Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі заявілі аб супрацоўніцтве ў адукацыі з акупаванымі Расеяй тэрыторыямі Ўкраіны


Аляксандар Бахановіч, архіўнае фота
Аляксандар Бахановіч, архіўнае фота

Афіцыйны Менск «прапрацоўвае магчымасьці» адукацыйнага супрацоўніцтва з акупаванымі Расеяй часткамі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласьцей Украіны.

Гэта вынікае з заявы першага намесьніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Бахановіча.

Як паведамляе ТАСС, на палях II Моладзевага форуму краін СНД 8 чэрвеня ў Сочы Аляксандар Бахановіч на пытаньне аб супрацоўніцтве з «новымі рэгіёнамі Расеі» адказаў:

«Так, зараз прапрацоўваюцца такія магчымасьці, але зразумела, што гэта на пэрспэктыву, таму што там разбураная інфраструктура і ўнівэрсытэты пакуль у поўную меру не функцыянуюць».

Па словах Бахановіча, у часы СССР у Беларусі «былі вельмі добрыя сувязі з Данецкам, з Луганскам, з усімі гэтымі рэгіёнамі».

«У нас былі і сумесныя канфэрэнцыі, і сумесныя распрацоўкі, абмен, таму проста трэба аднавіць гэтыя сувязі», — сказаў намесьнік міністра.

Ён дадаў, што супрацоўніцтва паміж Масквой і Менскам у сфэры адукацыі «ўмацоўваецца з кожным днём».

3 чэрвеня дзяржсакратар так званай Саюзнай дзяржавы Дзьмітры Мязенцаў заявіў, што ў «аздараўленчых лягерах Менскай вобласьці» пабывала больш за 2 тысячы дзяцей з так званых «данецкай і луганскай народных рэспублік» — раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, якія не кантралююцца Кіевам.

Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генпракурора Ўкраіны завёў крымінальную справу па факце «прымусовай дэпартацыі больш за 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбаса, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў РФ.

«Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» (НАУ) на чале з намесьнікам старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта Паўлам Латушкам падрыхтавала справаздачу па фактах перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Паводле яго інфармацыі, на тэрыторыю краіны было вывезена сама меней 2150 дзяцей, у тым ліку 12 сірот, чые асобы ідэнтыфікаваныя.

Латушка і яго каманда прадставілі справаздачу кіраўніцтву Рады Эўропы, Эўрапарлямэнта, Генпракуратуры Украіны. НАУ дамагаецца прыцягненьня да адказнасьці за незаконную дэпартацыю дзяцей не толькі Аляксандра Лукашэнку, але і ўсіх, хто ў Беларусі спрыяў гэтаму працэсу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG