Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі апошняе інтэрвію Вітаўта Кіпеля. ВІДЭА


Вітаўт Кіпель, архіўнае фота
Вітаўт Кіпель, архіўнае фота

Відэазапіс зьявіўся на канале Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі.

З славутым дзеячам беларускай эміграцыі пагутарыла кіраўніца Асацыяцыі беларусаў Амэрыкі Надзея Нортан. У амаль 2-гадзінным відэа Вітаўт Кіпель, сярод іншага, расказаў, што дапамагло застацца беларусам і мацавала нацыянальны дух людзей.

«Элемэнты, нацыянальна ўзгадаваныя, яны былі, безумоўна. Пры немцах была школа, гімназія, і была СБМ. Пра гэтую СБМ сёньня кажуць, што там дзяцей ледзь ня жарылі на патэльнях. А там маладыя людзі зьбіраліся ў „штаб“ (гучнае вельмі слова — звычайны барак) і развучвалі песьні. Калі развучвалі песьню, нас ставілі ў калёну і гналі аж пад Інстытут фізкультуры, каб усе чулі, што яны сьпяваюць беларускія песьні. Народнай песьні не хапала, хацелася лірычную, нейкую патрыятычную.

Гэтак фармавалася перад Амэрыкай беларускасьць. А ўжо тут мы радаваліся, што ўдалося сфармаваць і школы, і настаўнікаў было шмат».

Таксама ў інтэрвію славуты беларускі дзеяч расказаў пра Джорджа Буша-старэйшага, зь якім цэлую гадзіну размаўляў пра Беларусь; пра іншага прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана; думкі пра прыезд у СССР; змаганьне за назву Belarus і вытворныя ад яе ў ангельскай мове.

Вітаўт Кіпель памёр у сьнежні 2022 году на 96-м годзе жыцьця. Гэта быў адзін з найстарэйшых і самых вядомых дзеячоў беларускай дыяспары ў ЗША, грамадзкі і палітычны дзяяч, дасьледнік гісторыі эміграцыі, геоляг, бібліёграф, шматгадовы супрацоўнік Радыё Свабода.

На працягу 40 гадоў Вітаўт Кіпель кіраваў Беларускім інстытутам навукі й мастацтва. Быў дасьледнікам гісторыі эміграцыі, бібліёграфам, аўтарам дасьледаваньня «Беларусы ў ЗША», адзінай на сёньня «Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе» (разам з Зорай Кіпель). Быў сябрам Прэзыдыюму Рады БНР, ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтру й Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, сябрам Вялікай рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG