Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек з дамінантным пачуцьцём адказнасьці. Памяці Вітаўта Кіпеля


Вітаўт і Зора Кіпелі падчас сустрэчы са студэнтамі ў Гомлі 11 траўня 1994
Вітаўт і Зора Кіпелі падчас сустрэчы са студэнтамі ў Гомлі 11 траўня 1994

У ЗША на 96-м годзе жыцьця памёр патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША, грамадзкі і палітычны дзяяч, дасьледнік гісторыі эміграцыі, геоляг, бібліёграф, шматгадовы супрацоўнік Радыё Свабода, старшыня Беларускага інстытуту навукі і мастацтва Вітаўт Кіпель.

Сёньня пра Вітаўта Кіпеля ўзгадваюць тыя, хто добра яго ведаў зь дзейнасьці дыяспары, навуковай ды выдавецкай працы.

«Мы доўга будзем адчуваць гэтую страту»

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР: «Страцілі мы аднаго з найбольш працавітых і адданых Бацькаўшчыне беларускіх патрыётаў. Усе мы моцна адчуваем гэтую страту і доўга будзем яе адчуваць.

Асабіста я заўсёды захаплялася ня толькі ягонай вялізнай працаздольнасьцю, але і ягонай здольнасьцю навязваць кантакты і з сваімі і з чужымі і пакідаць па сябе пачуцьцё задавальненьня. Няшмат хто з нашых дзеячаў мае гэтую здольнасьць, якая так моцна патрэбная нашаму народу менавіта ў гэты цяжкі пэрыяд нашай гісторыі.

Ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста хачу выказаць вялікую ўдзячнасьць Вітаўту Кіпелю за ўсё, што ён зрабіў за сваё доўгае жыцьцё на карысьць Беларусі. Алесю, Юрку і Лорэн, унукам і шматлікім сябрам перадаю маё глыбокае спачуваньне».

Прэзэнтацыя кнігі Вітаўта Кіпеля «Жыць і дзеіць». Сяргей Навумчык, Вітаўт Кіпель, Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк. Нью-Ёрк, жнівень 2015.
Прэзэнтацыя кнігі Вітаўта Кіпеля «Жыць і дзеіць». Сяргей Навумчык, Вітаўт Кіпель, Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк. Нью-Ёрк, жнівень 2015.

«Вітаўт быў чалавекам кнігі»

Сяргей Шупа, перакладнік, выдавец: «Вітаўт Кіпель называў беларусаў народам кнігі. І сапраўды, самы славуты беларус — ня князь, не палітык, не ваенны герой, а першадрукар Скарына, а беларускае адраджэньне новага часу было найперш зьвязанае зь літаратурай, з кнігай. І сам Вітаўт быў чалавекам кнігі. Кнігі былі ў цэнтры яго прафэсійнай дзейнасьці, кнігі ён любіў, зьбіраў, чытаў і ствараў сам. Мне пашчасьціла паўдзельнічаць у нараджэньні некалькіх яго кніг, і гэтае супрацоўніцтва прынесла незвычайны досьвед, плён і радасьць творчых зносінаў з родным па духу чалавекам.

Вітаўтава кніжнасьць яскрава выявілася ў яго працы ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва, якім ён кіраваў апошнія 40 гадоў. З-пад яго пяра або пры яго актыўным удзеле і падтрымцы выйшла цэлая бібліятэка навуковых і мастацкіх кніг, а рэдакцыйнай працай над часопісам „Запісы БІНіМу“ ён амаль зь юнацкай працаздольнасьцю займаўся да апошніх месяцаў, ужо лежачы ў ложку».

Верасень 1995, Іслач. Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан
Верасень 1995, Іслач. Юры Хадыка, Зора Кіпель, Васіль Быкаў, Вітаўт Кіпель, Дзьмітры Бугаёў, Адам Мальдзіс, Уладзімер Конан

«Адною ягонаю прысутнасьцю мы былі абароненыя, здавалася, ад усяго»

Лявон Юрэвіч, сябра ўправы БІНіМ (Беларускага інстытуту літаратуры і мастацтва): «Ілона Ўрбановіч-Саўка, даведаўшыся пра сьмерць Вітаўта, напісала, што мы пазбавіліся муру. І гэта вельмі дакладна. Адною ягонаю прысутнасьцю мы былі абароненыя, здавалася, ад усяго й маглі спакойна разам зь ім працаваць над кнігамі й чарговым томам „Запісаў“. Для кагосьці збоку БІНіМ можа падавацца вежаю з слановай косткі, куды не даходзяць водгукі жыцьця грамады, але гэта абсалютна ня так. Як ня раз паўтараў Вітаўт, каб займацца грамадзкаю справаю, трэба мець тоўстую скуру.

Адна з ключавых ідэяў шматгадовага дырэктара Інстытуту — можна дастаць грошы з кішэні й выдаць кнігу, але гэта няправільна. За выданьне кнігі мусіць быць адказнаю грамада, тады яна шануе гэтую кнігу, чакае яе й раіць іншым. Таму ён з году ў год рабіў дзясяткі званкоў, рассылаў па-над сотню капэртаў з зваротамі, тлумачэньнямі задумак новых выданьняў.

За часы ягонага дырэктарства БІНіМ з вылучна эміграцыйнай установы зрабіўся ўсебеларускаю, ня трацячы пры гэтым сваю ўнікальнасьць як адзінае месца (і „Запісы“ — адзінае выданьне), дзе б зьбіралася, дасьледавалася ўва ўсіх шматлікіх праявах жыцьцё беларускае эміграцыі. Гісторыя апошняга часу даводзіць, што працы значна пабольшала, на жаль».

«Эпізод, пра які грэх забыць...»

Ян Максімюк, перакладнік: «Зь Вітаўтам Кіпелем я пазнаёміўся ў 1991 годзе, калі прыехаў у Нью-Ёрк сабраць матэрыял і напісаць кніжку пра Беларускую гіміназію імя Янкі Купалы, якая працавала ў Нямеччыне ў лягерах перамешчаных асобаў у 1945–1950 гадах. Зора і Вітаўт Кіпелі разам з Алай Орсай-Рамана, былыя вучні гэтай гімназіі, былі галоўнымі ініцыятарамі гэтай кніжкі ды клапатлівымі апекунамі падчас майго паўгадовага побыту на «пісьменьніцкай стыпэндыі» у ЗША. Што й казаць, яны сталі самымі блізкімі для мяне асобамі сярод усёй беларускай эміграцыі.

Зь Вітаўтам Кіпелем я найчасьцей сустракаўся ў Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы, дзе ён адпрацаваў 26 гадоў на розных пасадах у навуковым аддзеле. Пры кожнай такой сустрэчы, на якой часьцяком прысутнічала і спадарыня Зора, якая тады працавала ці не апошні год у славянскім аддзеле бібліятэкі, спадар Вітаўт уручаў мне кучу шпаргалак з запісанымі адрасамі амэрыканскіх беларусаў, зь якімі мне рэкамэндаваў пагаварыць дзеля маёй кніжкі, а таксама з рознымі ідэямі і падказкамі наконт маёй працы. Было вельмі прыемна адчуваць, што ён ставіўся так уважліва да «дасьледніка»-пачаткоўца і, праўду сказаўшы, рыхтаваўся да такіх сустрэчаў значна больш дбайна, чым я сам.

Вітаўт Кіпель з папам Янам Паўлам ІІ, травень 1990 г.
Вітаўт Кіпель з папам Янам Паўлам ІІ, травень 1990 г.

Мы таксама сустракаліся пры розных «непрацоўных» нагодах: у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд-Парку, у рэстаране на абедзе ды таксама, як ні дзіўна, разы два выпадкова на вуліцы на Мангэтане, калі Зора і Вітаўт Кіпелі ішлі з матэрыяламі газэты «Беларус» у друкарню, якая недзе там была.

Падчас адной з такіх выпадковых сустрэчаў — я тады шпацыраваў па Мангэтане зь Сяргеем Шупам — Вітаўт Кіпель, нібыта нешта сабе прыгадаўшы, сказаў нам: «Слухайце, хлопцы, мне вось адзін дзядзька-беларус зь Мінэсоты прыслаў крыху грошай на БІНіМ, каб падтрымаць беларускую выдавецкую справу ў Амэрыцы. І мне падумалася, што будзе найлепш, калі я падтрымаю гэтым грашом вас, бо ж вы цяпер працуеце для БІНіМу». І спадар Кіпель сунуў нам зь Сяргеем у рукі па дзьвесьце даляраў. Прозьвішча таго дзядзькі мне не запомнілася (дый я ня ўпэўнены, ці быў такі дзядзька ў сапраўднасьці). Таму, злавіўшы паразумеўчы позірк, якім абмяняліся Кіпелі, я ня стаў высьвятляць, хто так расшчодрыўся на выдавецкую справу, бо адчуў, што гэта магла быць і хітраватая прыдумка спадара Кіпеля, каб мы зь Сяргеем не адчувалі сябе няёмка, прымаючы грошы ад яго.

Як думаю, гэты эпізод трыццацігадовай даўнасьці характарызуе Вітаўта Кіпеля як ня трэба лепш. Акрамя ўсяго іншага, ён быў чалавек надзвычай далікатны ў адносінах. Ну і такі эпізод, самі прызнайце, грэх забыць ці захаваць толькі для сябе...».

Вітаўт Кіпель з прэзыдэнтам Картэрам у Белым доме, люты 1980.
Вітаўт Кіпель з прэзыдэнтам Картэрам у Белым доме, люты 1980.

«Прыклад Вітаўта Кіпеля і яго паплечнікаў больш актуальны цяпер, у часы новай эміграцыйнай хвалі»

Сяргей Абламейка, пісьменьнік, доктар гісторыі: «Калі я думаю пра Вітаўта Кіпеля і пра яго сябра Янку Запрудніка, дык у галаву прыходзяць думкі пра важнасьць для народу і краіны пасыянарыяў, людзей зь вялікай унутранай энэргіяй, з унутраным маторам і з дамінантным пачуцьцём адказнасьці. Такія людзі не сыходзяць з аднойчы абранай дарогі і застаюцца вернымі раз і назаўсёды выбраным каштоўнасьцям.

Вітаўт Кіпель, Сяргей Абламейка, Нью-Ёрк, 2006. Здымак Вольгі Абламейкі
Вітаўт Кіпель, Сяргей Абламейка, Нью-Ёрк, 2006. Здымак Вольгі Абламейкі

Кіпель займаўся беларушчынай, рабіў яе і служыў ёй усё сваё доўгае жыцьцё. Гадоў дзесяць назад я з жонкай і Вітаўтам Кіпелем прыехалі ў гасьцінны дом Янкі Запрудніка і Надзеі Кудасавай у гарадку Саўт-Рывэр штату Нью-Джэрзі, каб пагаварыць, сярод іншага, пра таямнічую сьмерць у 1960-я гады ў Францыі беларускага пісьменьніка Ўсевалада Краўчанкі, бацькі маёй жонкі. Янка Запруднік у свой час шмат пісаў пра гэта ў эміграцыйнай газэце „Бацькаўшчына“. Было застольле і доўгая, амаль на цэлы дзень гутарка — ніякія іншыя тэмы, апрача беларускай гісторыі і культуры, патрыярхаў беларушчыны не займалі. Ім было цікава ўсё, што датычылася Беларусі і яе культуры.

Іх прыклад паказвае, наколькі недарэчна часам гучаць закіды зь Беларусі да эмігрантаў аб тым, што тыя „лезуць“ у беларускія справы і беларускую культуру, ня маючы ў прынцыпе на гэта маральнага права, бо зьехалі. Лёс Вітаўта Кіпеля і яго паплечнікаў паказвае, што яны нікуды ня „лезьлі“, яны стваралі. Пры поўным разуменьні, што Беларусь — у Беларусі. І тым больш актуальны іх прыклад цяпер, у часы новай эміграцыйнай хвалі».

«Ягоная прысутнасьць побач адчувалася заўсёды і была вельмі важнай»

Сяргей Навумчык, журналіст Радыё Свабода: «Блізка пазнаёміцца зь Вітаўтам Кіпелем мне давялося летам 1996 году, калі мы прыехалі разам зь Зянонам Пазьняком у Нью-Ёрк. Гэта быў няпросты час для Беларусі (хаця ці былі для яе простыя часы?), а для нас дык увогуле драматычны. Мы з Пазьняком атрымалі пэўную інфармацыю, якая паставіла нас ужо не перад выбарам паміж турмой і свабодай, але і паміж сьмерцю (забойствам) і жыцьцём. Што рабіць? — рашэньне трэба было прымаць, і прымаць хутка.

Мы тады сабраліся на Лонг-Айлэндзе, у доме Веры і Францішка Бартулёў, былі Ала Орса-Рамана, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель. Усе выказаліся за тое, што мы павінны прасіць палітычны прытулак. Тыя падзеі ўжо падрабязна апісаныя, у тым ліку і Кіпелем у ягонай кнізе „Жыць і дзеіць“, але хачу сказаць, што сама працэдура падачы на прытулак (у дыяспары яго называлі „азыль“) даволі складаная. Мы былі першымі пасьля распаду СССР, хто дапаваў на палітычны прытулак. Спадар Вітаўт быў сярод тых, хто ахвяраваў сваім часам і нам дапамагаў. І яшчэ была важная ягоная, я б ужыў гэтае вызначэньне, псыхалягічная падтрымка: ён аптыміст па натуры, у нейкі складаны момант мог „разрадзіць“ атмасфэру, заўсёды да месца пажартаваць, часам не цураўся і „салёнага“ слоўца.

Зянон Пазьняк, Вітаўт Кіпель, Антон Шукелойць. Лета 1996, Нью-Ёрк. Фота Сяргея Навумчыка
Зянон Пазьняк, Вітаўт Кіпель, Антон Шукелойць. Лета 1996, Нью-Ёрк. Фота Сяргея Навумчыка

Быў такі момант, калі стала вядома, што Маскве нібыта ўдалося пераканаць Вашынгтон не даваць прытулку лідэрам БНФ, бо гэта сапсуе адносіны паміж Расеяй і ЗША. Вось тады спадар Вітаўт неяк спахмурнеў. Я нават амаль перакананы, што ён ведаў нешта болей, чым сказаў нам з Пазьняком, — але не хацеў заганяць нас у роспач. Казаў, што ўсё ў выніку будзе добра. Гэтак яно і сталася.

Ягоная прысутнасьць побач адчувалася заўсёды і была вельмі важнай.

Ролю ж Вітаўта Кіпеля ў нацыянальным адраджэньні можна акрэсьліць адным словам: тытан».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG