Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве падоўжыў яшчэ на два месяцы ўтрыманьне пад вартай беларускага добраахвотніка


Сымбал правасудзьдзя і дзяржаўны сьцяг Украіны. Ілюстрацыйнае фота
Сымбал правасудзьдзя і дзяржаўны сьцяг Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Юрыя Белавусава абвінавачваюць у трох цяжкіх злачынствах. У СІЗА ён ужо больш за 7 месяцаў.

Пячэрскі раённы суд Кіева падоўжыў да 29 ліпеня тэрмін знаходжаньня пад вартай для грамадзяніна Беларусі Юрыя Белавусава, які са жніўня 2022 году служыў па кантракце ва Ўзброеных сілах Украіны і ўдзельнічаў у баях за вызваленьне ад расейцаў паўднёвых тэрыторый краіны.

Як і на мінулым пасяджэньні суду абарона Юрыя Белавусава настойвала на зьмяненьні папярэдняй меры ўтрыманьня на хатні арышт, аднак суд, як і абвінавачаньне, палічылі, што ён можа ўцячы і схавацца ад суду, улічваючы магчымы тэрмін пакараньня за ўчыненае злачынства.

Юрыя Белавусава абвінавачваюць у трох цяжкіх злачынствах — незаконнае пазбаўленьне волі і выкраданьне чалавека (ч. 2 арт. 146 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны), катаваньне (ч. 2 арт. 127) і пагроза забойствам (ч. 1 арт. 129).

Беларуса затрымалі 18 кастрычніка 2022 году. Падставай стала тое, што ён не зьяўляўся на пасяджэньні суду. На судовым пасяджэньні адвакат Юрыя Белавусава заявіў, што той ня мог самавольна пакінуць тэрыторыю вайсковай часткі, каб прыехаць на судовы разгляд справы. Але суд не ўлічыў гэтых абставін.

Яшчэ адзін фігурант гэтай справы — Юры Іёнаў, вядомы баец батальёну «Азоў» 2014 году. Але ён загінуў у 2022 годзе пры абароне Марыюпалю. У розны час Юры Іёнаў быў актывістам шэрагу грамадзкіх арганізацый, якія стварыў яшчэ адзін вядомы азовец, Сяргей Кароткіх: ён да атрыманьня ўкраінскага пашпарта быў грамадзянінам Беларусі.

У часе расьсьледаваньня сьледчыя высьветлілі, што ў сьнежні 2017 году Юры Белавусаў і Юры Іёнаў ехалі на аўтамабілі BMW па Кіеве і, праяжджаючы па адной з цэнтральных вуліц, выехалі на пешаходную зону. Адзін зь мінакоў зрабіў ім заўвагу. У адказ яны запхалі таго ў аўтамабіль на задняе сядзеньне.

Як удакладніў на адным з судовых пасяджэньняў пракурор, Юры Белавусаў пагражаў пацярпеламу прадметам, падобным на пісталет, загадваў таму «легчы на зямлю тварам уніз і піць ваду з лужыны», а гэтыя дзеяньні суправаджаў «біцьцём і іншымі гвалтоўнымі дзеяньнямі».

Першапачаткова Юрыя Белавусава затрымалі 28 траўня 2020 году. Ён знаходзіўся пад вартай да 8 верасьня 2020 году — да таго моманту, калі суд зьмяніў меру папярэдняга стрыманьня на альтэрнатыўную, унясеньне грашовага закладу ў памеры 42 040 грыўняў (на той момант каля 1,5 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).

Ад жніўня 2022-га Юры Белавусаў служыў стралком у адной з вайсковых частак Узброеных сіл Украіны. Ягоныя камандзіры зьвярталіся ў суд з хадайніцтвам аб узяцьці беларуса на парукі, але суд у гэтым адмовіў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG