Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі сэнатар Грэм паабяцаў стаць перад судом у Гаазе, калі на гэта пойдзе і Пуцін


Сэнатар Ліндсі Грэм падчас свайго візыту ў Кіеў. Архіўнае фота
Сэнатар Ліндсі Грэм падчас свайго візыту ў Кіеў. Архіўнае фота

Расейскія ўлады абвясьцілі ў вышук амэрыканскага сэнатара Ліндсі Грэма пасьля яго заяў аб вайне ва Ўкраіне.

«Вось што я прапаную маім расейскім „сябрам“, якія хочуць арыштаваць і судзіць мяне за выкрыцьцё расейскага рэжыму як ваенных злачынцаў: я падпарадкуюся юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду, калі і вы ёй падпарадкуецеся», — сказаў Ліндсі Грэм, якога цытуе «Голас Амэрыкі».

«Прадстаўце свае найлепшыя аргумэнты. Убачымся ў Гаазе!» — дадаў ён.

Грэм выступіў з заявай пасьля таго, як МУС Расеі аб’явіла яго ў вышук у сувязі з выказваньнямі амэрыканскага сэнатара аб вайне ва Ўкраіне, зробленымі ім на сустрэчы з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Грэм адзначыў, што «расейцы паміраюць», і ахарактарызаваў вайсковую дапамогу ЗША Кіеву «як найлепшую трату нашых грошай».

Грэм заявіў, што будзе разглядаць ордэр на арышт як «ганаровы знак».

«Усьведамленьне таго, што мая прыхільнасьць Украіне выклікала гнеў пуцінскага рэжыму, прыносіць мне вялікую радасьць, — сказаў Грэм. — Я буду і далей выступаць за свабоду Ўкраіны, пакуль кожны расейскі салдат ня будзе выгнаны з украінскай тэрыторыі».

Грэм таксама заклікаў пашырыць сьпіс зброі, якая даецца Ўкраіне Злучанымі Штатамі, у тым ліку артылерыю зь вялікім радыюсам дзеяньня і касэтныя бомбы.

«Падчас гэтай паездкі мне стала ясна, што расейцы скрываўленыя і аслабленыя, — сказаў Грэм. — Мы павінны перадаць касэтныя боепрыпасы і дадатковую дальнабойную артылерыю, каб контранаступ быў пасьпяховым. Хоць чарадзейнай зброі няма, правільная зброя ў руках мэтанакіраваных украінцаў стварае цуды на полі бою».

«Перамога за Ўкраінай!» — заключыў сэнатар.

Сродкамі дастаўкі касэтных боепрыпасаў зьяўляюцца артылерыя, ракеты і авіяцыя. Яны раскрываюцца ў паветры і раскідваюць сотні суббоепрыпасаў над шырокай тэрыторыяй. Па словах ваенных экспэртаў, іх асноўная мэта — нанесьці масавыя страты асабістаму складу варожых войскаў.

Міжнародная Канвэнцыя аб касэтных боепрыпасах, падпісаная і ратыфікаваная 123 краінамі, забараняе выкарыстаньне, вытворчасьць, набыцьцё, перадачу і назапашваньне клястарных боепрыпасаў і патрабуе зьнішчэньня запасаў. Украіна і Расея гэтай канвэнцыі не падпісвалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG