Лінкі ўнівэрсальнага доступу

90 гадоў Вітаўту Кіпелю: «Бязьмежныя веды і нястомная праца для Беларусі»


Вітаўт Кіпель

Сёньня спаўняецца 90 гадоў Вітаўту Кіпелю — шматгадоваму дырэктару Беларускага Інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, дзеячу беларускай дыяспары ў ЗША.

Сябры і калегі віншуюць юбіляра.

Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР, Атава:

«Маю вялікую прыемнасьць павіншаваць ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі гэтага выдатнага і нястомнага дзеяча на беларускай ніве зь вялікім юбілеем. Так доўга, як памятаю, спадар Вітаўт імкнуўся палепшыць лёс нашага народа і дапоўніць веды заходняга сьвету пра Беларусь і беларушчыну. Ведаем мы ўсе яго як нястомнага старшыню Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Але быў ён таксама некалькі гадоў першым заступнікам старшыні Рады БНР, прыяжджаў разам са спадарыняй Зорай на зьезды славістаў Канады, выдаў вялікую колькасьць публікацый, і — тое, што цаню сёньня, як ніколі — быў ён заўсёды цудоўным сябрам, гатовым дапамагчы ў нашай супольнай працы на карысьць Беларусі. Дык жадаю гэтаму вялікаму патрыёту і сябру яшчэ шмат гадоў, добрага здароўя і сілаў, каб працягваць пачатую ім тры чвэрці стагодзьдзя таму працу для дабра і славы нашага народу!».

Доктар Янка Запруднік, Нью-Ёрк:

«Вітаўт Кіпель — мой даўні сябра цягам і супрацоўнік на працягу больш як 60 гадоў. У ім адметнае вельмі моцны гаспадарчы інстынкт у доглядзе беларускай інтэлектуальнай спадчыны і яе ўзбагачэньні праз выданьне кніжак, і спрыяе ён гэтаму ня толькі розумам, інтэлектам і ведамі, але і фінансава. Ён наш самы вялікі мэцэнат. Пра гэта мала гаворыцца, але гэта — так. Яшчэ хачу сказаць пра ягоную ролю ў распаўсюдзе кніжак — пакуль кніга ня дойдзе да чытача — ён не супакоіцца.

Доктар Ала Орса-Рамана, Нью-Ёрк:

«Пра Вітаўта Кіпеля можна казаць шмат, але я назву чатыры ягоныя якасьці, якія мяне прывабліваюць. Першае — ягоная любоў да Беларусі і ўсяго беларускага, да беларускай культуры. Побач з гэтым і ягоная бязьмежныя веды пра гісторыю Беларусі, мы называем яго „жывая энцыкляпэдыя“. Трэцяе — гэта надзвычайная энэргія. Ён бясконца працуе і ніколі не адмаўляецца нешта рабіць, калі справа ідзе пра Беларусь. Ну і чацьвёртае — ён вельмі цікавы і прыемны чалавек, зь ім прыемна сустракацца і гутарыць. Жадаю яму пражыць яшчэ 90 гадоў!».

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG