Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне за «садзейнічаньне краіне-агрэсарцы» арыштавалі кіраўнікоў кампаніі, якая дапамагала будаваць БелАЭС


Беларуская АЭС. Архіўнае фота
Беларуская АЭС. Архіўнае фота

Беларуская АЭС дагэтуль так і не разьлічылася з украінскім партнэрам за пастаўленую ў 2019 годзе арматуру.

У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб узяцьці пад варту генэральнага дырэктара ўкраінскай прыватнай кампаніі «Кіеўскае цэнтральнае канструктарскае бюро арматурабудаваньня» і двух ягоных намесьнікаў па факце судзеяньня дзяржаве-агрэсарцы.

Паводле сьледзтва, кампанія супрацоўнічала з расейскім «Росатамам» нават пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і дапамагала будаваць пяць АЭС у розных краінах сьвету.

У СБУ паведамілі, што супраца адбывалася паводле адмыслова распрацаванай для абыходу санкцый схеме, калі фіктыўнымі замоўнікамі ўкраінскай прадукцыі выступалі падкантрольныя замежныя кампаніі.

З пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня кампанія «Кіеўскае цэнтральнае канструктарскае бюро арматурабудаваньня» правяла 16 экспартных апэрацый на карысьць Расеі на суму каля 42 мільёна грыўняў (каля 1,2 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС).

Крымінальную справу расьсьледуюць паводле артыкулу 111-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — дапамога краіне-агрэсарцы караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з забаронай займаць адказныя пасады цягам 10-15 гадоў і канфіскацыяй маёмасьці.

Гэтая кампанія дапамагала расейскай кампаніі «Росатом» будаваць Беларускую атамную электрастанцыю.

Адметна, што Беларуская АЭС дагэтуль так і не разьлічылася з украінскім партнэрам за пастаўленую ў 2019 годзе арматуру.

«Кіеўскае цэнтральнае канструктарскае бюро арматурабудаваньня» зьяўляецца манапалістам у сфэры распрацоўкі, сэрыйнай вытворчасьці і паставак трубаправоднай арматуры для атамных станцый.

Украінская кампанія апошнія некалькі гадоў праз суд у Кіеве спрабавала спагнаць зь беларускага ТАА «ЭнэргаСпэцАрматура» запазычанасьці за пастаўку з Украіны арматуры для будаўніцтва Беларускай АЭС.

Кантракт аб пастаўках арматуры на БелАЭС быў падпісаны ў 2018 годзе. Ягоная агульная вартасьць складала 11,3 мільёна расейскіх рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Падсумаваньне тыдня на Свабодзе – у адным суботнім лісьце! Усе эксклюзіўныя і важныя публікацыі за тыдзень – у нашай эмэйл-рассылцы: так вы ніколі не прапусьціце самае цікавае!

Дык падпісвайцеся!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG