Вялікая Брытанія абвясьціла новы пакет санкцый супраць Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне

Вежа Біг-Бэн  і ўкраінскі сьцяг. Лёндан.
Вежа Біг-Бэн і ўкраінскі сьцяг. Лёндан.

Пад забарону трапілі золата, цэмэнт, драўніна і каўчук, таксама абмяжоўваецца доступ афіцыйнага Менску да брытанскага фінансавага рынку.

Вялікая Брытанія абвясьціла 8 чэрвеня аб новым пакеце санкцый супраць уладаў Беларусі за яе падтрымку расейскага ваеннага ўвараваньня ва Ўкраіну, уключаючы забарону на імпарт і новыя захады, накіраваныя на перадухіленьне інтэрнэт-прапаганды, паведамляе Reuters.

У Лёндане заявілі, што Беларусь зьяўляецца самым адданым хаўрусьнікам Расеі сярод былых савецкіх рэспублік і дазволіла выкарыстаць сваю тэрыторыю для пачатку ўварваньня Крамля ва Ўкраіну ў лютым 2022 года. У мінулым месяцы кіраўніцтва Расея і Беларусі заявіла аб разьмяшчэньні тактычнай ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі:

«Гэты новы пакет узьмацняе эканамічны ціск на Лукашэнку і ягоны рэжым, які актыўна спрыяе ваенным намаганьням Расеі і ігнаруе тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — заявіў міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймс Клевэрлі.

Новы пакет прадугледжвае забарону на імпарт золата, цэмэнту, драўніны і каўчуку зь Беларусі і блякаваньне экспарту ў Беларусь зь Вялікай Брытаніі банкнот і машын, а таксама тавараў, тэхналёгій і матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасьці хімічнай і біялягічнай зброі.

Вялікая Брытанія заявіла, што таксама зможа перашкодзіць беларускім мэдыя-кампаніям «распаўсюджваць прапаганду ў Вялікай Брытаніі» з дапамогай сацыяльных сетак і інтэрнэт-правайдэраў, якія абмяжоўваюць доступ да вэб-сайтаў беларускіх СМІ, якія трапілі пад санкцыі.

Урад Вялікай Брытаніі таксама будзе прымаць захады па барацьбе з тымі, хто абыходзіць санкцыі, у тым ліку шляхам абмежаваньня сродкаў, якія Беларусь можа прыцягнуць, шляхам далейшага абмежаваньня доступу Беларусі да фінансавых рынкаў Вялікай Брытаніі.

​
XS
SM
MD
LG