказьнікаў, што за апошнія месяцы рост цэнаў нібыта спыніўся.

— Зыходзячы з статыстычных дадзеных, можна адзначыць, што ў эканоміцы за травень адбылася дэфляцыя, цэны зьнізіліся. Гэта, аднак, чаканы вынік, бо да яго прычынілілся сэзонныя фактары (патаньнелі садавіна і гародніна), плюс дзяржава зьніжае цэны на бэнзін.

Дасьледчыца Анастасія Лузгіна
Дасьледчыца Анастасія Лузгіна

Але гэта ня значыць, што такая тэндэнцыя працягнецца ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. Да канца году чакаецца паскарэньне росту цэнаў за кошт таго, што Нацбанк цяпер праводзіць мяккую грашова-крэдытную палітыку. Стаўкі на крэдытным рынку робяцца ніжэйшымі, даступнасьць крэдытаў дазваляе прадпрыемствам і насельніцтву больш пазычаць. Гэта будзе разганяць унутраны попыт і спрыяць інфляцыі. Плюс аднаўленчы рост эканомікі, які назіраецца сёлета, таксама будзе спрыяць росту цэнаў да канца году.

— Упершыню за шмат гадоў сёлета зьявілася станоўчае сальда ў гандлі Беларусі з Расеяй. Чым гэта тлумачыцца і наколькі доўгатрывалы гэты эфэкт?

— Беларускі гандаль з Расеяй традыцыйна меў адмоўнае сальда, бо Беларусь закупляла энэрганосьбіты, перапрацоўвала расейскую нафту і прадавала нафтапрадукты на Захад. Цяпер сытуацыя памянялася: экспарт на Захад моцна скараціўся, украінскі рынак таксама быў страчаны пасьля пачатку вайны. Усе гэтыя аб’ёмы ўлады паспрабавалі пераарыентаваць на расейскі рынак, які зрабіўся яшчэ болей даступны для беларускіх тавараў. Беларусь актыўней пастаўляе ў Расею тэхніку, электроніку, тавары лёгкай прамысловасьці, прадукты харчаваньня. Разварот паставак з Захаду на Расею і вызначыў зьмену гандлёвага сальда з Расеяй з адмоўнага на станоўчае.

— Рост экспарту ў Расею дасягнуты шляхам падвышэньня цэнаў ці за кошт падвышэньня таварных аб’ёмаў?

— Дэталёвай статыстыкі няма, але зразумела, што толькі за кошт росту цэнаў немагчыма было б дабіцца такога павелічэньня экспарту. Дарэчы, афіцыйныя дадзеныя Менску і Масквы адрозьніваюцца. Беларускі бок кажа пра 50 мільярдаў даляраў, расейскі — пра 43 мільярды. Але відавочна, што павялічыліся таварныя аб’ёмы. Расеі былі абрэзаныя пастаўкі заходніх тавараў, і Беларусь скарыстала гэтую магчымасьць для нарошчваньня аб’ёмаў свайго экспарту на расейскі рынак.

Але цяпер сытуацыя мяняецца. Па-першае, расейская прамысловасьць пачынае перабудоўвацца, сама вырабляць тыя тавары, якія пакуль пастаўляюцца зь Беларусі. Па-другое, нарошчваецца імпарт з Усходу, з таго ж Кітаю. Па-трэцяе, ёсьць і «паралельны», шэры імпарт з краінаў Захаду. Таму беларускі экспарт адчувае ўзмацненьне канкурэнцыі, і беларускія ўлады настойваюць на тым, каб і надалей зраўноўваць у правах расейскіх і беларускіх вытворцаў.

— Беларусы сталі актыўней браць спажывецкія крэдыты, пра што вы ўжо ўзгадалі. Да чаго гэта можа прывесьці?

— Зразумела, дзеля чаго гэта робіцца — каб рос ВУП. Афіцыйна пастаўлена задача, каб сёлета інвэстыцыі вырасьлі на 20 працэнтаў. Зьнешнія інвэстыцыі моцна абмежаваныя, таму застаюцца толькі ўнутраныя. Нацбанк усталяваў такія спрыяльныя стаўкі, што насельніцтва актыўней бярэ доўгатэрміновыя крэдыты, напрыклад, на будаўніцтва жыльля. Але гэта прывядзе ня толькі да росту інфляцыі, але і да росту імпарту. З улікам абмежаванасьці магчымасьцяў для замежнага гандлю, абмежаванасьці прытоку замежнай валюты гэта таксама можа прывесьці да хістаньняў на валютным рынку, да пэўнай дэвальвацыі беларускага рубля.

— Ці можна сказаць, што ўлада прывучылася жыць ва ўмовах эўрапейскіх санкцыяў і эканоміка ў значнай ступені прыстасавалася да гэтых новых рэаліяў?

— З аднаго боку, сапраўды, уладам удалося пераарыентаваць экспарт на Расею. Але трэба разумець, што той невялікі рост, які мы, магчыма, пабачым па выніках гэтага году, дасягнуты найперш дзякуючы нізкай базе мінулага году. Гэта рост адносна леташняга падзеньня, і ён не кампэнсуе тое падзеньне, якое склала 4,7 працэнта.

Так, эканоміка прыстасоўваецца, шукае шляхі. Але трэба разумець, што гэтая пераарыентацыя на расейскі рынак стратэгічна нясе вялікія пагрозы для беларускай эканомікі. Беларуская эканоміка традыцыйна была вельмі адкрытая сьвету, а цяпер непрапарцыйна ўзмацняецца ўплыў на яе з боку толькі адной краіны — Расеі.

Гэта ў прынцыпе заўсёды кепска, калі адна краіна мае такі вялікі эканамічны ўплыў на іншую. З улікам магчымых хістаньняў і дысбалянсаў малая краіна заўсёды больш уразьлівая. А калі ўлічыць тое, у якой эканамічнай і палітычнай сытуацыі цяпер сама Расея, гэтыя рызыкі ўзмацняюцца ў шмат разоў.

Таму гэтае прыглушваньне цяперашніх праблемаў у эканоміцы шляхам пераарыентацыі на Расею толькі павялічвае стратэгічныя рызыкі.

— Апошнім часам зьяўляюцца зьвесткі, што даходы насельніцтва ў Беларусі крыху растуць. За кошт чаго гэта дасягаецца?

— Мы бачым, што даходы аднаўляюцца, але магчымасьці бюджэту абмежаваныя, і значнае павелічэньне даходаў можа весьці да павелічэньня інфляцыі. Паводле афіцыйнага прагнозу, рост даходаў насельніцтва складзе каля 4 працэнтаў у рэальным выражэньні. Паўтаруся, што рост даходаў азначае рост спажывецкага імпарту.

— А ўлады ня могуць паспрабаваць адміністратыўна абмежаваць імпарт, каб беларусы куплялі беларускае?

— Гэта даволі складана зрабіць, асабліва з улікам таго, што ёсьць адкрытая мяжа з Расеяй. Абмежаваць імпарт, каб нанесьці шкоду гандлёвым структурам — гэта нікому ня трэба. Да таго ж гэта можа паўплываць на курс рубля — а Нацбанк пакуль прытрымліваецца адносна свабоднага курсаўтварэньня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG