Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўрадзе Беларусі адрэагавалі на рэзалюцыю Міжнароднай арганізацыі працы


Ірына Касьцевіч
Ірына Касьцевіч

Кіраўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч аб рашэньні МАП: «Мэта такіх крокаў калектыўнага Захаду — апраўдаць незаконныя і несправядлівыя санкцыі».

Міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касьцевіч бярэ ўдзел у сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы. Камэнтуючы рэзалюцыю аб Беларусі і прымяненьне супраць афіцыйнага Менску артыкулу 33 Статуту МАП, яна заявіла, што нібыта такім чынам «пляцоўкі розных міжнародных арганізацый выкарыстоўваюцца краінамі калектыўнага Захаду як дадатковы рычаг для аказаньня ціску» на Беларусь, і МАП ня стала выключэньнем.

На 111-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы Касьцевіч выказала пазыцыю ўладаў Беларусі: «Палітыка націску і санкцый — гэта тупіковы шлях». Гэтыя словы прыводзіць прэс-служба ведамства:

«Абапіраючыся на сваю фармальную большасьць у складзе Адміністрацыйнай рады, апанэнты Беларусі змаглі дамагчыся запуску працэдуры прымяненьня ў дачыненьні да нашай краіны артыкулу 33 Статуту МАП»— адзначыла Касьцевіч. — Беларусь актыўна супрацьстаіць гэтым спробам».

Што вырашылі ў МАП

На 111-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы ў Жэневе 12 чэрвеня прынялі рэзалюцыю аб Беларусі.

  • У дакумэнце прапануецца рэгулярна абмяркоўваць беларускае пытаньне, пакуль ня будзе даказана, што ўлады ў Менску выканалі свае абавязаньні ў рамках канвэнцыі 87 і 98 Міжнароднай арганізацыі працы — аб свабодзе асацыяцыі і аб праве на арганізацыю і на вядзеньне калектыўных перамоў адпаведна.
  • Урадам, прадстаўнікам працадаўцаў і работнікаў краін – сяброў МАП прапануецца перагледзець адносіны з уладамі Беларусі.
  • Ім таксама трэба «забясьпечыць выкананьне прынцыпу невыдварэньня» з улікам таго, што «ў Беларусі праваабаронцы і прафсаюзы зазнаюць рызыку перасьледу».
  • Зьмяшчаецца «настойлівы заклік» да ўладаў Беларусі тэрмінова прыняць місію МАП для вывучэньня таго, як выконваюцца рэкамэндацыі. Экспэрты місіі таксама маюць намер наведаць прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія знаходзяцца ў няволі.

Перасьлед прафсаюзаў у Беларусі

  • У ліпені 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў усе незалежныя прафсаюзныя арганізацыі: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыі, якія ўваходзілі ў яго склад — Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ), Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, працаўнікоў, энэргетыкаў (БНП), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Бальшыня іхных лідэраў знаходзіцца ў вязьніцах.
  • Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі асудзілі дзеяньні ўладаў Беларусі. Камітэт выкананьня нормаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў кіраўніцтва Беларусі неадкладна аднавіць права працоўных на свабоду асацыяцыяў.
  • Цяпер у беларускіх турмах знаходзяцца чатыры дзясяткі прафсаюзных актывістаў і лідэраў дэмакратычных прафсаюзаў. Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказалі рашучы пратэст супраць рэпрэсій у дачыненьні да незалежных прафсаюзаў. 5 студзеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды па крымінальнай справе лідэраў беларускіх незалежных прафсаюзаў. Судзьдзя Анастасія Папко прысудзіла Васілю Берасьневу, якому 73 гады, 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; Генадзю Фядынічу, якому споўнілася 66 гадоў, — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; Вячаславу Арэшку, які мае ўзрост 68 гадоў, —8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Раней, 26 сьнежня 2022 году, таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361). Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, якая агучыла прысуды: Аляксандру Ярашуку — 4 гады калёніі агульнага рэжыму; Сяргею Антусевічу — 2 гады; Ірыне Бут-Гусаім — 1,5 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG