Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамовы з Лукашэнкам — толькі пра здачу міжнароднаму правасудзьдзю», — былы старшыня Канстытуцыйнага суду Літвы


Літва будзе ўдзельнічаць у зборы доказаў, каб прыцягнуць да адказнасьці рэжым Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці, заявіла 12 чэрвеня на канфэрэнцыі ў Вільні літоўская прэм'ер-міністарка Інгрыда Шыманіце.

Пра пэрспэктывы суду над Лукашэнкам расказаў былы старшыня Канстытуцыйнага суду Літвы, дырэктар Цэнтру права і дэмакратыі JusticeHub Дайнюс Жалімас. Цэнтар разам зь Міністэрствам юстыцыі Літвы ладзіць канфэрэнцыю «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя».

— Якія дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, на вашую думку, могуць стаць падставай для абвінавачаньняў у рамках міжнароднага права?

— На гэтае пытаньне цяжка адказаць коратка, бо такіх дзеяньняў больш чым хапае. Па-першае, рэжым Лукашэнкі і ён сам — суагрэсары. Калі будзе спэцыяльны трыбунал па агрэсіі супраць Украіны, дык сярод абвінавачаных непазьбежна зьявіцца Лукашэнка.

Па-другое, гэта злачынствы супраць чалавечнасьці. Эўрапейскія палітыкі, юрысты, былыя і цяперашнія дакладчыкі ААН і АБСЭ адзіныя ў тым, што некаторыя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі дасягнулі ўзроўню злачынстваў супраць чалавечнасьці. Гэта масавыя сыстэмныя напады супраць цывільнага насельніцтва — масавыя і сыстэмныя катаваньні, масавае і сыстэмнае пазбаўленьне волі за дзейнасьць, якая ў дэмакратычным сьвеце зьяўляецца цалкам нармальнай: за ўдзел у мітынгах, за крытыку ўладаў, за прафэсійную дзейнасьць адваката ці журналіста.

Лукашэнка як асоба, якая аддае загады — не абавязкова нават пісьмовыя, — мае за гэта адказваць. Бо гэтыя дзеяньні будуць падмуркам, каб падвесьці яго пад крымінальную адказнасьць паводле міжнароднага права.

— Наколькі прасунуліся справы пра катаваньні ў Беларусі — справы, якія распачалі ў Літве ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі?

— Гэта справы ня толькі аб катаваньнях. Гэта гучыць часьцей, але там таксама справы аб незаконным пазбаўленьні волі. Напрыклад, беларускія судзьдзі, якія пасылаюць людзей за краты за тое, што ёсьць абсалютна нармальнай дзейнасьцю ў дэмакратычных краінах, — гэта таксама злачынцы. Гэтыя судзьдзі таксама робяць злачынствы супраць чалавечнасьці.

Гэта абʼяднана ў агульнае крымінальнае расьсьледаваньне. Нам сёньня паведамілі, што там пакуль што 44 пацярпелых, але я думаю, што гэтая лічба будзе расьці. Я не пракурор і ня ведаю ўсіх дэталяў справы, але на канфэрэнцыі казалі, што ў найбліжэйшы год будуць першыя вынікі. Гэта значыць, што будуць ордэры на арышт канкрэтных асобаў.

— Наколькі плённа вылучаць нейкія абвінавачаньні супраць Лукашэнкі і ягонага рэжыму, пакуль яны ва ўладзе ў Беларусі? Прэзыдэнт Францыі Макрон нядаўна казаў, што падтрымлівае трыбунал супраць Пуціна і расейскага рэжыму, але трэба быць асьцярожнымі — бо, маўляў, можа скласьціся сытуацыя, калі давядзецца весьці перамовы зь людзьмі, якія захоўваюць кантроль над Расеяй.

— Я б ня стаў перабольшваць значэньне словаў Макрона. Хоць ён і кіраўнік дзяржавы, але даволі часта мяняе свой пункт гледжаньня. Францыя ўжо не пярэчыць стварэньню спэцыяльнага міжнароднага трыбуналу па агрэсіі супраць Украіны.

Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі ўжо пераступілі нейкую рысу. Перамовы зь імі можна весьці толькі ў адным кірунку — як яны будуць здавацца таму ж міжнароднаму правасудзьдзю.

Наўрад ці чакаюцца нейкія раўнапраўныя перамовы з Расеяй. А мы разумеем, што Лукашэнка зваліцца ў наступны дзень пасьля таго, як Пуцін пацярпіць паразу.

Сам факт крымінальнага перасьледу можа напалохаць калі не самога Лукашэнку, дык тых, хто пабачыць, што зьявіліся канкрэтныя падазраваныя і абвінавачаныя, што выдаюцца ордэры на арышт. І некаторыя выканаўцы могуць падумаць і ўстрымацца ад такіх злачынстваў.

— Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» сёньня на канфэрэнцыі выказаў скептыцызм адносна магчымасьці стварыць нейкі Міжнародны трыбунал, які б займаўся злачынствамі рэжыму Лукашэнкі. Паводле Латушкі, ён ня бачыць энтузіязму з боку заходніх палітыкаў адносна такога трыбуналу. Вы падзяляеце гэтую думку?

— І так, і не. Так, мы пакуль ня бачым вялікага энтузіязму. Але канфэрэнцыя і арганізуецца, каб гэты энтузіязм прабудзіць.

Год таму мы ладзілі ў Вільні канфэрэнцыю наконт міжнароднага трыбуналу над Пуціным за агрэсію супраць Украіны. Тады гэта была чыста грамадзкая ініцыятыва. Але мы бачым, што за год энтузіязм зьявіўся. Цяпер ужо амаль ніхто не сумняваецца, што трыбунал патрэбны.

Таму тут трэба быць напорыстым, бо ніякай істотнай альтэрнатывы спэцыяльнаму міжнароднаму трыбуналу няма. Асобныя краіны могуць пачаць крымінальны перасьлед нейкіх асобаў шляхам унівэрсальнай юрысдыкцыі, але гэта ніколі ня будзе ўсёабдымным расьсьледаваньнем.

Калі глядзець на пэрспэктыву, у той ці іншай форме такі трыбунал непазьбежны.

— Што б вы адказалі прадстаўнікам рэжыму, якія заяўляюць, што ўсе абвінавачаньні супраць Лукашэнкі — чыста палітычныя нападкі за ягоную нібыта незалежную пазыцыю?

— Мы ведаем, якая там «незалежная пазыцыя». Тут добрая ілюстрацыя, калі Лукашэнка выклікаў так званага старшыню Вярхоўнага суду і яны пагутарылі, як ідуць крымінальныя справы «пад асабістым кантролем прэзыдэнта».

Гэта, пэўна, самы яркі прыклад «незалежнасьці», бо ня мае нічога агульнага з сапраўднай незалежнасьцю.

Я б сказаў: «Дарагія таварышы, мо вы перадумаеце і скончыце свае злачынствы? Інакш гэта абцяжарыць вашую адказнасьць».

Калі больш сурʼёзна, дык пытаньне адказнасьці пабудаванае на вельмі строгіх юрыдычных крытэрах, якія не вынаходзіла Літва, Польшча ці нейкая іншая дзяржава. Гэтыя крытэры закладзеныя ў Рымскім статуце Міжнароднага крымінальнага суду і грунтуюцца на міжнародным праве.

І гэтыя юрыдычныя крытэры паказваюць, што гэтыя таварышы, якія абвінавачваюць нас у тым, што мы займаемся нейкай палітыкай, самі праводзяць палітыку рэжыму — барацьбу з грамадзянскай супольнасьцю, зьнішчэньне любой апазыцыі і ўмацаваньне абсалютнай улады. Акрамя таго, яны займаюцца дэбеларусізацыяй, каб Беларусь ніколі не была беларускай, і дэгуманізацыяй, каб чалавек ня мог рэалізаваць сябе ў Беларусі.

Тыя людзі, якія ўсё гэта робяць, — асабліва судзьдзі, пракуроры і іншыя людзі зь юрыдычнай адукацыяй — разумеюць, што сьвядома абралі злачынны шлях. Яны не малыя дзеці і хай разумеюць, што адзіная пэрспэктыва для іх — сядзець за кратамі ў турме будучай дэмакратычнай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG